Колькі беларусы пераплочваюць за імпартныя лекі?

Ад самых танных да самых дарагіх — як выглядаюць цэны на лекі ў Беларусі ў параўнанні з суседнімі краінамі.

leki_1.png

Больш 130 імпартных лекаў патаннелі — паведамляе прадстаўнік Мінздароўя. Больш чым на 1000 медыкаментаў устаноўлены абмежаванні на максімальныя кошты для продажу ў аптэках.
— У першую чаргу гэта датычыцца выпадкаў, калі паступалі скаргі пацыентаў аб тым, што прэпараты каштуюць даражэй у нашай краіне ў параўнанні з суседняй Расіяй, — распавяла журналістам начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людміла Равуцкая.
Ведамства рэгулярна праводзіць маніторынг коштаў на лекі ў айчынных аптэках, пасля чаго прымае меры па стрымліванні росту кошту лекаў. Але, як відаць са складзенай табліцы, гэта не заўсёды гарантуе беларусам больш выгадныя цэны, чым грамадзянам суседніх краін. У пачатку года кіраўніцтва галіны паведамляла аб зніжэнні кошту 117 медпрэпаратаў.
Для стрымлівання росту коштаў на лекі ў лютым гэтага года Міністэрства аховы здароўя, фармацэўтычныя кампаніі і іншыя гульцы рынка падпісалі адмысловы мемарандум.
Заўтра тваёй краіны прааналізавала кошт некаторых папулярных лекаў у Беларусі і суседніх краінах. Толькі два з дзесяці параўнаваных прэпаратаў апынуліся танней, чым у іншых краінах. А вызначылася Беларусь самым шырокім дыяпазонам цэн на адны і тыя ж лекі і самым высокім максімальным коштам на 60% медыкаментаў.

leki_2.jpg

Знайсці самыя танныя лекі больш шанцаў ва ўкраінцаў — на пяць з дзесяці параўноўваных прэпаратаў там самы нізкі мінімальны кошт.
У сярэднім столькі ж, колькі ў Беларусі, можна аддаць за лекі ў аптэках у Літве і Маскоўскай вобласці ў Расіі. Але калі параўнаць самыя танныя варыянты, то Беларусь прайграе Расіі.
Цэнаўтварэнне лекавых прэпаратаў залежыць ад пачатковай цаны, якую ўсталёўвае вытворца, курсу валют, нацэнак пастаўшчыкоў, аптовых гандляроў і аптэк, а таксама ад аб’ёму рынка — чым ён больш, тым больш магчымасцяў атрымліваць розныя зніжкі на розных этапах ланцужкі ад вытворцы да спажыўца.
Сваю ролю гуляюць кампенсацыйныя механізмы і падатковая палітыка — напрыклад, у Польшчы ёсць спіс «кампенсаваных» лекаў, якія каштуюць на парадак танней за кошт субсідавання з боку дзяржавы. У некаторых еўрапейскіх краінах грамадзянам даюць магчымасць адняць кошт набытых лекаў з падаходнага падатку.
У Беларусі таксама існуе цэлы спіс абставінаў, калі пацыент атрымлівае лекі на ільготных умовах або зусім бясплатна, але тычыцца гэта, у асноўным, айчынных прэпаратаў.