Ілля Міронаў паскардзіўся ў пракуратуру, што сілавікі зладзілі пагром у кватэры
Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў напісаў скаргу ў пракуратуру на супрацоўнікаў міліцыі, якія ў сакавіку гэтага года пры ператрусе разграмілі ягоную кватэру, піша «Штодзень».
Нагадаем, Ілля Міронаў 15 сакавіка вярнуўся дадому пасля 13 дзён арышту, які прысудзілі яму за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы.
16 сакавіка ён сышоў па справах, а калі вярнуўся ўвечары у той жа дзень, дык заспеў сваю кватэру абсалютна ў разгромленым стане. «Як быццам сланы патапталіся па хаце», — распавёў актывіст.
У кватэры была разабрана мэбля, раскіданы ўсе рэчы і кнігі.
Як тады адзначыў Ілля, за час усіх ператрусаў так званыя «прадстаўнікі закона» гэтым разам пераўзышлі саміх сябе.
Маму актывіста ў той дзень даставілі ў РАУС Савецкага раёна. Гэтыя факты парушэння закона Ілля Міронаў вырашыў не спускаць з рук супрацоўнікам міліцыі Савецкага РАУС, таму напісаў скаргу ў Гомельскую пракуратуру.
Ілля Міронаў адзначыў, што да пачатку правядзення ператрусу не была прад’яўлена пастанова аб яго правядзенні (у выпадку, калі чалавека няма дома, згодна з заканадаўствам, пастанову пад распіску абавязаны паказаць паўналетняму чальцу сям’і. — Рэд.).
«Маёй маці, якая прысутнічала ў кватэры падчас ператрусу, пастанова прад’яўлена не была. Такім чынам, можна зрабіць выснову аб парушэнні следчым парадку правядзення ператрусу, — піша Ілля Міронаў у сваёй скарзе. — А калі пастановы прад’яўлена не было, падставы правядзення ператрусу няясныя. Гэта сведчыць аб парушэнні прынцыпу законнасці».
Па словах Міронава, не было ўручана паўналетняму члену сям’і і копіі пратакола ператрусу. І гэта яшчэ адно грубае парушэнне заканадаўства, пра якое актывіст таксама ўказаў у сваёй скарзе. Але і гэта не ўсё.
«Доказы, атрыманыя з парушэннем парадку, устаноўленага Крымінальна-працэсуальным кодэксам, не маюць юрыдычнай сілы і не могуць быць пакладзены ў аснову абвінавачання згодна з ч.1 арт. 105 КПК», — указаў гомелец на яшчэ адно парушэнне закона.
Аўтар скаргі акцэнтаваў увагу на тое, што нагляд за выкананнем законаў на ўсіх стадыях крымінальнага працэсу абавязаны ажыццяўляць пракурор. Таксама ён абавязаны прымаць прадугледжаныя законам меры па прадухіленні парушэнняў закона, ад каго б гэтыя парушэнні не сыходзілі.
Нагадаем, толькі за апошнія тыдні Ілля Міронаў адправіў некалькі лістоў у СК з мэтай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці прапагандыстаў Рыгора Азаронка і Андрэя Мукавозчыка.
А яшчэ раней актывіст накіроўваў у МУС пытанне аб тым, чаму ў міліцыі перасталі выдаваць копіі пратаколаў па адміністрацыйных справах.
Ілля Міронаў вядомы сваёй ініцыятывай «Пішыце лісты», накіраванай на падтрымку палітвязняў. Сам ён напісаў больш за 2500 лістоў. Ініцыятыва была намінавана на Нацыянальную прэмію за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў 2021 годзе.
30 верасня 2021 года Міронаў быў затрыманы ў рамках «справы Зэльцэра» за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі айцішніка Андрэя Зэльцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка ў Мінску. Першапачаткова Іллі было прад'яўлена абвінавачанне па арт. 130 КК аб распальванні варожасці. Але падчас следства абвінавачанне не пацвердзілася — і артыкул замянілі на 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).
Больш за год Міронаў правёў у СІЗА. 24 кастрычніка 2022-га яго асудзілі на 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але вызвалілі ў зале суда, таму што дзень у СІЗА прыраўноўваецца да 1,5 у калоніі, і Ілля сваё пакаранне ўжо адбыў. Таксама яму прызначылі штраф у 6400 рублёў.