Дзеля экалагічнай адукацыі гараджан
Учора, 22 снежня, у Кобрыне падвялі прамежкавыя вынікі праекту «Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі», які фiнансуецца Еўрасаюзам у рамках EU4Energy дзеля распаўсюду ведаў пра энергазберажэнне і змены клімату.
Пагадненне мэраў яднае 47 беларускіх і 7 тысяч гарадоў Еўропы, якія на сваіх тэрыторыях скарачаюць выкіды парніковых газаў, спрыяюць энергаэфектыўнасці, спажыванню аднаўляльных крыніц энергіі і адаптацыі да зменаў клімату.
Сярод спраў, здзейсненых высілкамі грамадскасці і раённых уладаў у рамках праекту, каардынатарка яго мясцовай ініцыятывы, намесніца старшыні Кобрынскага клубу дзелавых жанчын «Бона» Алена Мезенцава назвала інфармацыйныя сустрэчы для азнаямлення гараджан з методыкай штодзённага скарачэння энергаспажывання і выкідаў парніковых газаў, конкурсы (на лепшыя хатку-кармушку для вавёрак, артыкул«Экадружалюбны гараджанін» і выраб «Другое жыццё рэчаў»), а таксама валанцёрскія акцыі па пасадцы саджанцаў і прыборцы тэрыторыі ўздоўж ракі Мухавец.
Такія прыгожыя хаткі-кармушкі для вавёрак зрабілі мясцовыя валанцёры для гарадскога парку імя Аляксандра Суворава
Апроч таго, лагатып мясцовай ініцыятывы змясцілі на бігбордзе і светладыёдным экране. А на гарадскіх мерапраемствах і святах выхаванцы тэатральнай студыі «РЫТМ» Кобрынскага палаца культуры распаўсюджвалі буклеты з лагатыпам ініцыятывы і прыродаахоўнымі парадамі, а таксама адмысловыя флікеры, асадкі, блакноты, кубкі і эка-кайстры, пашытыя валанцёрамі — навучэнцамі Кобрынскага ліцэя бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Такімі дыпломамі былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу артыкулаў “Экадружалюбны гараджанін”
Затым кіраўнікі клубу «Бона» Ала Сапяжынская і Алена Мезенцава разам са спецыялістам МГА «Экапартнёрства» Вольгай Кузьміной (Мінск) уручылі дыпломы і падарункі пераможцам і лаўрэатам конкурсаў.
Узнагароджанне Марыі Голікавай
Сярод тых, хто адзначаны ў конкурсе артыкулаў «Экадружалюбны гараджанін», навучэнка Кобрынскай гімназіі Ганна Прылуцкая, студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аляксандра Пушкіна Марыя Голікава, слухачы «Універсітэту залатога ўзросту» (УЗУ) клубу «Бона» Ірына Сіманава і Алесь Сапяжынскі.
Высадка саджанцаў у Кобрынскай дзіцячай вёсцы
У сваім артыкуле «Зялёны горад – прыдатны клімат» Марыя Голікава паведаміла пра правядзенне навуковаага даследавання па вывучэнні ўзроўню азелянення Кобрына, пра складанне інтэрактыўнай прыродаахоўнай карты горада, парадаў па паляпшэнні яго зялёнага наваколля дзеля фармавання прыдатнага для месцічаў мікраклімату.
Дарэчы, дыпломам быў адзначаны артыкул слухачкі УЗУ, былога лесавода Вольгі Астапук, пад кіраўніцтвам якой клуб «Бона» высадзіў цэлы лес з 20 тысяч саджанцаў розных парод дрэваў і кустоўя.
Узнагароджанне былога лесавода Вольгі Астапук
У рамках праекту «Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі» ў Кобрыне была адкрыта 7,5 кіламетровая веласцежка. Як зазначыў 70-гадовы Алесь Сапяжынскі, у 1983 годзе ён упершыню зрабіў роварны прабег даўжынёю 85 км з Кобрына да Высокага. Аднак пасля гэтага бесперапыннага прабега ногі ў мужчыны адмовілі. Цяпер спадар Алесь можа ехаць роварам доўга, бо праз кожныя 50 хвілін робіць 10-хвілінны перапынак, а таксама час ад часу патроху п’е ваду. Вось чаму ў свае 70 год ён змог за 6 гадзін пераадолець роварам 107 км.
Прамаўляе Алесь Сапяжынскі
З 1983 года Алесь Сапяжынскі прыняў удзел у 20 шматдзённых прабегах, прычым маршрут самага вялікага (1 800 км) працягнуўся ад Гомеля да Эйндховена (Нідэрланды). У 1999 годзе разам з замежнымі сябрамі зрабіў 15-дзённы горны 640-кіламетровы прабег з Лугана (Італія) да Вайнгартэна (Нямеччына) праз перавал Сен-Гатард у Альпах і Швейцарыю. Гэты прабег быў прысвечаны 200-годдзю пераходу цераз Альпы рускайарміі пад камандаваннем Аляксандра Суворава.
Паводле Алеся Сапяжынскага, язда на ровары дазваляе не толькі атрымаць фізічную і эстэтычную асалоду ад нагрузкі, свежага паветра і цудоўных краявідаў, але і цягам прабегу разумова адпачыць і знайсці рашэнне назапашаным пытанням.
Дыплом атрымлівае мастацкі кіраўнік Тэатральнай студыі “РЫТМ” Таццяна Дрык
На сустрэчы былі ўзнагароджаны ўдзельнікі конкурсу «Другое жыццё рэчаў» і партнёры праекту, у тым ліку Тэатральная студыя «РЫТМ» (мастацкі кіраўнік Таццяна Дрык).
Агульны здымак на памяць