Хто абароніць дзяцей ад гвалту?
Пра абарону дзяцей мы найчасцей чуем у першы дзень лета, калі ў гарадскіх парках праходзяць тэматычныя дзіцячыя святы. Раз на год чыноўнікі з адухоўленымі тварамі прамаўляюць пра «кветак жыцця», і «нашу будучыню», некаторыя нават пускаюць слязу ад замілавання, калі маленькая кветачка пад наглядам строгага завуча дорыць сівому аратару букет.
Але ўвечары Міжнародны дзень абароны дзяцей заканчаецца, сцэну разбіраюць, чыноўнікі вяртаюцца ў кабінеты, а дзеці — дадому ці ў школу, дзе могуць спадзявацца толькі на сябе. Чаму ў Беларусі не працуе Адзіная мадэль абароны дзяцей, ці сапраўды сучасныя дзеці невыносныя, чаму ўсе маўчаць, калі кіраўнік дзяржавы публічна называе чужое дзіця «шчанюком» — пра гэта і многае іншае гутарым з кіраўніком міжнароднага грамадскага аб’яднання «Разуменне» Андрэем Маханько.
Пра «шчанюка» і дзяцей ХХІ стагоддзя
— Гучнае здарэнне, якое наўпрост тычыцца тэмы абароны дзяцей, — скандал у Гомелі, дзе настаўніца аблаяла хлопчыка, за што яе звольнілі, але пасля па ўказанні кіраўніка дзяржавы аднавілі на працы. Бацькоў школьніка выклікалі ў міліцыю, і пакуль незразумела, якія наступствы гэта будзе мець для сям’і. Як вы ацэньваеце гэтую гісторыю?
— Тое, што адбылося ў Гомелі, — гэта адлюстраванне грамадства, дзе дзіця не вартае анічога. Няма дзяцей у гэтай краіне. На іх правы насамрэч усім напляваць. Няма такога суб’екта ў Рэспубліцы Беларусь, як дзеці, і сваімі выказваннямі пра «адкруціць галаву шчанюку» кіраўнік дзяржавы гэта пацвердзіў. Дзяцей можна зневажаць, іх можна не браць у разлік. Так мы хутка вернемся ў тыя змрочныя часы, калі дзяцей маглі і забіць, і прадаць…
Лукашэнку наогул не варта было ўлазіць у гэтую гісторыю. Ёсць структуры, якія кіруюць адукацыяй, — яны і павінны былі разбірацца з тым, што здарылася. Не трэба было рабіць ніякіх скандалаў, варта было зладзіць медыяцыю паміж бацькамі, настаўніцай і вучнем. Пасадзіць іх усіх за стол, папрасіць адзін у аднаго прабачэнне і разысціся. Але мы ж ведаем, што падтрымка настаўнікаў патрэбная для выбарчых кампаній, таму ён і ўмяшаўся.
Што тычыцца разборак з міліцыяй… Ёсць вельмі адметная рыса ў Беларусі — тое, што называецца «глупства кіраўніцтва кампенсуецца неабавязковасцю выканання». У Беларусі гэта вельмі яскрава. У нас ніхто не любіць гучных скандалаў, усё робіцца цішком, пад дываном. Я спадзяюся, што ўсё пойдзе па такім сцэнары — усё «спусцяць на тармазах» і замнуць. Але ёсць і другі сцэнар, дзе чыноўнікі могуць успрыняць выказванні кіраўніка дзяржавы як загад, і пачнуць дзейнічаць у адпаведнасці з ім. А гэта ўжо высокая рызыка для ўсіх.
— Чаму шмат людзей, у тым ліку і аўтарытэтных настаўнікаў, выказаліся ў абарону настаўніцы? Можа, сучасныя дзеці сапраўды, як тыя вампіры, п’юць кроў і нервы з педагогаў?
— Тое, што звольнілі гомельскую настаўніцу — гэта правільна. А як іначай? Стаміліся ад дзяцей? Ідзіце адпачываць. Я шмат размаўляю з рознымі настаўнікамі, яны кажуць: так, дзеці складаныя, дзеці паводзяць сябе з выклікам. Але так было заўсёды. Зараз проста гэта мацней выяўляецца, бо ёсць тыя самыя тэлефоны, камеры, яны адчуваюць сябе абароненымі. Яны могуць запісаць нешта, перадаць бацькам, а тыя ўжо будуць звяртацца ў дзяржаўныя органы. А з іншага боку, дзеці як былі дзецьмі, так імі і засталіся. З імі размаўляць трэба. Калі на біялогіі ім чытаюць лекцыі пра паводзіны, што тут казаць? Пра біялогію трэба размаўляць, пра клетачкі, мікраскопы, а не пра тое, ужываць тэлефоны на ўроках ды перапынках, ці не ўжываць. Не ўмееш з дзецьмі — бяры рыдлёўку, ідзі капай яму.
Я сам бацька падлетка, і адно дзіця ўжо выгадаваў. З дзецьмі не трэба апускаць рукі: яны гэта адчуваюць, сядаюць на шыю. Калі да мяне ў летнік прыязджаюць дзеці з дзіцячых дамоў — мы з імі развітваемся лепшымі сябрамі. Дзеці не сталі горшымі, з імі займацца трэба. Калі ім цікава— усё будзе добра. Не трэба палохацца праяў падлеткавай агрэсіі. Кажуць, што дзеці страцілі каштоўнасці? Не, проста грамадства стала больш жорсткім, але хто мог — каштоўнасці захаваў, і перадаў сваім дзецям.
Пазіцыя педагогаў мяне шчыра здзіўляе. Проста канфармісты. Многія кажуць: у нас цяпер настаўнікі такія нагружаныя-перагружаныя, павінны днямі і начамі запаўняць журналы, прымусова хадзіць на хакей-шмакей. Але чаму ж ніхто з іх не гаворыць «не»?
Што тычыцца настаўнікаў, якія публічна выказалі свае пазіцыі ў падтрымку Лукашэнкі, я іх часткова разумею: яны робяць кар’еры, свае праекты, і калі яны раскрыюць рот, назаўтра ад іх праектаў нічога не застанецца.
«З Саўміну пазванілі на дзіцячую лінію — ніхто не адказаў»
— Як дзеці могуць сябе абараніць у выпадку падобнага гвалту? Публічнасць — зняць на тэлефон. Распавесці бацькам. Яшчэ што?
— Насамрэч паўнавартасны механізм абароны дзяцей у Беларусі цяпер не дзейнічае. Публічнасць, падтрымка бацькоў — гэта добра, але не заўжды эфектыўна. Калі ў Гомелі прыціснуць тую сям’ю школьніка, што ім рабіць, судзіцца з кіраўніком дзяржавы? Школьныя псіхолагі таксама не заўжды кампетэнтныя. Мы стварылі 24 розныя кніжачкі — паўнавартасныя дапаможнікі па тэме абароны дзяцей, раздалі ў школы. Але калі яны будуць стаяць на паліцах — рады не будзе. Трэба, каб педагог іх чытаў, рабіў па іх гадзіны інфармавання і гэтак далей. Дзе гэта робіцца? Большасць ведаў на тэму бяспекі, якія даюць у школах, абмяжоўваецца сумнай праграмай прадмета АБЖ.
Калі мы стваралі Адзіную мадэль абароны дзяцей, мы ўзяліся за яе комплексна, стратэгічна — гэтым мы і адрозніваліся ад іншых падыходаў. Нешта будзе толькі, калі ёсць сістэмны падыход. Дзіцё, якое пацярпела ад гвалту — фізічнага, эмацыянальнага ці сексуальнага, — павінна выйсці з сістэмы з найменшымі стратамі: гэта першапачатковы прынцып работы. Сістэма павінна быць сяброўскай для дзіцяці. Кропка ўваходу ў яе — гэта дзіцячая тэлефонная лінія.
На жаль, тэлефонная лінія зараз амаль не працуе. У 2014 годзе мы яе перадалі Міністэрству аховы здароўя, і пачынаючы з канца таго года я ўжо пачаў весці з імі сапраўдную барацьбу. І толькі ў 2017 годзе перад падачай дзяржаўнай справаздачы ў Камітэт ААН па правах дзіцяці Мінздароўя выйшла на нас з ініцыятыўнымі захадамі — давайце, дапамагайце. Мілыя, даражэнькія людзі, мы ўсё для вас ужо зрабілі! Вось абсталяванне, якое мы закупілі, яно стаіць у замкнутым пакоі ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках. Трэба ўзяць, перавезці, падключыць. Усё працуе, калі яшчэ не расцягнулі, канешне.
Была гісторыя, калі ў ліпені 2014 года мы лінію перадалі, а ўжо ў кастрычніку я хадзіў па РНПЦ збіраў крэслы, сталы, нейкія запчасткі ад кампутараў даставалі са сваіх ПК, вярталі нам.
— Калі Вы аддалі гатовы сэрвіс, чаму ім не карыстаюцца?
— За гэта не плацяць дадатковых грошай, у іх няма часу. Я ўжо 6 гадоў з’яўляюся чальцом Камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце міністраў. Перад адным з пасяджэнняў, калі я ўзняў пытанне пра дзіцячую лінію, віцэ-прэм’ер Тозік патэлефанаваў на тую самую лінію — і ніхто не адказаў. Тады ўсе забегалі, заварушылася. У ліпені 2014 года я перадаваў цалкам дзейсную, абсталяваную лінію з падрыхтаваным персаналам: трэба было толькі плаціць заробак аператарам. Але і гэтага яны не робяць!
Што паказала нашая дзейнасць за апошнія гады? За невялікія грошы можна ствараць шалёна эфектыўныя сэрвісы, прыклады для свету, і перадаваць дзяржаве. Але дзяржава не будзе іх браць па адной простай прычыне: за гэтым не ідзе мільённае фінансаванне ад Еўрасаюза ці ААН, якое можна «асвоіць».
— Што з Адзінай мадэлі абароны дзяцей ў Беларусі працуе?
— Дзіцячыя пакоі для апытанняў — гэта той кампанент, які яшчэ трымаецца. Там апытваюцца дзеці, якія былі ахвярамі сексуальных злачынстваў, сведкамі цяжкіх і асабліва цяжкіх крымінальных злачынстваў. Мы бачылі розныя прыклады ў свеце, але наша рэчаіснасць не адпавядае ніводнаму з тых узораў, давялося выпрацоўваць уласны падыход.
Вельмі важна выбраць месца для гэтых пакояў. Напрыклад, Польшча зрабіла памылку — яны арганізавалі такія дзіцячыя пакоі ў паліцэйскіх пастарунках. А потым змянілася заканадаўства, і, згодна з гэтымі папраўкамі, дзіця павінен апытваць суддзя дасудовага працэсу, і ён не можа гэта рабіць у паліцэйскім участку. І яны згубілі 150 пакояў з 200.
У нас пакоі (у Беларусі іх болей за 20, шэсць з іх у сталіцы) размяшчаюцца ў розных месцах, у асноўным — у сацыяльна-педагагічных цэнтрах, дзе ёсць дзіцячыя сацыяльныя прытулкі. У гэтым няма нічога падазронага для людзей, яны больш ахвотна прыводзяць дзіця да таго ж псіхолага ці псіхіятра на размову. Бо калі цягнуць дзіця на апытанне ў міліцыю — не ўсе гэта ўпадабаюць.
Адзін з першых пакояў мы адкрылі ў судзе Мінскага раёна. Яны ўжываюць гэты пакой для выканання дзвюх задач: першая задача — гэта нашая. А другая задача — гэта правядзенне працэсу з мерамі абароны сведкаў. Міліцыянты нам распавядалі, што да з’яўлення нашага пакоя на сведку маглі нацягнуць літаральна скрыню ад лядоўні, і з той скрыні сведка даваў паказанні, каб яго не пазналі.
«Дзяржава пачне варушыцца, калі ўбачыць замежнае фінансаванне»
— Распавядзіце пра альтэрнатыўную справаздачу ў Камітэт ААН па правах дзіцяці, якую вы з калегамі абаранілі?
— Нядаўна мы падалі альтэрнатыўную справаздачу за 2012-2016 гады. Першы раз мы падалі Альтэрнатыўную справаздачу Камітэту ААН па правах дзіцяці ў 2010 годзе. Тады мы для сябе акрэслівалі поле працы, і давалі справаздачу менавіта па гэтым — што мы зрабілі, што яшчэ неабходна ў краіне зрабіць, каб абараніць дзяцей ад гвалту. Альтэрнатыўная справаздача падаецца пасля дзяржаўнай, а дзяржава падала сваю справаздачу толькі напрыканцы 2018 года — вельмі доўга марудзіла. У лютым 2019-га Камітэт па правах дзіцяці прыняў яе да разгляду і зрабіў абвестку, што адкрыта магчымасць для падачы альтэрнатыўных справаздач. Мы дык сваю альтэрнатыўную ўжо даўно падрыхтавалі і проста чакалі гэтага моманту. Не толькі нашая арганізацыя «Разуменне» рыхтавала, сабралася нацыянальная кааліцыя — каля 20 недзяржаўных арганізацый ды грамадзянскіх ініцыятываў. Каб не было ілюзій, бюджэту на гэтую справу — нуль, я за свой кошт лётаў у Жэневу на абарону альтэрнатыўнай справаздачы, жыў у сяброў.
На аснове справаздач Камітэт дае Заключныя рэкамендацыі дзяржаве: што трэба выканаць, каб дзецям жылося лепш. Пакуль рэкамендацыі не напісаныя і не сталі часткай парадку дня ў дзяржаве, я не магу раскрываць сутнасць нашай справаздачы.
— У медыя зараз ледзь не штотыдзень публікуюць розныя шакуючыя гісторыі пра сексуальны гвалт над дзецьмі. Няўжо настолькі ўзрасла колькасць гвалтаўнікоў?
— Не, гэта звязана з паляпшэннем раскрывальнасці. На канец 2019 года выкрыццё павялічылася ў шэсць разоў за апошнія 11 год. Такім гісторыям пачалі надаваць большую ўвагу. Але ёсць недастатковы прагрэс у справе рэабілітацыі такіх дзяцей. Па дадзеных на 2016 год, колькасць згвалтаваных дзяцей, якія прайшлі курс рэабілітацыі, за некалькі гадоў вырасла з 8% да 42%. Зараз, можа, ужо назад да 8% скаціліся.
Рэабілітацыю праходзяць у дзіцячых псіхіятрычных дыспансерах ды СПЦ. Колькі з імі займаюцца, залежыць ад стрэсаўстойлівасці дзіцяці. Камусьці і дзесяці заняткаў хапае, камусьці трэба займацца год і не абысціся без антыдэпрэсантаў.
Статыстыкі, як складваецца жыццё згвалтаваных дзяцей пасля, у нас не вядзецца, ніхто нічога далей не адсочвае. Але зразумела, што нічога не праходзіць бясследна для псіхікі. Любы гвалт, нават калі не сексуальнае згвалтаванне, а школьны канфлікт, пакідае траўму на ўсё жыццё.
У 2002 годзе мы займаліся з групай дзяцей з дзіцячага дома, лёс якіх я працягваю адсочваць, вяду асабістыя назіранні. Дык вось з 23-х чалавек зараз жывыя 13. Іншых няма — алкаголь, самазабойствы…
— Як можна палепшыць сітуацыю з Адзінай мадэллю абаронай правоў?
— Вялікая праблема — адсутнасць фінансавання. Дзеці — гэта непрыярытэтны напрамак для донараў. Зараз ні ў каго з НДА няма грошай, і мы не выключэнне. Мы, можа, аднымі з першых страцілі фінансаванне, бо мы досыць востра выказваем сваю пазіцыю, а за пазіцыю трэба плаціць. Праблема і ў тым, што ўсе магчымыя фундатары зараз пачалі выкарыстоўваць рэсурсы дзяржструктураў ці пасярэднікаў з ААН ды іншых «парасонаў». І дзяржаўным структурам у сваю чаргу спускаецца загад, каб прыцягвалі як мага больш замежнага фінансавання. Атрымліваецца, донарам зручней аддаць грошы дзяржаўным структурам ці ААН, а тыя грошы проста марнуюць. Ну і, канешне ж, еўрапейцы ці — асабліва — мясцовыя бізнесоўцы хочуць бачыць, каму яны дапамагаюць. Прыходзяць і гавораць: «Мы хочам сустрэцца са згвалтаваным дзіцём». А гэта немагчыма з пункту гледжання этыкі. Як можна: толькі залячылі рану, а ў ёй прыйшлі пакалупацца добрыя на самой справе дзядзькі ды цёткі? З самымі што ні на ёсць добрымі намерамі, але... Выходзіць, што мы дапамагаем людзям, і нават іх твары паказаць не можам — ні дзяцей, ні бацькоў, за рэдкім выключэннем «не для прэсы».
Дзяржава не прымае ўдзелу ў фінансаванні. А як? У яе няма і механізмаў дапамагаць недзяржаўным арганізацыям нешта рабіць. Праз дзяржаўную сацыяльную замову? Дзяржаўная сацыяльная замова — гэта для тых сляпых з Еўрасаюзу, хто «падманвацца рады».
Насамрэч, мала хто з іншаземцаў хоча глыбока ўнікаць у мясцовыя справы. Абмеркаванні ёсць, усе разумныя людзі, а калі даходзіць да справы — справы няма. Гісторыя з дзіцячай лініяй паказала: калі аддаў дзяржаве — забудзься пра гэта. Такі ж прыклад з начлежкамі для людзей без вызначанага месца жыхарства, якія ў свой час стварыла «Беларуская асацыяцыя сацыяльных працаўнікоў». Перадалі дзяржаве — і няма таго, што раней было. Сэрвіс стаў працаваць у тых мінімальных рамках, якія дае дзяржава.
Што зараз адбываецца з дзіцячай лініяй? Там зараз стаіць, умоўна, чырвоны і зялёны тэлефон. На чырвоным тэлефоне — мінская гарадская дзіцячая лінія, якая фінансуецца з гарадскога бюджэту, а зялёны — агульнанацыяльная лінія, якую мы стварылі і перадалі Міністэрству аховы здароўя, на якую бюджэту няма. Два тэлефоны стаяць побач на адным стале. І калі звоніць наш тэлефон, а тым часам аператар адказвае на званок мінскай гарадской лініі, ён будзе званіць далей, і ніхто не адкажа. Бо за гэта грошай не плацяць.
Каб «Разуменне» магло дапамагаць дзецям-ахвярам сексуальнага гвалту, яму патрэбна ваша дапамога! Ахвяраванні праз АРІП па коду паслугі 4441811 будуць прынятыя з удзячнасцю. Юрыдычныя асобы будуць аўтаматычна вызваленыя ад падатку на прыбытак на сумму дапамогі «Разуменню» на падставе арт. 140 Падатковага Кодэксу. Даведкі па тэл. +375-29-761 12 01. Больш інфармацыі — на старонцы ў Facebook @ponimanie.belarus