Хронікі рэпрэсій за 20 траўня: канфіскацыя кватэр у беларусаў, якія з'ехалі, і новыя затрыманні

Часам абсурд у гэтай дзяржаве дасягае неверагодных межаў. Напрыклад, затрыманне 3D-дызайнера сілавікі абгрунтавалі наяўнасцю ў яго... рамана Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя».

hroniki_represij2_1__logo_1_logo_1_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1285 дзён, Дзяніс — 1165.

***

Святлана Ціханоўскаявыступіла з заявай у дзень народзінаў Ігара Лосіка:

— Сёння Ігару Лосіку спаўняецца 32 гады. Гэты вясновы дзень ён мусіў праводзіць разам з жонкай і дачкой. Атрымліваць асалоду ад сонца з маленькай Паўлінай, жартаваць пра нешта сваё з Дашай і будаваць планы на лета.

Але рэжым пазбавіў яго гэтай магчымасці, асудзіўшы на 15 гадоў турмы — самы вялікі тэрмін для беларускага журналіста. А жонку, якая стала голасам Ігара з моманту зняволення, рэжым з помсты прысудзіў да двух гадоў за кратамі.

Дзякуючы Ігару і ягонай працы сотні тысяч беларусаў і беларусак даведваліся праўдзівыя навіны пра тое, што адбываецца ў краіне. І як таленавіта ён іх асвятляў! Ведаеце, я веру, што насуперак таму, як старанна рэжым адразае яго ад людзей навокал, Ігар ведае: ён не адзін.

Ведае, як многім не хапае яго дасціпнага, іранічнага, але ў той жа час яснага і ўраўнаважанага погляду на свет. Ведаю напэўна: яго блізкія сябры і сёння ў складанай сітуацыі раяцца ў думках з Ігарам. Бо голас Ігара — гэта голас сумлення і прынцыповасці.

Ігар, як і мой муж Сяргей, як і Віктар Бабарыка, Максім Знак, Мікола Статкевіч, Маша Калеснікава, знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада. Аднак у нашых з вамі сілах данесці да палітвязняў цеплыню і падтрымку.

Працягвайце пісаць лісты, працягвайце нагадваць усім навокал пра людзей за кратамі. Гэта наш спосаб паказаць ім: якімі б магутнымі ні былі турэмныя муры, беларусы нават праз іх здольныя перадаць цеплыню ды святло.

***

КДБ наклаў арышт на кватэру дачкі палітыка Паўла Латушкі Яны. Пра гэта расказалі на праўладным тэлеканале АНТ у рубрыцы «Будзе дапоўнена», піша «Медыязона».

У сюжэце паказалі, што ўваходныя дзверы ў кватэру дачкі палітыка апячатаныя.

На тэлеканале расказалі, што арышты нерухомасці праходзяць у рамках заявы Следчага камітэта аб выяўленні 104 удзельнікаў беларускіх дыяспар, якія святкавалі Дзень Волі за мяжой. СК заявіў, што іх падазраюць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (арт.361-1 Крымінальнага кодэкса) і «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт.369-1 КК).

Паводле слоў вядучага Ігара Тура, арышты адбываюцца сярод тых беларусаў, якія заклікалі да ўвядзення санкцый у дачыненні да Беларусі. Гэтыя санкцыі нанеслі эканамічную шкоду Беларусі, за што следчыя вырашылі кампенсаваць гэтую шкоду за кошт арышту нерухомасці беларусаў, якія з'ехалі.

У сюжэце паказалі кватэру Аляксандра Шышко, якая цяпер здаецца ў арэнду. Да арандатараў прыйшлі супрацоўнікі КДБ і наклалі арышт на кватэру.

«Людзі, якія заклікаюць да санкцый супраць Беларусі, атрымліваюць з Беларусі даход, што несправядліва. Даход спадар Шышко атрымліваць перастане, а кватэра будзе канфіскаваная ў кошт кампенсацыі страт дзяржавы з-за санкцый, да якіх грамадзянін Шышко і заклікаў. Арандатарам давядзецца з'язджаць», — расказаў у сюжэце Тур.

У сюжэце паказалі таксама нерухомасць актывісткі Алы Пухавай, Андрэя Тупоўскага, Ганны Федаронак, гісторыка Віктара Якубава, актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Змітра Бандарэнкі.

Паказалі і кватэру журналіста-фрылансера Змітра Казакевіча. У роліку паказваюць, як сілавікі выломліваюць дзверы ў яго жыллё. Тур кажа, што калі «ўмоўна» ў кватэры Казакевіча пражывае маці, то кватэру ўсё роўна адбіраюць, і маці цяпер давядзецца жыць «дзесьці яшчэ».

Таксама ў сюжэце паказалі, як сілавікі арыштоўваюць і заварваюць ўваходныя дзверы ў кватэры актывістак Караліны Цярэнцьевай і Таццяны Баранавай.

Тур паведаміў, што для выяўлення абвінавачаных следчыя вывучылі ўсе чаты «замежжа» — і абвінавачаных «больш, чым 104, пра якія казала прэс-служба СК».

***

Адбыліся ператрусы ў кватэрах беларускіх эмігрантаў у Мінску, Магілёве і Гродне

Яны прайшлі 16-17 траўня, піша «Медыязона». Вядома, што родным аднаго з эмігрантаў следчы казаў, што «мае спіс з 200 чалавек», да каго яны пойдуць яшчэ.

Праваабаронцы нагадваюць, што СК распачаў крымінальную справу супраць 104 беларусаў, што выйшлі на акцыі да Дня Волі па ўсім свеце. Паведамлялася, што цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладанне арышту на маёмасць і іншыя працэсуальныя мерапрыемствы.

Таксама пасля таго, як Следчы камітэт Беларусі заявіў аб узбуджэнні крымінальных спраў у дачыненні да палітычных эмігрантаў, выданню «Флагшток» стала вядома пра арышт кватэр двух гамельчукоў, якія вымушана знаходзяцца за мяжой.

— Па пошце атрымалі паперу аб тым, што нерухомая маёмасць арыштаваная і нарэшце ўдалося дабрацца да кватэры... Апячатаная, завараная, пячатка, подпіс КДБ, — расказала пра адзін з выпадкаў крыніца выдання.

***

Перакладчыцу Вольгу Калацкую аштрафавалі на 800 рублёў, паведамляе «Вясна». Яе затрымалі на пачатку траўня, а дома ў яе прайшоў ператрус. Да суду яна знаходзілася на волі. 17 траўня яе асудзілі паводле арт.19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Суд прызначыў ёй 20 базавых велічынь (800 рублёў). У 2021 годзе Вольгу асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі» за тое, што падчас адной з акцый пратэсту яна нібыта ўдарыла прапагандыста Азаронка.

Вольга пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку творы Вірджыніі Вулф, Тэнесі Уільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, фільмы «Гладыятар», «Шрэк», «Сямейка Смітаў» ды іншыя.

***

57-гадовую мінчанку Лілію Яцэвіч затрымалі за каментары ў падтрымку Украіны, піша «Наша Ніва». У яе ёсць муж, дарослы сын і ўнук.

Лілія Яцэвіч пакінула некалькі соцень каментароў у розных супольнасцях у Тэлеграме. Каментары, якія паказвае ГУБАЗіК, накіраваныя на падтрымку Украіны. Жанчына, напрыклад, піша, што расійскія салдаты паводзяць сябе «як фашысты, звяр'ё, а іх маці абагаўляюць карліка» — маецца на ўвазе Пуцін.

Акаўнт Ліліі прывязаны да ўласнага тэлефона і называецца яе ўласным імем. Менавіта так яе і знайшлі «губазікаўцы» — да журналістаў акаўнт Яцэвіч хтосьці тройчы правяраў у тэлеграм-боце «Вока Бога».

«Губазікаўцы» сцвярджаюць, што супраць жанчыны завялі крымінальную справу паводле некалькіх артыкулаў.

***

Сілавікі затрымалі 3D-візуалізатара Антона Вайцяховіча. Сцвярджаецца, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, абражаў у каментарах прапагандыста Азаронка, дасылаў інфармацыю ў «Чорную кнігу Беларусі» і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», піша «Вясна».

У якасці доказаў «пратэснай дзейнасці» затрыманага сілавікі паказалі кадры з кнігай «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча, якую знайшлі ў Вайцяховіча.

***

Сілавікі затрымалі хірурга і актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Алену Церашкову, пра гэта паведамляюць праваабаронцы з dissidentby.

Паводле папярэдняй інфармацыі, Церашкова затрыманая ў рамках крымінальнага артыкула аб «грубым парушэнні грамадскага парадку» (ч.1 арт.342 КК). Праваабаронцы пішуць, што жанчына цяпер можа знаходзіцца ў СІЗА.

Дома ў жанчыны засталіся чацвёра дзяцей.

Алена Церашкова — сястра асуджанага на 5 гадоў калоніі актывіста грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага. Церашкову з мужам ужо затрымлівалі ў жніўні 2021 года. Чым тады скончылася затрыманне, невядома.

***

6 траўня паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» суд Партызанскага раёна Мінска прысудзіў правізара Рамана Круковіча да 2,5 гадоў «хатняй хіміі», паведамляюць «вясноўцы».

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ў жніўні 2020 года ён «знаходзіўся ў Мінску і рухаўся разам з сябрамі і знаёмымі па праезнай частцы праспекта Пераможцаў». Гэтым ён блакаваў рух транспартных сродкаў, што нанесла «Мінсктрансу» шкоду ў памеры 7 580 рублёў 22 капейкі. У тэлефоне ў Круковіча знайшлі фотаздымкі, якія пацвярджаюць удзел у акцыі.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, ён быў затрыманы вясной і да суду знаходзіўся пад закладам у 8 000 рублёў.

***

Аператара АНТ судзяць за «распальванне варожасці» і «заклікі да санкцый». Арыштаванага завуць Антон Казельскі. Мяркуючы па сацсетках, мужчыну 38 гадоў.

Вядома, што ён некаторы час жыў у Расіі, але апошнім часам – у Мінску. У Антона Казельскага ёсць жонка і дзіця, піша «Наша Ніва».

Суд над Казельскім пачаўся 20 траўня. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў — «заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы» (ч.3 арт.361 КК) і «распальванне варожасці» (ч.1 арт.130 КК). Яму пагражае ад 4 да 12 гадоў калоніі.

***

Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 473 дні, Максіма Знака — 468 дзён, Мікалая Статкевіча — 464 дні, Ігара Лосіка — 456 дзён, Віктара Бабарыкі — 393 дні, Сяргея Ціханоўскага — 323 дні, Уладзіміра Гундара — 290 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1374 палітвязні.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1541 чалавек. Сярод іх — 183 жанчыны і 1 непаўнагадовы. 20 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.