Марафон лістоў у Беларусі 21 снежня. Далучайцеся!

Цуд перад Новым годам патрэбны кожнаму. Асабліва гэта датычыцца тых, хто ўжо шмат часу выступае за справядлівасць, роўнасць, праўду і правы чалавека.

logo_stampvsv2__1_.jpg


Валанцёрская Служба «Вясны» прапануе зрабіць добрую справу і далучыцца да кампаніі «Amnesty Іnternatіonal» у падтрымку герояў «Марафона лістоў», а таксама беларускіх і расейскіх палітвязняў.

Штогод у снежні сотні тысяч людзей з розных кропак свету пішуць лісты людзям, з якімі ніколі не сустракаліся. Гэтыя лісты — салідарнасць з ахвярамі яскравых парушэнняў правоў чалавека. Людзі пішуць прадстаўнікам улады і просяць прыпыніць ціск на пэўных актывістаў і актывістак. У межах дадзенай праваабарончай кампаніі ў 2016 годзе было напісана больш за 3,7 мільёнаў электронных і звычайных лістоў.

Пра каго сёлета будзе весціся гаворка?

Студэнты Байрам Мамедаў і Гіяс Ібрагімаў (Азербайджан) напісалі «Са святам рабоў!» на помніку былому прэзідэнту Азербайджана. Пасля гэтага хлопцаў затрымалі і абвінавацілі ў захоўванні пры сабе наркотыкаў. Іх катавалі і прымусілі падпісаць неабходныя для суда дакументы. Зараз студэнтам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення свабоды.

Напішам прэзідэнту Азербайджана і папросім вызваліць графітыстаў?

Актывістка з Ірана Зейнаб Джалаліян доўгі час займалася паляпшэннем становішча курдскай меншасці, пераважна — жанчын. У 2008 годзе яе затрымалі і абвінавацілі ў сувязі з курдскай апазіцыйнай групай. Жанчыну катавалі. Гэта прывяло да таго, што яна амаль згубіла зрок. Зейнаб патрэбная медыцынская дапамога, чаго ўлады не дазваляюць.

Націснем на судовую сістэму Ірана?

Былую адвакатку і рэдактарку газеты Эрэн Кескін (Турцыя) затрымалі за крытыку ўлады і асабіста прэзідэнта краіны. Больш за 100 разоў жанчыну судзілі за яе меркаванні.

 Падтрымаем журналістку і папросім Турцыю не садзіць Эрэн за краты?

У 2013 годзе, дзякуючы Эдварду Сноўдэну з ЗША, свет пабачыў дакументы, якія распавядаюць пра факты масавага сачэння за насельніцтвам. Гэты чалавек прадэманстраваў, як урад збірае пра людзей дадзеныя. Цяпер Сноўдэну пагражае вялікі тэрмін за тое, што ён выступіў у абарону грамадскіх інтарэсаў.

Папросім ЗША памілаваць знакамітага Эдварда?

З улікам беларускага кантэксту мы распавядзем і пра шэраг беларускіх і расейскіх палітвязняў — хто яны і чаму за кратамі?

 21 снежня а 18:30 запрашаем на вуліцу Кастрычніцкую 27 у офіс 302 (ЦРСІ).

Падпішам паштоўкі і напішам лісты разам?

 

spring96.org