Ігара Банцэра, які галадаў 16 дзён без вады, выклікаюць у міліцыю. Ён захварэў на гепатыт С

Гродзенскага рок-музыканта Ігара Банцэра выклікае міліцыя з невядомай прычыны да разгляду яго апеляцыйнай скаргі. Напярэдадні яму паставілі дыягназ «гепатыт С» і меліся накіраваць у шпіталь на абследаванне страўніка пасля галадоўкі, распавядае «Свабода».

c9b5c291_dbe2_4767_88e4_23c1cb53e72d_cx0_cy8_cw0_w1023_r1_s.webp

Банцэру патэлефанавалі з Ленінскага РАУС увечары 27 красавіка і папрасілі прыйсці на гутарку. Дакладнай прычыны выкліку не назвалі. Міліцыянт казаў, нібыта Банцэр не сплаціў штрафы за папярэднія адміністрацыйныя справы, аднак музыка сцвярджае, што пазык не мае. Позву яму не прыслалі. Музыкант мяркуе, што яго хочуць затрымаць яшчэ да разгляду апеляцыйнай скаргі на яго прысуд.

Напярэдадні ён абследаваўся пасля доўгай галадоўкі. У яго выявілі гепатыт С. Гэты дыягназ «паніжае якасць жыцця», таму яму забаронена цяпер выконваць цяжкія работы. Да таго ж, у яго знайшлі гастрыт і планавалі пакласці ў шпіталь на больш дакладнае абследаванне ўнутраных органаў пасля галадавання. Сам Банцэр казаў пра болі страўніка пасля таго, як перастаў галадаць.

На 20 траўня прызначаны разгляд апеляцыйнай скаргі Банцэра.

19 сакавіка Банцэра асудзілі на паўтара года «хіміі» за хуліганства. Яго абвінавацілі ў тым, што без штаноў станцаваў перад машынай міліцыі. На судзе музыкант сказаў, што гэта быў перформанс, падчас якога ён заставаўся ў стрынгах.

Да прысуду Банцэр 5 месяцаў правёў у СІЗА, ездзіў на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі, якая паказала, што ён здаровы. На пачатку суду ён абвясціў «сухую» галадоўку, якую трымаў 16 дзён, пакуль яго не выпусцілі з-пад варты пасля прысуду.

Ігару Банцэру 41 год. Жанаты, мае трох непаўналетніх дзяцей. Лідар стрыт-панкавага музычнага гурту «Mister X». Вядомы сваімі перформансамі, прыкладам, калі прыходзіў на суд у ружовым адзенні і з ружовым сцягам або махаў бел-чырвона-белым сцягам на даху машыны на шматтысячным мітынгу ў Гродне. Тройчы сядзеў на «сутках» за ўдзел у «масавых мерапрыемствах» у 2020 годзе.