Лукашэнка адклаў на чатыры гады рэалізацыю Парыжскага пратаколу
Цяпер захады ў рэалізацыі Парыжскага пагаднення аб клімаце трэба прыняць толькі к 2022 году, паведамляе Радыё Свабода.
Аляксандр Лукашэнка 22 снежня падпісаў указ аб змене дзвюх лічбаў у ранейшым указе: два гады таму ён даручаў Савету міністраў прыняць меры ў рэалізацыі палажэнняў Парыжскага пагаднення да 1 снежня 2018 году, цяпер – да 2022-га.
Прычыны такіх зменаў ва ўказе не тлумачацца. Указ быў падпісаны ўжо пасля «дэдлайну» ранейшага ўказу – і праз чатыры месяцы пасля значных перастановак у Савеце міністраў, якога тычылася даручэнне.
Парыжскае пагадненне, заключанае ў 2015 годзе амаль 200 краінамі, нацэлена на скарачэнне выкідаў, з якімі звязваюць глабальнае пацяпленне. Пратакол падпісала ў тым ліку Беларусь.
На саміце ААН пра змену клімату два тыдні таму беларускі міністр прыроды Андрэй Худык хваліў Лукашэнку: маўляў, краіна першай у рэгіёне і 30-й у свеце прыняла Парыскае пагадненне, «мы паслядоўна адданыя ўстойліваму развіццю, немагчымаму без вырашэння праблемаў змены клімату». Пры гэтым Беларусь за 2018 год апусцілася ў рэйтынгу экалагічнасці на 6 пазіцыяў.
ЗША ў 2017 годзе выйшлі з пагаднення, але паабяцалі к 2025 году скараціць выкіды на 26-28% у параўнанні з узроўнем 2005 году. Паводле навукоўцаў, адмова ЗША выконваць умовы пагаднення можа паскорыць наступствы глабальнай змены клімату.