Кіраўнікоў МЗС Швецыі і Фінляндыі папрасілі не адкрываць візы сябрам выбарчых камісіяў
25 лістапада міністры замежных справаў Швецыі і Фінляндыі Ан Ліндэ і Пэка Хаавіста сустрэліся ў Менску з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і палітычных партыяў, паведамляе Белсат.
Як паведаміў у «Facebook’у» старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, ён перадаў міністрам спісы чальцоў участковых і акруговых выбарчых камісіяў з Коласаўскай выбарчай акругі №106, Берасцейскай-Усходняй выбарчай акругі №3 і Берасцейскай-Памежнай выбарчай акругі №4, дзе працавалі назіральнікі ад БСДП(Г).
Палітык папрасіў «па магчымасці не адкрываць візы ў свае краіны гэтым людзям».
«Я не заклікаў да санкцыйнага спісу фальсіфікатараў, але калі будуць адмовы па фармальных прычынах, то гэта будзе сіметрычным адказам і сігналам тым, хто ўжо пасля фальсіфікацыяў выбараў плануе шопінгі ў Вільні ці Беластоку, а таксама адпачынак на еўрапейскіх марскіх узбярэжжах ці турыстычныя туры па іншых еўрапейскіх сталіцах», – заявіў Барысаў.
Паводле яго, гэты спіс пойдзе і іншым дыпламатам і амбасадарам, каб чальцы выбарчых камісіяў ведалі, «што за фальсіфікацыі мусіць быць адказнасць».
Лукашэнка заявіў, што беларускую апазіцыю фінансуюць амерыканцы і немцы праз Літву і Польшчу.