У сілавікоў і дзяржпрапагандыстаў могуць з'явіцца целаахоўнікі, а калі трэба будзе — ім зменяць знешнасць
Такую меру плануюць уключыць у закон аб дзяржабароне.
У сілавікоў і дзяржаўных журналістаў, якія «дзейнічаюць у інтарэсах краіны», могуць з'явіцца целаахоўнікі. Такую меру плануюць уключыць у закон аб дзяржабароне, заявіў у эфіры «Беларусь 1» намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі краіны Аляксандр Рахманаў.
Па словах Рахманава, мяркуецца, што па рашэнні МУС на гэтых людзей будзе распаўсюджвацца дадатковая абарона, «якая дазволіць зберагчы і іх здароўе, і іх жыццё, і іх маёмасць ад любых злачынных замахаў».
Прадстаўнік Савета бяспекі адзначыў, што ў законе прадугледжаны розныя меры, «пачынаючы ад фізічнай абароны і аж да легендзіравання іх звестках», а таксама змяненне знешнасці.
Закон аб дзяржабароне быў прыняты ў Беларусі ў 1999 годзе. Цяпер пад яго дзеянне трапляюць суддзі, службовыя асобы праваахоўных і наглядных органаў, супрацоўнікі органаў дзяржаўнай аховы і іх блізкія.
nn.by