Аляксандр Фядута: Гэтая ўлада праваліцца ў «кратовую нару», выкапаную ў яе пад самым носам
Станіславу Лупаносаву, старэйшаму ўпаўнаважанаму ГУБАЗіК, удалося выехаць з Беларусі, захаваўшы пры гэтым сваю рэпутацыю ў вачах тых, каго прынята называць «прагрэсіўна настроенай часткаю грамадства». Былыя ж іншыя лічаць яго «кратом», які раскапаў дзялянку і нырнуў у нару. Пра наступствы ўчынка Лупаносава на «Белсаце» разважае паліткансультант Аляксандр Фядута.
Справа падпалкоўніка Лупаносава будзе некаторы час вельмі актуальнай і важкай для беларускага грамадства. Хоць чаканне масавых рэпрэсій у Дзень Волі пацягнула за сабою некаторую недаацэнку здарэння.
Гісторыя пра высокапастаўленага паліцыянта, які працуе з рэвалюцыянерамі, мае свае прэцэдэнты. Быў, напрыклад, у ХІХ стагоддзі такі чыноўнік — Мікалай Клетачнікаў. Служыў ён у гэтак званым III Аддзяленні ўласнай Яго Імператарскай Вялікасці канцылярыі, потым і зусім — беспасярэдне ў дэпартаменце паліцыі. Праз яго ішлі ўсе сакрэтныя справы аб палітычным вышуку ў Расіі. Судзілі яго, прысудзілі да катаргі. Той абвесціў галадоўку. У выніку яго паспрабавалі накарміць сілаю капустай і кашай, праз што Клетачнікаў і памёр.
Станіславу Лупаносаву, старэйшаму ўпаўнаважанаму ГУБАЗіК, удалося пазбегнуць і арышту, і галадоўкі, і забойнага гвалтоўнага кармлення. Ён паспеў выехаць з Беларусі, захаваўшы пры гэтым сваю рэпутацыю ў вачах тых, каго прынята называць «прагрэсіўна настроенай часткай грамадства». Былыя ж іншыя лічаць яго «кратом», які раскапаў дзялянку і нырнуў у нару.
«Крот», кажа «Вікіпедыя», — «агент, глыбока інкарпараваны ў структуру супрацьлеглых сіл, які, як правіла, пастаўляе асабліва важную, засакрэчаную інфармацыю». Вось «крот» Станіслаў Лупаносаў пастаўляў групе «ByPol» інфармацыю пра работнікаў МУС, якія прымалі беспасярэдні ўдзел у рэпрэсіях супраць уласнага народа.
Хтосьці лічыць гэта няправільным. Але тады адкажыце на пытанне: а ўсе тыя запісы, якія агучыў падпалкоўнік Лупаносаў, дзе людзі з галасамі, падобнымі да галасоў генерала Караева і тады яшчэ палкоўніка Карпянкова, фактычна заклікаюць да грамадзянскай вайны — да страляніны табельнай і іншай зброяй па бяззбройных суграмадзянах, — вы як да іх ставіцеся?
Вы лічыце, не трэба было нам ведаць пра тое, што для нас збіраюцца разбіваць канцэнтрацыйныя лагеры? Вы лічыце, што фактычны заклік забіваць (ці ўсё ж такі «прыбіраць» — не надта выразна чуваць) павінен заставацца ў таямніцы ад грамадства? Проста вось адкажыце самі сабе на гэтыя пытанні — і пытанне пра тое, маральны ўчынак здзейсніў спадар Станіслаў ці не занадта маральны, адпадзе сам сабой.
У мяне, напрыклад, адпала. І я шчыра ўдзячны падпалкоўніку Лупаносаву. Хоць бы таму, што ў дачыненні да двух чалавек, якія сталі апорай рэпрэсіўнага рэжыму, я ўжо ніколі не буду мець ілюзій.
Эміграцыя Лупаносава нічога ў агульным кантэксце не мяняе. Сёння «кратом» быў абвешчаны Лупаносаў. Заўтра — яшчэ хто-небудзь. Успомнім: хадзілі чуткі, што ў апараце МУС сотні чалавек падпісваліся за альтэрнатыўных кандыдатаў. Прычым гэта ж не тыя людзі, якім дай дручок у рукі — і пайшлі яны малаціць налева і направа тым дручком. Гэта афіцэры, людзі з рэальнай вышэйшай адукацыяй, вельмі добра дасведчаныя, што адбываецца ў краіне. І калі Мікалай Клетачнікаў у ХІХ стагоддзі працаваў на тэрарыстаў, то Станіслаў Лупаносаў працаваў якраз супраць тэрору — супраць будаўніцтва тэрарыстычнай дзяржавы.
І ў тым, што ў падпалкоўніка відавочна знойдуцца паслядоўнікі, у мяне сумневаў няма. Яны добра разумеюць: супрацьстаянне дзяржаўнаму тэрору сёння наўпрост адкрывае дарогу да сацыяльнага ліфта. Трэба толькі крыху пачакаць. Рэжым усё роўна рана ці позна ўпадзе, і ты станеш нацыянальным героем. Урэшце, інфармацыю ты пастаўляеш не чужой дзяржаве, а народу Беларусі, які, згодна з Канстытуцыяй (збольшага бяздзейнай, але нікім так і не адмененай) ёсць адзінай крыніцай улады ў краіне і сапраўдным яе суверэнам.
Ужо відавочна: такія «краты» ёсць ва ўсіх сілавых ведамствах. Людзі думаюць пра будучыню — і краіны, і ўласную — у гэтай жа нашай краіне, у Рэспубліцы Беларусь. Дай бог, каб норы ў іх былі глыбейшыя, каб іх было немагчыма адтуль ні выкурыць, не «выліць» вадой. Урэшце, з’яўленне ў інтэрнэт-эфіры дыялогаў ад аматаркі масандраўскіх він сведчыць: такія «краты» ёсць нават у святая святых рэжыму — у тых спецслужбах, якія кантралююцца асабіста Аляксандрам Лукашэнкам. «Краты» атачаюць яго палацы, яго рэзідэнцыі. Яны «зліваюць» апанентам здымкі, відэа і аўдыязапісы. Яны паўсюль.
Падобна, гэтая ўлада праваліцца ў «кратовую нару», выкапаную ў яе пад самым носам, на прысядзібным участку, дзе звычайна дзяўчаты-прыгажуні косяць кавуны або кормяць морквай заезджых знакамітасцей.
Праваліцца. І ўсе ўздыхнуць з непрыхаванай палёгкай.