Лупаносаў: «Ідэя пераўтварыць ГУБАЗіК у палітычную паліцыю належала Карпянкову і Бедункевічу»

Бедункевіча былы супрацоўнік ГУБАЗіКу Станіслаў Лупаносаў характарызуе як «"русский мир" галаўнога мозгу».

Пратэсты 2020 года

Пратэсты 2020 года

Прадстаўнік ByPol распавёў «Свабодзе» пра кіраўніцтва ГУБАЗіКу, «русский мир» і чаму ў міліцыі шмат садыстаў.

Станіслаў Лупаносаў працаваў у ГУБАЗіКу ад лета 2020 да канца восені таго ж году. Менавіта Лупаносаў змог вывесьці за мяжу вялікую частку міліцэйскіх базаў. Па прыезьдзе ў Варшаву Лупаносаў стаў супрацоўнічаць з ініцыятывай былых сілавікоў ByPol.

«Думаю, што ідэя пераўтварыць ГУБАЗіК у палітычную паліцыю належала Карпянкову і Бедункевічу», — кажа Лупаносаў.

Мікалай Карпянкоў у 2020 годзе ўзначальваў ГУБАЗіК, Міхаіл Бедункевіч быў ягоным намесьнікам, кіраўніком упраўленьня па супрацьдзеяньні экстрэмісцкай дзейнасьці.

Глядзіце таксама

«Карпянкоў — „русскомирный“ чалавек, ягоныя тэзісы цалкам „русскомирные“. Ён цалкам за Расею, за Пуціна. Што цікава, для яго нават Лукашэнка ідзе на другім месцы. Ён гэта агучваў на нарадзе, куды паклікаў мяне і вэрбаваў, каб я займаўся справай Ціханоўскага. У кабінэце быў ня толькі Карпянкоў, але і Бедункевіч. Праўда, гаварыў толькі Карпянкоў. Ён любіць паразмаўляць, праўда, яго ідэі часам сыходзяць у космас», — расказвае Лупаносаў.

Паводле былога супрацоўніка ГУБАЗіКу, Карпянкоў гаварыў пра тое, што ў сьвеце засталіся толькі тры сапраўдныя лідэры — Пуцін, Лукашэнка і Трамп.

«Трампа назваў, бо ён яшчэ быў прэзыдэнтам ЗША. Карпянкоў не цікавіўся ні сацыяльнымі сеткамі, нічым, не разумеў, што Трампа ўжо не пераабяруць. Гэта ж было бачна, што Трамп — зьбіты лётчык».

Былы падпалкоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, а цяпер удзельнік аб'яднаньня былых беларускіх сілавікоў BYPOL

Былы падпалкоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, а цяпер удзельнік аб'яднаньня былых беларускіх сілавікоў BYPOL

Што тычыцца Бедункевіча, то яго Лупаносаў характарызуе як «"русский мир" галаўнога мозгу».

«Там беларускасьці няма зусім, хоць ён нарадзіўся ў Магілёўскай вобласьці. Яго "русскомирскость" заключаецца ў ідэях, поглядах, працы. Нічога беларускага там. У перасьледзе беларусаў. Як яны ў трэцім упраўленьні катуюць людзей на першым паверсе — гэта ўсё ідзе са згоды Бедункевіча. Хіба ён ня чуе гэтага ўсяго, калі адбываецца ў суседніх кабінэтах? Натуральна, чуе. Яму дае гэта інфармацыю, падзяку, званьні, зорачкі і пашану».

Свабода пацікавілася ў Лупаносава, ці ёсьць сярод супрацоўнікаў ГУБАЗіКу садысты.

«Некаторыя ёсьць, на жаль, садысты. Мабыць, кепская ў нас праверка ў цэнтральнай лекарскай камісіі, калі дапускаюць такіх людзей у міліцыю».

Суразмоўца «Свабоды» кажа, што «абсалютна выключае» такі сцэнар, што Карпянкоў можа стаць наступным кіраўніком Беларусі.


Глядзіце таксама

«Яго іншыя генэралы ня любяць. Той жа Кавалёў (начальнік галоўнага ўпраўленьня МУС па супрацьдзеяньні кібэрзлачыннасьці [Упраўленьня „К“]. — РС) вельмі нэгатыўна выказваўся заўсёды пра Карпянкова: „Куды ты ідзеш? Да Карпянкова? Ды хто ён такі?“ Было такое. У Карпянкова амбіцыі ёсьць стаць міністрам мінімум».

Пры гэтым Лупаносаў падкрэсьлівае, што на сёньняшні дзень варыянту стаць пераемнікам Лукашэнкі няма ў ніводнага зь сілавікоў.

«Расклад сілаў такі, што такое немагчыма. Што тычыцца Качанавай, то расклад сілаў на яе карысьць хіба толькі юрыдычна, калі ўсё будзе ісьці паводле нейкіх юрыдычных нормаў», — перакананы Станіслаў Лупаносаў.

Зьміцер Панкавец