Станіслаў Лупаносаў: Каля 40% ГУБАЗіКу было на баку народа

У першы час пасля выбараў каля 40% ГУБАЗіКу адназначна было на баку народа. Але калі палітычная сітуацыя змянілася, амаль ніхто не звольніўся і застаўся працягваць працаваць.

Сілавікі падчас пратэстаў 2020-га. Ілюстрацыйнае фота

Сілавікі падчас пратэстаў 2020-га. Ілюстрацыйнае фота

Былы супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Станіслаў Лупаносаў у 2020 годзе не стаў удзельнічаць у шматлікіх актах палітычных рэпрэсій, гвалце і катаванні палітычных супернікаў рэжыму дыктатара Лукашэнкі. Ён перайшоў на бок пратэстоўцаў.

Цяпер Станіслаў Лупаносаў — супрацоўнік B*POL у Варшаве.

Р*дыё Р*цыя пацікавілася ў Станіслава Лупаносава пра тое, што робіцца ў яго асабістым жыцці, пра прычыны прыняцця такога важнага рашэння, як сыход з ГУБАЗіКу, і погляды на палітычную сітуацыю ў Беларусі.

— Кім вы працавалі ў ГУБАЗіКу?

— Я працаваў у ГУБАЗіКу на пасадзе старшага оперупаўнаважанага першага ўпраўлення. Гэта ўпраўленне займаецца карупцыйнымі злачынствамі ў сферы медыцыны. Да гэтага я працаваў чатыры гады ў ГУУС Мінска па раскрыцці злачынстваў у кіберпрасторы, з хакерамі змагаліся, з махлярствам у сетцы інтэрнэт. Да гэтага дзесяць гадоў ва ўпраўленні крымінальнага вышуку, займаўся раскрыццём крадзяжоў машын.

— Вы юрыст па адукацыі?

— Я закончыў у 2006 годзе Акадэмію міліцыі і ў 2018 годзе завочна наргас. У лістападзе 2020 года выехаў з тэрыторыі Беларусі і перайшоў на бок народа.

— Гэта гераізм, я лічу. Кінулі „цёплае месца”.

— Я нават пра гэта не думаў, боль на душы ў жніўні 2020 пераважыў.

— Вы ўдзельнічалі ў гэтых аперацыях?

— Не, я ні ў чым не ўдзельнічаў. Я ўсіх супрацоўнікаў агітаваў не ўдзельнічаць у гэтых аперацыях.

У першы час пасля выбараў каля 40% ГУБАЗіКу адназначна было на баку народа. Яны гэта не паказвалі, проста нічога не рабілі. Яны нічога не выконвалі.

Другая частка бегала разам з Карпянковым, разам з Бедункевічам, з байцамі сілаў спецыяльных аперацый міністэрства абароны. Тыя кадры, якія мы бачылі, гэта рабілі яны.


— Тыя 40% — яны ж не выехалі і працуюць?

— Так, яны працуюць, ніхто не выехаў, акрамя мяне. Некаторыя звольніліся, бо немагчыма было працаваць, бо гэта не іх метады. Яны і ў кастрычніку 2020 года звальняліся, не працягвалі кантракты, хоць і хацелі працягваць.

Праца была рэальна „цёплая” і самая лепшая для аператыўнага супрацоўніка ў міліцыі. Ніхто з цябе не пытае, ты там сам сабе гаспадар.

— Чаму так паслухмяна вялікая колькасць стала на бок беззаконня?

— Практычна з кожным размаўлялі, увесь час праводзілі палітінфармацыю. У тым ліку з запрашэннем Караева, Казакевіча, яны ўвесь час „уціралі” палітыку рэжыму: „Гэта ўсё нармальна. За намі Расія”. Прычым яны казалі даслоўна — Расія. Не Лукашэнка — за імі Расія. У прыватнасці, пра гэта казалі Карпянкоў і Бедункевіч.