Хронікі рэпрэсій. Затрымалі маму і бабулю чатырохгадовага дзіцяці, новы прысуд былому палітвязню

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 27 снежня.

hr_logo_1.webp

У Мікашэвічах затрыманы Алег Стахаевіч — былы лідар незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве «Граніт»

Па інфармацыі @viasna_brest, з 2020 года мужчына жыў у Літве, часам ездзіў у Беларусь. У Беларусі прымаў удзелы ў розных забегах. Вось і ў лістападзе ён паехаў на радзіму «на тры тыдні» (як сказаў сябрам).

12 лістапада ў Сілічах прыняў удзел у кросе Bison XC на 5000 метраў. А недзе праз тыдзень быў затрыманы. Спачатку па адміністрацыйным артыкуле на 15 сутак. Але па сканчэнні тэрміну не выйшаў. Па інфармацыі ад блізкіх, у дачыненні да Алега распачалі афіцыйную праверку «на магчымую датычнасць да экстрэмісцкай дзейнасці».

У пачатку 2010-х Стахаевіч працаваў на мікашэвіцкім прадпрыемстве «Граніт». У 2011 годзе рабочыя спрабавалі зладзіць незалежны прафсаюз, Стахаевіч стаўся лідарам гэтай суполкі. Хутка яго звольнілі з прадпрыемства, як і іншых актывістаў.

Сілавікі затрымалі маці і бабулю 4-гадовага дзіцяці

На відэа сілавікоў жанчын прымусілі сказаць, што яны нібыта ўдзельнічалі ў вулічных акцыях і бралі з сабой малое дзіця. Гэта зафіксавала камера тэлеканала АНТ.

Маці дзіцяці, мяркуючы па допісе праўладных тэлеграм-каналаў, арыштавана на 15 сутак.


За «распаўсюджванне экстрэмізму» ў Віцебску аштрафавалі грамадзянку Расіі

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка 6 снежня за распаўсюджванне публікацый «экстрэмісцкай» накіраванасці пакараў штрафам у памеры 740 рублёў грамадзянку Расіі, вядучую дзяржэкспертку Ніну Жураву, паведамляе «Віцебская Вясна».

У судовым пасяджэнні была агучана інфармацыя аб тым, што Ніна, выкарыстоўваючы свой акаўнт у Instagram, стала падпісанткай «экстрэмісцкіх» суполак «Радыё Свабода», «Люстэрка» і «Белсат». 

На судзе «правапарушальніца» сваю віну не прызнала і адмаўляла намер на распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў.


Віцебскага відэааператара Вячаслава Лазарава перавялі ў магілёўскую калонію


photo_2023_12_27_22_15_50.jpg

Вярхоўны суд 22 лістапада разгледзеў апеляцыйныя скаргі на вырак Віцебскага абласнога суда палітзняволеных сужэнцаў Таццяны Пыцько і Вячаслава Лазарава, якіх асудзілі да 3 і 5,5 гадоў зняволення адпаведна. 

У выніку суддзя Юрый Руткоўскі пастанавіў прызначыць палітзняволенай тыя ж 3 гады пазбаўлення волі, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Праз некалькі дзён Таццяна выйшла з віцебскага СІЗА, дзе яна правяла амаль паўгода. Вячаславу зменшылі тэрмін на паўгода. 

Стала вядома, што Вячаслаў пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі №15, піша @bajmedia.

Падтрымаць палітвязня можна лістамі на адрас: ПК №15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183.

Былога палітвязня зноў асудзілі да калоніі за каментары

Палітзняволенага Уладзіміра Запольскіх асудзілі другі раз паводле арт.369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт.368 КК («Абраза Лукашэнкі»). 22 снежня суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Дзмітрый Карсюк прысудзіў яму яшчэ год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 

photo_2023_12_27_22_17_57.jpg

Першы раз студэнта юрыдычнага факультэта БДУ судзілі паводле «справы Зельцэра». Суддзя Святлана Бандарэнка асудзіла яго да пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на 2 гады, а таксама прызначыла штраф у памеры 200 базавых велічынь.

Уладзімір адбыў тэрмін і напрыканцы студзеня 2023 года выйшаў на волю.


Сілавікі затрымалі вартаўніка аднаго з гаражных кааператываў

На відэа сілавікоў ён кажа, што захоўваў дома «пратэсную сімволіку» і адзін раз удзельнічаў у маршах, а таксама нібыта пісаў каментары «для падтрымкі пратэсных настрояў». У відэа сілавікоў дэманструюцца гэтыя каментары: «Бога нет, РПЦ — говно», «Усіх у расстрэльны спіс!!!», «Жыве Беларусь! Слава Украине!».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманы — Павел Малынаў. 


Ігара Лосіка «тэрмінова» выклікаюць у аддзел прымусовага выканання Баранавічаў

26 снежня на імя палітзняволенага журналіста «Радыё Свабода», які ўжо 3,5 гады знаходзіцца ў няволі, прыйшла позва, у якой ён названы «даўжніком». Судовы выканаўца патрабуе тэрмінова спагнаць з Лосіка «выдаткі на ўтрыманне дзіцяці, кіруючыся артыкулам 37 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб выканаўчай вытворчасці».

photo_2023_12_27_22_31_07.jpg

У выпадку няяўкі да судовага выканаўцы «без важкіх прычын» Лосіка могуць «прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 25.6 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях», пазначана ў позве. 

Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі з 25 чэрвеня 2020 года. 14 снежня 2021-га ён быў асуджаны паводле ч.1 арт.293 КК і ч.3 арт.130 КК на 15 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Жонка Ігара, Дар'я Лосік, у студзені 2023 года была асуджана на два гады калоніі. На волі ў сужэнцаў засталася дачка Паўліна.

За данат у 30 еўра мінчуку прысудзілі два з паловай гады калоніі

У Гродзенскім абласным судзе шостага снежня вынесены прысуд 26-гадоваму жыхару Мінска Яўгену Філіповічу, якога абвінавацілі ў фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання паводле арт. 362-1 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядаў суддзя Юрый Казакевіч.

Па матэрыялах абвінавачання, Філіповіч у сакавіку 2021 года праз сетку Інтэрнэт і аплатную сістэму PayPal нібыта «пералічыў для забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці грашовыя сродкі ў памеры 29,35 еўра на банкаўскі рахунак, які знаходзіўся ў карыстанні прадстаўнікоў «BYPOL».

Сёння выйшаў на волю палітзняволены Андрэй Уткін з Гомеля

Ён цалкам адбыў тэрмін пакарання.

27 ліпеня 2022 года ў Гомельскім абласным судзе адбыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да маладога чалавека па артыкуле 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання») Крымінальнага кодэкса РБ і арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») КК РБ.

Андрэя Уткіна абвінавацілі ў тым, што ў першыя дні вайны, пачатай Расіяй супраць Украіны, ён сфатаграфаваў калону расійскай вайсковай тэхнікі, якая перасоўвалася па вуліцах Гомеля, і даслаў фота ў Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».

1 жніўня суддзя Гомельскага абласнога суда Царук Руслан вынес Андрэю Уткіну прысуд і пакараў яго 2 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Пакаранне мужчына адбываў у ПК №15 Магілёва.

25 лістапада 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў РБ дадало Андрэя Уткіна ў спіс «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

Уладзіміра Гундара пазбавілі спатканняў і перадач

Інваліда Уладзіміра Гундара, які з кастрычніка адбывае пакаранне ў «крытай турме» №4 у Магілёве, на год пазбавілі спатканняў і перадач. Гэта стала вядома ад крыніцы, якая спасылаецца на дакладныя звесткі пра Уладзіміра Гундара.

«Да верасня 2024 года перадачы і спатканні яму забаронены. Могуць даходзіць толькі лісты і медычныя бандэролі», — паведаміла крыніца.

Пры гэтым стала вядома, што Уладзіміру Гундару ўдалося вырашыць праблему з мыліцамі, і ён цяпер можа нармальна выходзіць на прагулкі.

«Ён атрымаў адмысловыя гумовыя накладкі на мыліцы. Цяпер з прагулкамі ўсё нібыта добра», — расказала крыніца.