«Я насіў бы маску супраць каронавіруса, калі б іх выдавалі бясплатна»
Небяспечны каронавіруса, які зазірнуў у больш чым 60 краін свету, непакоіць не толькі жыхароў Мінска і Віцебска, дзе зарэгістраваны тры выпадкі заражэння.
У Рэчыцы пад назіраннем спецыялістаў знаходзяцца 11 школьнікаў, якія 28 лютага вярнуліся з адпачынку ў італьянскім горадзе Таварнеле. Вучняў і іх педагога змясцілі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр Рэчыцкага раёна. Для іх арганізавалі харчаванне, медыцынскае забеспячэнне і кругласутачны догляд. Таксама хлопцы займаюцца вучобай.
Мы патэлефанавалі ў Рэчыцкі сацыяльна-педагагічны цэнтр за падрабязнасцямі. Але супрацоўнік цэнтра адмовіўся нешта распавядаць:
— Гэта закрытая інфармацыя, звяртайцеся па ўдакладненне ў Міністэрства аховы здароўя.
Да міністра аховы здароўя адправілі нашага карэспандэнта і ў аптэцы фармацэўтычнай сеткі «Аптекарь» у адказ на пытанне, ці паступілі ў продаж медыцынскія маскі. Міністр аховы здароўя абяцаў, што 2 сакавіка аптэкі рэспублікі атрымаюць больш за мільён масак.
— Што такое мільён масак на ўсю рэспубліку, калі толькі ў Мінску пражываюць больш за 2 мільёна чалавек? — у сваю чаргу задала сваё пытанне жанчына. — У нас былі маскі на тым тыдні, прывозім, але людзі іх хутка разбіраюць. Да таго ж бяруць цэлымі ўпакоўкамі, паколькі іх трэба мяняць кожныя дзве гадзіны.
Мужчыну з чаргі, які цікавіўся «наморднікамі», аптэкарка параіла нашыць іх самому, паколькі і купленыя, і самастойна пашытыя фактычна маюць адну функцыю — не дапусціць распаўсюджвання віруса ад хворых людзей.
Адсутнічалі ў гэтай аптэцы і санітарна-гігіенічныя сродкі для дэзінфекцыі рук. У прыватнай аптэцы № 9 і дзяржаўнай аптэцы № 22 масак і сродкаў дызынфекцыі таксама не было. Затое ў наяўнасці звыклыя антывірусныя прэпараты накшталт «Рэмантадзіну» і «Антыгрыпіну». У прыватнай аптэцы «Аптекарь» парэкамендавалі для барацьбы з каронавірусам набыць новы расійскі прэпарат «Інгавірын» за 23 рублі. Фармацэўт распавяла, што гэты прэпарат дапамагае ў барацьбе з небяспекай, але атрымае яго аптэка праз дзень-два. І ўсяго 4 упакоўкі.
— Камусьці пашанцуе, а камусьці — не, — філасофскі выказалася яна.
А што думаюць самі жыхары Рэчыцы пра новыя жыццёвыя выклікі, звязаныя з распаўсюдам каронавірусу?
— Не думаем пра гэтую хваробу, спадзяемся, што яшчэ колькі гадкоў пажывём, — бадзёра адказалі дзве 80-гадовыя бабулькі, якія сядзелі каля аднаго з пад’ездаў.
— Ніяк не думаем на гэтую тэму, у школе класныя кіраўнікі праводзілі гутаркі пра гігіену — каб мылі рукі з мылам, — выказаліся чацвёра 16-гадовых юнакоў і дзяўчат. — Маскі не носім, не куплялі, вядзем звычайны лад жыцця.
— У кітайцаў больш прасунутая медыцына, яны адолеюць хваробу. А мы — не, вылецім у трубу, калі яна сур’ёзна нас закране, — лічыць 61-гадовы Анатоль. — У нас слабыя прэпараты, яны з цяжкасцю спраўляюцца нават з простымі захворваннямі.
— Маскі не купляю і не буду купляць, бо лічу, што ад іх малая дапамога. Каб давалі бясплатна, можа і надзеў бы, — кажа 55-гадовы Аляксандр. — У мяне малая пенсія. Маска не вельмі дарагая, але ж іх патрэбна шмат. Грошай і так не хапае. Медыцыну нашу не вельмі паважаю. У мяне слёзы цякуць больш за паўгода, а я ўсё ніяк не магу атрымаць талон да акуліста. Дактароў усё меней і меней. Адкуль жа раптам яны з’явяцца ў вялікай колькасці, каб лячыць падчас эпідэміі, калі яна, не дай Бог, распачнецца?
— А я веру, што дзяржава справіцца з распаўсюджваннем хваробы, — упэўненая яшчэ адна жыхарка Рэчыцы. — Я веру нашаму кіраўніку, веру Міністэрству аховы здароўя. У нашай Рэчыцы ёсць сваё добра абсталяванае інфекцыйнае аддзяленне. Усё будзе добра.
На жаль, многія жыхары Рэчыцы не падзяляюць такія бадзёрыя настроі.