Людзі падтрымліваюць Любоў Кавалёву паштоўкамі і лістамі
У сярэдзіне сакавіка спаўняецца год, як былі расстраляныя Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў, якім была прысуджана вышэйшая мера пакарання паводле абвінавачвання ў тэрарызме. Любоў Кавалёва гэтымі днямі атрымала шмат лістоў і паштовак ад тых людзей, хто, як і яна, не вераць у вінаватасць яе сына і лічаць, што судовы працэс над віцебскімі хлопцамі быў несправядлівы, а пакаранне — неапраўдана жорсткім.
Паштоўкі і лісты прыходзяць з розных краін, сярод іх – і допісы ад міжнароднай праваабарончай аганізацыі Amnesty International, і спачуванні ад звычайных людзей, жыхароў Беларусі і замежжа.
Тыя, хто звяртаецца да сям'і Кавалёвых у гэтыя дні, жадаюць моцы духу маці і сястры расстралянага Уладзіслава Кавалёва, выказваюць спадзяванне, што ў будучыні справа аб выбуху ў мінскім метро будзе разгледжана аб'ектыўна, што пакаранне панясуць сапраўды вінаватыя, а невіноўных апраўдаюць.
Любоў Кавалёва згадвае, што апошні раз бачыла сына жывым 11 сакавіка мінулага года. Тады іх з дачкой тэрмінова выклікалі на спатканне з Уладзіславам у СІЗА КДБ. Перанесці спатканне на дзень пазней адміністрацый установы не пагадзілася, а падчас сустрэчы супрацоўнікі турмы былі падкрэслена ветлівыя з наведнікамі… Гэта, а таксама шэраг іншых фактаў даюць маці падставы меркаваць, што Уладзіслава Кавалёва расстралялі не 15 сакавіка, як было напісана ў афіцыйным паведамленні, а раней. Не выключана, што і ў той самы дзень, калі было апошняе спатканне…
Маці пакаранага смерцю неаднаразова звярталася да беларускіх уладаў, каб ёй аддалі цела сына, якога яна лічыць неправамоцна абвінавачаным і беспадстаўна пакараным, або каб ёй хаця б паказалі месца, дзе ён пахаваны. Але ў адказ прыходзілі толькі адмовы са спасылкамі на палажэнне беларускага заканадаўства, згодна з якім цела расстралянага сваякам не выдаецца, і месца яго апошняга спачыну назаўжды застаецца таямніцай.
Любоў Кавалёва ўпэўненая, што такое патрабаванне заканадаўства — гэта здзек і катаванні ў адносінах да сем'яў пакараных смерцю:
— Раней здзекваліся з Улада, збівалі яго, змушаючы даць патрэбныя следчым паказанні. Цяпер катуюць мяне. Я лічу, што абавязкова трэба дамагчыся, каб мне аддалі цела сына. І каб адмянілі смяротная пакаранне, бо яно незваротнае: нават у тым выпадку, калі з'яўляюцца доказы невінаватасці чалавека, яго ўжо не вернеш… І яшчэ так і засталася нявыкананай апошняя воля Уладзіслава: ён прасіў захаваць ягоныя запісы, што вёў падчас суду і ў СІЗА КДБ. Але жоўтую тэчку, дзе былі гэтыя паперы, пасля выканання прысуду нам даслалі пустой. І я не ведаю, хто і з якімі мэтамі хавае гэтыя запісы. Яны згінулі недзе ў нетрах турмы КДБ, які і тыя даверанасці, якія мусіла падпісаць адміністрацыя — з імі я магла б зрабіць болей ад імя сына. Але мне гэтага не дазволілі".
За змаганне супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, за памкненне адстаяць чэснае імя сына Любоў Кавалёва летась была прызнана "Праваабаронцам году": 10 снежня
2012 г. беларускія праваабарончыя арганізацыі ўганаравалі яе гэтым званнем. Паводле вынікаў галасавання на сайце "Народныя Навіны Віцебску" Любоў Кавалёва стала "Чалавекам
году Віцебска -2012".