Любімая “Маладзёжка”

Сёння — важная дата для вольнай беларускай журналістыкі. 2 лютага 1963 года ў эфір выйшла радыёстанцыя “Беларуская маладзёжная”, якая стала сімвалам свабоды думкі ў новай, незалежнай Беларусі на пачатку 1990-х гадоў.



belaruskaya_maladzyozhnaya_aksana_vechar_zmitser_lukashuk_genadz_kesner_zhanna_litvina_vital_syamashka_iryina_kurapatkina_syadzyats_zmitser_novikau_i_uladzimir_sakulski_.jpg

«Беларуская маладзёжная». Аксана Вечар, Зміцер Лукашук, Генадзь Кеснер, Жанна Літвіна, Віталь Сямашка, Ірына Курапаткіна. Сядзяць Зміцер Новікаў і Уладзімір Сакульскі. Фота з сайта 90s.by

“Беларуская маладзёжная”, ці проста “Маладзёжка”, як яе звалі ўдзячныя слухачы і нават калегі з іншых рэдакцыяў, ды і мы, яе супрацоўнікі, існавала ў межах дзяржаўнага беларускага радыё з 1963 года. З 1986 года кіраваць “Маладзёжкай” была прызначана маладая журналістка Жанна Літвіна.

“Мой прыход як кіраўніка супаў з пераўтварэннямі, што пачаліся тады ў краіне, найперш з перабудовай”, — узгадвала Жанна Літвіна ў інтэрв’ю сайту “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, якую сама разам з паплечнікамі і стварыла праз год (1995) пасля фактычна гвалтоўнай ліквідацыі “БМ” у першай палове 1994 года.

Рэдакцыя адной з першых падхапіла “сцяг” нацыянальнага адраджэння і ўздымала ў эфіры самыя вострыя тэмы, што абмяркоўваліся палітыкамі новай дэмакратычнай фармацыі: пошукі праўды пра Чарнобыль, стварэнне Свабоднага прафсаюзу, незалежнасць краіны ды іншыя.

У 1991 годзе падчас студзеньскага штурму Віленскай тэлестудыі і ўводу савецкіх войскаў у Вільню ў вечаровым эфіры адбылося прамое ўключэнне Сяргея Дубаўца з рэпартажам з Літвы. “Па тых часах мы выходзілі ў 19.00 — гэта была цэлая рэвалюцыя на беларускім радыё, калі нашу “вострую” рэдакцыю паставілі ў вяшчальную сетку на тое месца, дзе дзесяцігоддзямі ішлі навіны з Масквы, — нагадала Літвіна. — У той вечар, 13 студзеня, выйшаў па тэлефоне на сувязь Сяргей Дубавец з Вільні, і ў эфіры загучалі словы пра акупацыю Літвы савецкімі войскамі…”

Як ні дзіўна, санкцыяў з боку кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё ў дачыненні да рэдакцыі пасля гэтага не было, хаця на змену лаяльнаму Генадзю Бураўкіну на пасаду старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі ў той час ужо прыйшоў Аляксандр Сталяроў. Аднак праз нейкі час  вечаровыя эфіры “Беларускай маладзёжнай” усё ж перасунулі з “прайм-тайму” на позні вечар.

У пачатку 1990-х у складзе рэдакцыі працавалі Уладзімір Дзюба, Валянціна Стэльмах, Анатоль Груша, Алена Сцяпанава, Іна Студзінская, Таццяна Мельнічук, Алена Радкевіч, Віталь Сямашка, Ігар Ганчарук, Уладзімір Давыдоўскі, Лявон Вольскі, Зміцер Лукашук, Алесь Дайнэка. У 1992–1993 гадах прыйшла генерацыя зусім маладых супрацоўнікаў: Алесь Хмяльніцкі, Іван Кобзік, Ганна Харужая, Ірына Курапаткіна, Вольга Бабак, а таксама аўтар гэтых радкоў.

Мы былі і жылі фактычна адной сям'ёй, адзначалі дні народзінаў, усе іншыя святы. Працаваць у гэтым калектыве было за вялікі гонар. Многія з тых, хто быў у “Маладзёжцы”, пасля разгону радыёстанцыі адмовіліся працаваць на дзяржаўным радыё, такім чынам прадэманстраваўшы салідарнасць і падтрымку сваёй галоўнай рэдактарцы Жанне Літвіной.

Потым, у 1995 годзе, многія з нас з’ядналіся ў Радыё 101,2 FM, якое “з ласкі” вышэйшага кіраўніцтва Беларусі праіснавала крыху больш за год і, як і наша "Маладзёжка", была зліквідаваная. А потым было першае “Радыё Рацыя” (1999–2002), дзе мы зноўку былі поруч.

Пасля лёс не па нашай волі раскідаў нас па розных мясцінах і калектывах. Але многія з нас да скону будуць удзячныя лёсу, што звёў з “Беларускай маладзёжнай”. Гэта сапраўдная школа жыцця, школа прафесіі, школа сумлення і братэрства, майстэрства і салідарнасці. З Народзінамі цябе, любімая “Маладзёжка!”.

Сярэдні ўзрост журналістаў рэдакцыі складаў каля 30 гадоў. “БМ” актыўна асвятляла падзеі ў моладзевай культуры, рок-музыцы. Як ні складана гэта сёння ўявіць, пераважная большасць супрацоўнікаў размаўляла ў эфіры тагачаснага дзяржаўнага радыё на “тарашкевіцы”…

Увесну 1994 года, напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў, кіраўніцтва Дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні распарадзілася расфармаваць рэдакцыйны калектыў Галоўнай рэдакцыі вяшчання для моладзі (“Беларускай маладзёжнай”) у звязку з чарговай зменай арганізацыйнага статусу Дзяржаўнага камітэту па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

Нягледзячы на тое, што фармальна ва ўсіх супрацоўнікаў “БМ” (за выключэннем А. Радкевіч і В. Сямашкі) была магчымасць працягнуць працу ў структуры дзяржаўнага радыё ў іншых рэдакцыях, большая частка калектыву напісала заявы аб звальненні па ўласным жаданні. Пасля перамоваў з Жаннай Літвіной некалькі чалавек з рэдакцыі засталіся працаваць на дзяржрадыё — на новаўтвораным інфармацыйна-музычным канале “Радыё-2”, які вяшчаў на Другім канале дзяржаўнага радыё.

Аднак у хуткім часе і гэтая рэдакцыя, якую ўзначаліў былы супрацоўнік “БМ” Уладзімір Дзюба, таксама трапіла ў катэгорыю “штрафнікоў”. Вяшчанне каналу прыпынялі напярэдадні рэферэндуму 1995-га, на кіраўніцтва пісалі дакладныя і адхілялі ад эфіру. На працягу двух гадоў усе журналісты, што працавалі раней у “БМ”, звольніліся з “Радыё-2”, а яшчэ праз год рэдакцыю трансфармавалі ў канал “Культура”.

Успаміны Таццяны Мельнічук пра працу ў "БМ" можна прачытаць тут: