Курсы беларускай мовы цяпер і ў Токіё
Нефармальныя заняткі беларускай мовы «Мова ці кава» сабралі сотні слухачоў у Маскве і Мінску. Хто б мог падумаць, што наступным горадам, у які завітае нашая мова, будзе японская сталіца!
Арганізатарка заняткаў «Беларускай гутарні»Таццяна Цагельнік атрымлівае ступень магістра ў
Нідэрландах на япаністыцы, у Токіё прыехала на навучальны год.
Як распавяла «Белсату» дзяўчына, ідэя зладзіць заняткі з’явілася колькі гадоў таму, пасля першай паездкі ў Японію. Але па-сапраўднаму натхніў яе поспех «Мовы ці
кавы»: «Я хацела, каб нашыя заняткі былі таксама месцам сустрэчы для беларусаў у Японіі. Паводле афіцыйных звестак, нас тут толькі некалькі соцень чалавек, і ніхто асабліва
кантактаў не падтрымлівае. Удзельнікі ж курсаў — збольшага японцы, якія ўжо ведаюць расійскую мову або польскую. Гэтак, адна
дзяўчына вучыцца на паланістыцы. Вядома, што для ведання польскай гісторыі варта пазнаёміцца і з беларускаю», — распавядае
Таццяна.
Пра нашую краіну ў Японіі практычна нічога не ведаюць. Паводле Таццяны Цагельнік, у мясцовых кнігарнях можна знайсці толькі дзве кнігі, прысвечаныя Беларусі — хутчэй паліталагічная праца былога працаўніка японскай амбасады ў Мінску і гісторыя Беларусі, таксама японскага аўтара.
Калі ж год, які Таццяна правучыцца ў Токіё, скончыцца, дзяўчына спадзяецца, што ейную ініцыятыву працягне Сіёры Кіясава – дзяўчына, што праславілася на мінскіх курсах
«Мовы ці кавы» тым, што вывучыла беларускую мову за 11 месяцаў. Цяпер яна вярнулася на радзіму і зазірнула на першы занятак «Беларускай гутарні».
Заняткі ладзяцца раз на тыдзень, і наступныя – ужо ў нядзелю. Калі чытач раптам узгадае, што акурат знаходзіцца ў Токіа, то дакладна варта завітаць на «Гутарню». Інфармацыя ў суполцы ў «Фэйсбуку».