Ілля Міронаў: «Палітычных» за кратамі дагэтуль шмат, пачуў пра 72 справы за студзень — люты
Валанцёр Ілля Міронаў выйшаў на волю і распавёў выданню «Штодзень» пра дэталі свайго арышту. Яго пакаралі 13 суткамі за нібыта падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы. Па назіраннях Іллі, колькасць затрыманых паводле палітычных матываў не змяншаецца.
— Як лічыш, за што цябе насамрэч затрымалі?
— За тое, што я актыўна пішу скаргі. Я скардзіўся ў
Міністэрства інфармацыі на праўладны тг-канал «Жёлтые сливы». Я падаваў заяву ў
Следчы камітэт з просьбай адкрыць крымінальную справу ў дачыненні да адыёзнага
прапагандыста Рыгора Азаронка. Мяркую, мне вырашылі даць 13 сутак у сувязі з
маёй актыўнай грамадскай дзейнасцю.
— Як адбылося тваё затрыманне?
— 2 сакавіка да мяне ў кватэру прыйшлі два сілавікі. Маці
адкрыла дзверы. Яны сказалі, што хацелі б адвезці мяне ў Савецкі РАУС. Я і маці
паехалі з імі. У Савецкім РАУСе мяне пачалі распытваць, чаму я пішу ў
інтэрнэце, што не атрымаў копіі пратакола, калі я атрымаў і распісаўся нават за
гэта. Я адказаў, што копіі, насамрэч, не атрымаў, хоць і распісаўся за гэта.
Пасля мне паказалі нейкі дакумент ад ГУБАЗ ад 22 лютага, дзе было напісана, што
ў ходзе праверкі маёй старонкі выяўлены матэрыял з лагатыпам «Л*стэрка» і многа
бела-чырвона-белай сімволікі.
І там было прыпісана яшчэ, што сімволіка бэчэбэ, паводле
меркавання ГУБАЗ, прыраўноўваецца да артыкула 24,23 КаАП РБ («Парушэнне парадку
арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства»).
Таксама мяне абвінавачвалі, што я ставіў лайкі пад матэрыяламі
«Б*лсата» і «Р*дыё Свабода». На што я ім сказаў, што гэта лухта, бо артыкулаў
«Л*стэрка» я не размяшчаў і лайкаў не ставіў. Віны я сваёй не прызнаў. Па выніку я
да самага вечара сядзеў у гэтым каменным мяшку. Увечары прывялі
хлопцаў, якіх затрымалі за нібыта датычнасць да ПВК «Родан».
— Распавядзі падрабязней пра затрыманых па справе ПВК
«Родан».
— Прывялі 29 чалавек. Але яны казалі, што не маюць ніякага
дачынення да гэтага руху: хтосьці з іх проста ў бары побач сядзеў, хтосьці кеды
прыйшоў набываць, хтосьці проста ішоў побач. Усіх малалетніх адпусцілі, а ўсіх, старэйшы за 17, затрымалі.
— Як прайшлі суткі ў ІЧУ гэтым разам?
— Так, як і раней. Першыя суткі сядзеў разам з
алкаголікамі. Нас у двухмеснай камеры было чацвёра. Перадачы мне маці не змагла
перадаць. Ёй нават сказалі, што можна скардзіцца на самым вышэйшым узроўні,
аднак перадаваць нічога не будуць. Камеры былі поўныя. Як звычайна, у камерах
быў скразняк.
А ежа была яшчэ горшай, чым летась. Узялі і вельмі моцна разбавілі кашу вадой, прычым, як мы зразумелі, вада нават не гатаваная была.
Кожны дзень нам змянялі камеру. І ўсе, хто быў у гэтыя дні ў
ІЧУ па палітыцы, сядзелі паводле артыкула 19,11 ч. 2 («Распаўсюджванне
інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх
матэрыялаў»). А менавіта за падпіскі на розныя рэсурсы за 2020-2021 гады.
— То-бок палітычных у ІЧУ вельмі шмат?
— Не ведаю, на ўзроўні чутак гэта ці не, але калі я быў у Савецкім РАУСе, то краем вуха пачуў пра 72 справы за студзень — люты. То-бок палітычных вельмі шмат. Іх было шмат і ў канцы 2022 года, і цяпер.