Беларусь у Швецыі больш не будзе «Белай Расіяй»

Ад гэтага часу ўрад Швецыі ў афіцыйных зносінах будзе называць Беларусь па-шведску Belarus замест Vitryssland (Белая Расія), піша «Свабода».

Чальцы беларускай дыяспары на пікеце ў Стакгольме патрабуюць ад шведскага МЗС перастаць называць іхных суайчыннікаў «беларасійцамі». Кастрычнік 2019 года.

Чальцы беларускай дыяспары на пікеце ў Стакгольме патрабуюць ад шведскага МЗС перастаць называць іхных суайчыннікаў «беларасійцамі». Кастрычнік 2019 года.


Пра гэта паведаміла міністарка замежных справаў Швецыі Ан Ліндэ ў сваім артыкуле ў выданні Dagens Nyheter.

«Гэта прызнанне беларускай грамадзянскай супольнасці і людзей, якія даўно хацелі падкрэсліць нацыянальную ідэнтычнасць і суверэнітэт сваёй краіны», — піша Ліндэ.

Такім чынам Міністэрства замежных справаў адмаўляецца ад тэрміну, які можа можа выклікаць асацыяцыі з Расіяй (Ryssland), бо слова Русь (Rus) не адносіцца да Расіі, піша Ліндэ. Русь — гэта назва земляў ва Усходняй Еўропе, якія ў сярэднявеччы былі населеныя ўсходнеславянскімі народамі.

Паведамленне супадае ў часе з візітам Ан Ліндэ ў Мінск разам з яе фінскім калегам Пэка Хаавіста.

У МЗС Швецыі заяўляюць, што тое самае «выпраўленне» — з «Белай Русі» на «Беларусь» — раней адбылося сярод іншага ў англійскай і французскай мовах.

«Я бяру з сабой гэтую навіну, калі сёння з афіцыйным візітам наведваю Мінск. Я еду разам з міністрам замежных справаў Фінляндыі Пэка Хаавіста як прадстаўніком старшынёўства ў ЕВС, і буду сустракацца з прадстаўнікамі ўраду Беларусі, а таксама з грамадзянскай супольнасцю, апазіцыяй і моладдзю», паведаміла шведская міністарка.

 

Ан Ліндэ адзначыла, што Беларусь — гэта краіна, дзе, за выключэннем Швецыі і Фінляндыі, рэкордная колькасць людзей на душу насельніцтва вывучаюць шведскую мову.

У рамках візіту Ан Ліндэ з сваім фінскім калегам будуць весці дыялог у важных для Швецыі і ЕС пытаннях. Паводле яе, калі дыялог грунтуецца на перакананні, што кантакты заўсёды лепшыя за ізаляцыю — нават кантакты з краінамі, спосабы кіравання і палітыка якіх заснаваныя на каштоўнасцях, якія Швецыя і ЕС не падзяляюць цалкам.

«У мяне ёсць тры важныя мэсіджы, якія я перадам усім, каго сустрэну ў Беларусі», піша Ліндэ.

Па-першае, яна заявіла:

«Мы не ідзем на кампрамісы ў сваіх патрабаваннях што да правоў чалавека, дэмакратыі і свабоды слова. Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе, якая ўжывае смяротнае пакаранне. Працягваюцца пераслед і затрыманні апазіцыянераў, што для нас непрымальна... Паводле міжнародных назіральнікаў, падчас выбараў у мінулыя выходныя былі выяўленыя сур’ёзныя дэмакратычныя недахопы».

Паводле міністаркі, Швецыя і ЕС будуць прынцыпова патрабаваць адмены смяротнага пакарання і пратэставаць супраць парушэнняў правоў чалавека, і будуць працягваць падтрымліваць дэмакратычныя сілы ў Беларусі.

Па-другое, Ан Ліндэ заявіла пра намер Швецыі павялічыць супрацоўніцтва ў тых галінах, дзе ў Швецыі і Беларусі ёсць агульныя інтарэсы. Сярод іншага яна згадала барацьбу з гандлем людзьмі і прастытуцыяй, супрацоўніцтва ў справе клімату і навакольнага асяроддзя ў агульнай для абедзвюх краін зоне.

Па-трэцяе, шведская міністарка зазначыла:

«Мы выступаем за еўрапейскі рэжым бяспекі і права дзяржаваў на выбар незалежнай палітыкі бяспекі. З моманту незалежнасці ў 1991 годзе Беларусь шукала ўласную ідэнтычнасць у сучаснай Еўропе, а таксама ў знешняй палітыцы. Размяшчэнне краіны паміж Расіяй і ЕС стварае асаблівыя ўмовы, якія яна імкнулася выкарыстаць у якасці будаўніка мастоў».

Ан Ліндэ адзначыла канструктыўную ролю Беларусі ў правядзенні Мінскага працэсу і трохбаковай кантактнай групы, накіраванай на дыпламатычнае вырашэнне канфлікту на ўсходзе Украіны.

«Ізаляцыя не прывядзе да большай дэмакратыі, правоў чалавека і ўстойлівага развіцця. Змена назвы Беларусі і мой візіт у Мінск — гэта відавочны сігнал, што Швецыя хоча больш цеснага дыялогу з Беларуссю: з урадам краіны, апазіцыяй і з беларускім народам. Каб умацаваць нашу агульную бяспеку і абараніць асноўныя правы і свабоды чалавека», піша міністарка замежных справаў Швецыі Ан Ліндэ ў артыкуле ў выданні Dagens Nyheter.

www.svaboda.org