Краіна, якая знікае

У 2009-м у Беларусі знікла мястэчка — на 25 тысяч чалавек, з мужчынамі і старымі, з жанчынамі і дзецьмі. Летась знікла такое ж паселішча. А з 2001 па 2005 гады ў краіне штогод выміралі адразу па два гарадкі — з немаўлятамі пераважна.



6e82873a32b95af115de1c414a1849cb.jpg

У 2009-м у Беларусі знікла мястэчка — на 25 тысяч чалавек, з мужчынамі і старымі, з жанчынамі і дзецьмі. Летась знікла такое ж паселішча. А з 2001 па 2005 гады ў краіне штогод выміралі адразу па два гарадкі — з немаўлятамі пераважна.
Ніхто краіну не акупаваў. Ніхто яе не паліў. Не было ніякіх войнаў, эпідэмій, бежанства. Калі верыць афіцыйным друкаваным крыніцам, панавала стабільнасць і моцнае працвітанне. Але, па прагнозах ААН, да 2050 года насельніцтва Беларусі можа скараціцца на 40 працэнтаў. Да 6,3 мільёна чалавек — а гэта меней, чым за царскім часам. У лепшым выпадку — насельніцтва скаціцца да ўзроўню 1960-х гадоў.
З 1993 года Беларусь вымірае. Тое супала з абраннем першага прэзідэнта. Але ў гэтым рэжым амаль не вінаваты. Усё пачалося значна раней.
Канец свету–2026
У 1960 годзе паважаны часопіс «Science» абвясціў пра канец свету. Была нават названая дата: пятніца, 13 лістапада 2026 года ад Нараджэння Хрыстова. У ролі прарока выступіў аўстрыйскі матэматык Хайнц фон Фёрстэр, які вывучаў рост насельніцтва. Паводле Фёрстэра, хуткасць росту паскараецца: да 2026 года на Зямлі чакаецца бясконцая колькасць людзей. І хаця выбух росту насельніцтва, які назіраўся ў 1960-я гады, крыху сцішыўся, скандальны матэматык адзначыў парадокс, які спецыялісты называюць «дэмаграфічным пераходам».
На першым этапе «дэмаграфічнага пераходу» і нараджальнасць, і смяротнасць высокія, насельніцтва амаль не прырастае; ягоная колькасць вагаецца ад эпідэмій, войнаў і голаду. Гэты этап — большая частка гісторыі чалавецтва, ажно да ХVІІІ стагоддзя.
На другой стадыі, дзякуючы навуцы і медыцыне, смярот­насць зніжаецца, а нараджальнасць па звычцы застаецца высокай. Выбухае «дэмаграфічная бомба» (Еўропа ХІХ стагоддзя, сучасная Афрыка).
Нарэшце, на апошняй стадыі пераходу — і нараджальнасць, і смяротнасць аднолькава нізкія. Колькасць насельніцтва не расце, а застаецца стабільнай (мара прагназістаў).
Ды толькі нявыкрутка: у Беларусі (а таксама ў Расіі і Украіне) замест раўнавагі здарыўся абвал: цяпер тут смяротнасць перавышае нараджальнасць. Насельніцтва імкліва скарачаецца. Прычыны з большасці — у нованабытых звычках.
Шчасце аборту
У 1929 годзе Захад наведалі тры авантурныя чалавекі з добрай весткай пра Савецкі саюз. Першы з іх — рэжысёр-эксперыментатар Сяргей Эйзенштэйн. Другі — прыгажун і манюка Рыгор Аляксандраў. Трэці — франтавы аператар Эдуард Тысэ.
На буржуйскія франкі лявацкая тройца стварыла падрыўны «культур-фільм» пра шчасце абортаў — рэвалюцыйна легалізаваных у краіне Саветаў. Пад цяжарную загрыміравалі Рыгора Аляксандрава, які выў і стагнаў як сапраўдная парадзіха. (Пасля пытання акушэркі: «Гэта ў вас першыя роды?» — дакументальна-асветніцкая карціна ледзьве не сарвалася.)
Стужка з бясхітраснай назвай «Жаночая бяда, жаночае шчасце» выклікала доўгачаканы полавы скандал. У карціне дзяўчыну спакусіў і кінуў нягоднік. Цяпер яна стаіць перад цяжкім выбарам: пайсці ў чысценькую савецкую клініку ці да падпольнай абартысткі.
У заходняй абартысткі гнюсна, брудна, крывава (малюнкі і графікі дадаюцца). У савецкай клініцы (знятай у Еўропе) — прыгожа, радасна, пяшчотна. Удумлівыя лекары. Адказныя пацыенткі.
Гераічную кліентку, якая перамагла бяду, віншуюць цёмнымі ружамі. Кроплі вады на бутонах. Усмешка на 32 зубы. Трыумфальнае «жаночае шчасце». Вучыцеся таварышкі — і дамагайцеся сваіх правоў!
У 1955 годзе аборты пасля кароткай сталінскай забароны зноў будуць дазволеныя — і стануць асноўным савецкім сродкам «кантролю за нараджальнасцю». (На Захадзе аборты пацясніць гарманальная пігулка.)
Колькасць дзетак, што так і не пабачылі свет, уражвае. Па разліках дэмографа Верасава на пачатку 1980-х у Савецкім Саюзе здзяйснялася да 7,5 мільёнаў абортаў штогод. Да 2,5 мільёнаў дзяцей прадухіляліся кантрацэпцыяй. Разам — 10 мільёнаў.
У Беларусі ў 1999 годзе прынамсі 59% усіх цяжарнасцяў завяршаліся абортамі.
Але і масавыя традыцыйныя аборты, і гарманальная анігіляцыя зародкаў яшчэ ва ўлонні — толькі праява глыбейшых зменаў. Справа не толькі ў навязаных звычках, але і ў матывах. У ХХ стагоддзі дзеці сталіся непажаданымі.
Дзіцячая эканоміка
Як даводзіць лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Гары Бекер, «кошт дзяцей» у аграрным грамадстве быў нізкім. А іхняя карысць расла адпаведна колькасці: у сялянскай гаспадарцы дзеці працавалі з маленства.
Сённяшнія дзеці каштуюць дорага: ім трэба даць сучасную адукацыю. Тут ужо «інвестыцыі» пераходзяць у якасць. Сем’і засяроджваюцца максімум на двух дзецях. За нейкіх усяго толькі 80 гадоў Беларусь прайшла шлях ад высокай нараджальнасці да маладзетнасці.
Дакументальны фільм Галіны Адамовіч «Завядзёнка» прысвечаны ўнікальнай шматдзетнай сям’і, што захавалася ў палескай глыбінцы. «Пладзіць галечу!» — абураліся гераіняй адукаваныя жанчыны, якім паказалі стужку. Але тут памылка зроку, уплыў стэрэатыпу: у фільме сям’я заможная.
Адукаваныя жанчыны самі не жадаюць мець многа дзяцей (калі ўвогуле іх жадаюць). У свой час дэмаграфічныя апытанні на гэты конт сталіся шокам. Але штораз пацвярджалася: у жанчын-чыноўніц дзяцей меней, чым у работніц. А ў работніц — меней, чым у сялянак.
Маладзетнасць раней закранала інтэлігенцыю. Але цяпер яна — усенародны здабытак. У сучаснай Беларусі колькасць дзетак, народжаных у сярэднім адной жанчынай, — 1,2 з тэндэнцыяй да зніжэння. Гэта амаль у два разы меней, чым патрэбна, каб аднавіць колькасць насельніцтва да ранейшага ўзроўню. Зрэшты, насельніцтва Беларусі не ўзнаўляецца з 1970-х гадоў, толькі цяпер гэта зрабілася відавочным.
Інкубатары для Адольфаў Гітлераў
У антыўтопіі Олдаса Хакслі «Гэты новы цудоўны свет» дзяржава гадавала дзетак у прабірках — канвеерным метадам. І гэта была зусім не фашыстоўская дзяржава. Наадварот. Грамадства канчатковага спажывецкага шчасця, дзе нічога — ні прыязнасць, ні каханне, ні, самае галоўнае, цяжарнасць — не замінаюць асалодам. Хто сказаў, што антыўтопіі не ўвасабляюцца?
Канцлагерны доктар Менгеле эксперыментаваў з блізнятамі, каб кланаваць Гітлераў. У 1970-я гады савецкі дэмограф Піскуноў прапаноўваў з дапамогай штучных маніпуляцый павялічыць долю народжаных дзяўчынак.
Сурагатнае мацярынства — ужо рэальнасць, узаконеная ў Беларусі. Памнажэнне ў прабірках становіцца і прасцей, і больш даступным. З’яўляецца спакуса вырашыць праблему дэпапуляцыі «прабірачным канвеерам». Але «нараджальны» канвеер не дапаможа. У Беларусі сітуацыя ўскладняецца яшчэ і недаравальнай для еўрапейскай краіны смяротнасцю.
Працвітаючыя могілкі
Толькі з 1992 па 2002 гады смяротнасць у Беларусі павялічылася на траціну. Зменшылася адно дзіцячая смяротнасць. Затое ўжо з 25 гадоў смерць бярэ рэванш. Асабліва люта расце гібель мужчынаў працоўнага веку.
Беларускія мужчыны паміраюць у два разы «ахвотней» за жанчын (хаця ўзроставая структура маскіруе гэтую адчувальную розніцу).
У «моцнай і квітнеючай» Беларусі людзі адмаўляюцца жыць. Яны ўцякаюць у алкаголь, наркотыкі, псіхічныя хваробы… Новых алкаголікаў у 1991 годзе было 86 чалавек на 100 тысяч. У 2007-м — ужо 328. (Па гэтым паказчыку мы пераплюнулі нават Расію. Там усяго 123.) Дыягназ “наркаманія ў 1991 годзе паставілі 2 чалавекам з 100 тысяч, а ў 2007 годзе — ужо 12,4.
Псіхічных захворванняў, упершыню выяўленых, было 252 на 100 тысяч. А сталася — 669. Папросту эпідэмія нейкая. І ці толькі ў лепшай дыягностыцы справа?
Траўмы і атручванні — трэцяя прычына смерці пасля хваробаў сэрца і раку! З 1991 па 2007 смяротнасць ад гвалтоўных прычынаў вырасла болей чым на траціну. Толькі ў 2002 годзе празмерная — у параўнанні з Еўропай — смяротнасць склала каля 80 тысяч чалавек (55% усіх смерцяў).

tabl_4.png


Да таго ж насельніцтва Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, імкліва старэе. У 1999 годзе пенсіянеры «дагналі» непрацоўную моладзь, а ў 2008 годзе пераўзышлі яе на паўмільёна. Але пры гэтым старасць пабольшыла беларускую смяротнасць толькі на 9%. Увесь астатні рост — а гэта болей за 20 працэнтаў — здабытак улады сённяшняй, што пакінула медыцыне падножны корм.
Шматлікія лядовыя палацы здароўе нацыі чамусьці не паляпшаюць. Аднак калі нават кінуць усе «палацныя» грошы на медыцыну — а гэта рабіць неабходна! — атрымаецца, у лепшым выпадку, прытармазіць, але не спыніць дэпапуляцыю, бо галоўную ролю ў ёй адыгрывае нізкая нараджальнасць.
Здань еўрапейскай Беларусі
Беларусь вымірае таму, што гэта сучасная еўрапейская краіна. Еўропа раней сутыкнулася з пагрозай дэпапуляцыі. Так, першай ахвярай яшчэ ў 30-я гады сталася Францыя. Фашыстоўскі італьянскі міністр Чыяна тады здзекліва казаў, што Францыю ўвогуле можна не ўлічваць, бо штогод — праз выміранне — яна прайграе па бітве.
Французы спахапіліся ды пачалі заахвочваць нараджальнасць. Па вайне падтрымка сем’яў дала свае вынікі, але сексуальная рэвалюцыя ўсё спляжыла.
Галандзец Дзірк ван дэ Каа з бельгійцам Ронам Лестэгам кажуць наогул пра «другі дэмаграфічны пераход»: сям’я распадаецца надалей, смяротнасць перавышае нараджальнасць, а выміранне кампенсуецца толькі за кошт міграцыі. Зрэшты, у Беларусі міграцыя змяншае абязлюдзванне ў лепшым выпадку на траціну.
Палітычныя і культурніцкія чыннікі масавай міграцыі яшчэ цяжэйшыя: прыклад — нядаўнія закалоты ў Францыі. Магчыма, мы назіраем апошні акт таго, што Шпенглер назваў «Захадам Еўропы». Спектакль — невясёлы. Скарачэнне і старэнне насельніцтва. Недахоп працоўнай сілы. Застой. Увоз мігрантаў з рэгіёнаў, дзе дэмаграфічны выбух яшчэ не завяршыўся. Праблемы асіміляцыі. Канфлікты. Заслона.
Ці можна зрабіць нешта? Адэпты «дэмаграфічнага пераходу» прапануюць расслабіцца. Іншыя кажуць, што перамены да лепшага залежаць ад людскіх высілкаў.
Можна скараціць недаравальна высокую смяротнасць мужчын, спыніўшы алкагалізацыю і падсілкаваўшы медыцыну, што палепшыць і сям’ю. Можна, пакуль узроставая структура (хаця і ненадоўга) спрыяльная, матэрыяльна заахвоціць нараджэнне дзяцей, адкладзенае сем’ямі да лепшых часоў.
Але самае важнае — трэба доўга і ўпарта змяняць адукацыю, эканоміку, культуру, каб вярнуць сям’і панішчаную дзяржавай аўтаномію і пашану. Варта дасягнуць нормы сям’і з 3–4 дзецьмі.
Справа такога «пераходу» — на дзесяцігоддзі. Калі адбудзецца — краіна перажыве надыходзячую ноч.