Леанід Судаленка: «Беларускім палітвязням трэба берагчы, наколькі магчыма, здароўе, спадзявацца выключна на сябе і сваіх блізкіх»
Ці ёсць сітуацыя з беларускімі палітвязнямі безнадзейнай? Што кожны з нас можа зрабіць ужо сёння, каб наблізіць іх вызваленне? У Дзень салідарнасці з ахвярамі рэжыму задалі галоўныя пытанні легендарнаму праваабаронцу, былому палітвязню Леаніду Судаленку.
«Толькі моцны ўльтыматум можа прымусіць Лукашэнку дастаць ключы ад турэмных камер»
— Спадар Леанід, вы казалі, што для вызвалення палітвязняў патрэбны ўльтыматум. Але ў той жа час прызнаваліся: «Мне невядомыя ніякія перамоўныя пляцоўкі, дзе б ішлі нейкія перамовы наконт гэтага». Скажыце, ці можна ў такім выпадку ахарактарызаваць сітуацыю з вызваленнем беларускіх палітвязняў як безнадзейную?
— Насамрэч сёння ў публічнай прасторы не бачна і не чутна гэтых перамоўных пляцовак. Вось заўтра адбудзецца сумеснае паседжанне абедзьвюх палат так званага беларускага парламенту, дзе хутчэй за ўсё амністыю юбілейную прымуць. Але яна зноў жа будзе не для палітычных, як і мінулая, ад снежня 2022 года, калі я яшчэ быў за кратамі.
То бок, «гарант» для сябе старонку падзей 2020 года перавярнуў адразу пасля выбараў, а для народа, які выйшаў Канстытуцыю бараніць ад узурпатара, не можа перавярнуць ужо амаль чатыры гады.
Пры жыцці былога міністра МЗС Макея некалькі палітвязняў былі памілаваны і ўсё, руху больш у гэтым кірунку няма. Хто сёння можа прымусіць галоўнага экстрэміста краіны пачаць вызваленне палітычных? Няма для яго аўтарытэтаў на гэты конт. Сітуацыя безнадзейная ў тым сэнсе, што ў грамадства няма моцных перамоўных пазіцый.
Толькі моцны ўльтыматум можа прымусіць Лукашэнку дастаць ключы ад турэмных камер. Вось над чым нам усім трэба думаць!
І чым хутчэй мы да гэтага прыйдзем, тым лепш будзе для палітвязняў і іх сем'яў. Інакш палітычных будзе выпускаць іншы прэзідэнт, не па прозвішчы Лукашэнка, а сітуацыя, калі ў краіне «не да законаў», як бачым, зацягваецца, і мы можам багата каго з іх наогул не дачакацца...
— І ўсё ж, на каго зараз найбольш варта спадзявацца палітвязням? Адкуль, хаця б тэарытычна, можа прыйсці дапамога?
— Я ўжо казаў пра аўтарытэтаў для Лукашэнкі, сёння іх ва ўсім свеце толькі два – расійскі ды кітайскі лідары, ад голасу якіх ён залежыць. Але і там, і там сітуацыя з палітвязнямі не лепшая за беларускую.
Папа Рымскі, які калісьці мяч футбольны малодшаму Мікалаю падарыў? Дык тых часоў ужо няма, мяч здуўся, у беларускіх турмах сядзяць каталіцкія святары і Вацікан тут бяссільны.
Еўрапейскія лідары чуюць голас Ціханоўскай, якая кажа ад імя беларускіх палітвязняў, але зрабіць, як бачым, нічога таксама не могуць. Польскі прэзідэнт Дуда не так даўно публічна прызнаўся, што не бачыць эфектыўных механізмаў для вызвалення нашых палітвязняў. І нават этнічнага паляка, беларускага журналіста Пачобута ён не здолеў вызваліць.
Тэарытычна беларускіх палітвязняў магла б выратаваць хуткая перамога Украіны ў вайне з Расіяй, але мы бачым, вайна ідзе трэці год і добрых навін з фронту таксама няма.
Пра што ўсё гэта кажа? Пра тое, што беларускім палітвязням трэба берагчы, наколькі гэта магчыма, сваё здороўе, спадзявацца выключна на сябе і сваіх блізкіх.
«Як я мог прызнаць віну ў тым, што 20 гадоў праваабарончай дзейнасці з'яўляюцца крымінальным злачынствам?»
— Апошнім часам мы бачылі шмат страшных навін пра стан Рыгора Кастусёва, які прызнаецца, што пражыць яшчэ некалькі гадоў «выглядае складанай задачай». У прамым эфіры мы назіраем за тым, як чалавек імкліва губляе здароўе за кратамі. Паводле праваабаронцаў «Вясны», у асаблівай рызыцы за кратамі знаходзяцца больш за 250 чалавек. Ці ёсць нейкія механізмы, якія дазволілі б наблізіць вызваленне хаця б гэтых людзей? Альбо адзіным рэальна працоўным механізмам для іх ёсць прашэнне аб памілаванні?
— Справа ў тым, што ў палітычных умовы адбыцця пакарання зусім іншыя, чым у звычайных асуджаных. На ўсіх без выключэння палітычных цапляюць жоўтую бірку профуліка па катэгорыі «схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці», што само па сабе цягне пакаранні. А калі маеш хоць адно пакаранне ў год, значыць, асуджаны не стаў на шлях выпраўлення. А калі не выправіўся, якое памілаванне, ці «памілуха», як яе завуць у тых месцах.
Фармальна кожны мае права звярнуцца да «гаранта» з «памілухай», але і тут для багата каго ёсць чырвоныя лініі – трэба прызнаць віну і раскаяцца! Як я мог, напрыклад, прызнаць віну ў тым, што 20 гадоў праваабарончай дзейнасці з'яўляюцца крымінальным злачынствам? Ні замена рэжыму на больш мягкі, ні ўмоўна-датэрміновае вызваленне, ні амністыя на палітычных не распаўсюджваюцца менавіта з-за жоўтай біркі і адвольных пакаранняў.
Зразумела, што і стан здароўя ў асуджанага, які не стаў на шлях выпраўлення, мала каго там цікавіць. Адсюль і тры смерці палітычных толькі ў гэтым годзе. Я ўпэўнены, што той жа Рыгор Кастусёў, ці 74-гадовы прафсаюзны лідар Васіль Бераснеў з'яўляюцца парушальнікамі рэжыму адбыцця пакаранння і ніхто з імі там пра стан здароўя размаўляць не будзе.
Прынамсі, пакуль не упадуць. Упадуць – тады ў коўдры зняволеныя данясуць да медпункта, а там, як лёс, куды крывая вынясе...
«Ідэальны вынік – поўная рэабілітацыя ўсіх пацярпелых ад рэжыму Лукашэнкі з прыцягненнем да адказнасці кожнага выканаўцы палітычных рэпрэсій»
— Вы шмат распавядаеце пра жудасны стан беларускіх палітвязняў на розных міжнародных пляцоўках, у тым ліку ў Еўрапарламенце. Паводле вашых адчуванняў, ці ёсць праблема беларускіх палітвязняў важнай для еўрапейскіх палітыкаў, альбо для іх заслухаць ваш даклад – хутчэй фармальнасць?
— Так, для сябе яшчэ ў турме прыняў прынцыповае рашэнне – выйду і не буду маўчаць. І да сёння не адмовіў ніводнаму медыя ў камунікацыях, незалежна ад таго, кім іх і як называе афіцыйны Мінск. Бо голас палітвязня — гэта тая зброя, якую ў нас немагчыма забраць.
У мінулым месяцы аб сітуацыі з палітзняволенымі ў беларускіх турмах я распавядаў, напрыклад, у сценах Еўрапарламента ў Бруселі, дзе еўрадэпутаты ад розных краін у адзін голас казалі, што мой голас з'яўляецца голасам выжыўшага сведкі рэпрэсій.
І няхай супраць мяне новыя крымінальныя абвінавачванні сёння ўжо перададзены ў суд, але я маўчаць не буду! Вельмі важна агучваць і дакументаваць кожны факт рэпрэсій у Беларусі, бо толькі дурань сёння кажа, што ў нашай краіны заўтра няма будучыні, што на замену дыктатару прыйдзе яшчэ адзін такі дыктатар. Я ўжо казаў, што любы, хто прыйдзе пасля Лукашэнкі, адразу ж паспяшаецца пазбавіцца ад яго спадчыны, а гэта значыць, будзе рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій і магчымае прыцягненне да адказнасці выканаўцаў палітычных рэпрэсій.
А што тычыцца еўрапейцаў, адкажу так. Калі б мы ўсе маўчалі, ці быў бы магчымым, напрыклад, даклад Вярхоўнага камісара Савету ААН па правах чалавека, у якім тое, што адбываецца ў Беларусі, названа злачынствам супраць чалавечнасці і прызначаны адказныя за правядзенне адпаведных расследаванняў?...
— На які ідэальны вынік вы разлічваеце, калі выступаеце перад еўрапейскімі чыноўнікамі?
— Ідэальны вынік для мяне ў гэтай сітуацыі – поўная рэабілітацыя ўсіх пацярпелых ад рэжыму Лукашэнкі з прыцягненнем да адказнасці кожнага выканаўцы палітычных рэпрэсій.
І я тут маю на ўвазе ў першую чаргу эфект шэраговага выканаўцы рэпрэсій, які ўжо сёння думае, што будзе з ім пасля Лукашэнкі. Я шмат бачыў гэтых выканаўцаў падчас свайго зняволення, таму сёння кажу: багата для каго розгалас пра іх «дзейнасць» з'яўляецца стрымліваючым фактарам сёння. Яны вельмі добра сочаць за незалежнымі медыя і ведаюць стаўленне да іх з боку еўрапейцаў.
Той жа начальнік атрада, які псаваў мне жыццё ўвесь тэрмін, аднойчы запытаў, ці дапамагу яму выехаць на працу дальнабойшчыкам у Польшу пасля яго выхада на пенсію.
І няхай сёння еўрапейскія чыноўнікі не могуць адчыніць брамы турмаў ды калоній, але ж яны дакладна сваімі наратывамі ўплываюць на выканаўцаў рэпрэсій у Беларусі. І гэта вельмі важна для тых, хто сёння за кратамі.
— Сёння па ўсім свеце пройдзе мноства акцый і перформансаў, мэта якіх – салідарнасць з беларускімі палітвязнямі. Ці ёсць рэальны плён ад падобных акцый? Альбо яны прыносяць больш карысці ўдзельнікам, чым палітвязням?
— Калі я быў па той бок калючага дроту, здавалася, што пра мяне ўсе забыліся. Адміністрацыі гэта робяць наўмысна, каб у палітвязняў складвалася ўражанне, што ты нікому не патрэбны. А калі я выйшаў і пабачыў, колькі людзей у мой бок казала цёплыя словы падтрымкі, я зразумеў, наколькі падтрымка з волі і салідарнасць дапамагае палітычным трымацца ў тых жудасных умовах.
Акцый і перформансаў у падтрымку палітвязняў багата ніколі не будзе. І няхай сёння яны не ўсе ведаюць пра нашу салідарнасць, але ўжо заўтра розгалас пра гэта пойдзе, у тым ліку і за калючы дрот. Звычайныя асуджаныя ведаюць там усё, навіны з Інтэрнэта таксама. Ды і на супрацоўнікаў калоній гэта таксама дзейнічае.
Узгадваю, як адзін афіцэр, які публічна ніколі на мяне не звяртаў увагі, знайшоў магчымасць застацца са мной сам насам, каб павіншаваць з Нобелеўскай прэміяй Алесю Бяляцкаму.
Вось я сёння буду ўдзельнікам акцыі ў Вільні на плошчы, публічна скажу словы падтрымкі палітвязням, нагадаю пра сваіх зняволеных паплечнікаў — праваабаронцаў. Скажыце, якую мне асабіста гэта прынясе карысць? Гэта мой адказ наконт плёну ад падобных акцый.
«Для мяне прыярытэтам з'яўляецца формула – усіх і адразу!»
— Яшчэ адна вашая цытата: «Вызваленне палітвязняў — галоўны прыярытэт цяпер у маёй дзейнасці». Ці не з’яўляюцца перашкодай на вашым шляху некаторыя прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці, якія называюць пошукі магчымасцей для вызвалення «гандлем палітвязнямі»?
— Ад моманту вызвалення і да сённяшняга дня тэма вызвалення палітвязняў для мяне асабіста – прыярытэт! Таму што ўсе палітычныя, як і я, кінутыя за краты без злачынстваў, а толькі за тое, што хацелі перамен.
Калі выйшаў, пабачыў вельмі багата новых гульцоў на гэтым полі, спатрэбіўся пэўны час, каб зразумець, хто ў якія вароты гуляе. Спачатку спрабаваў зразумець, што было зроблена, потым шукаў адказ на пытанне, што трэба рабіць. Не маўчаў увесь гэты час, распавядаў публічна пра ўмовы, у якіх выжываюць нашы сябры і сяброўкі. Наконт гандлю палітычнымі, для мяне прыярытэтам з'яўляецца формула – усіх і адразу! То бок, я не дапускаю думкі, што хтосьці сярод палітычных больш «заслужаны», а хтосьці менш. Выключэнне тут можа быць вось толькі той гуманітарны спіс, паводле якога неадкладнага вызвалення патрабуюць людзі, стан здароўя якіх можа не вытрымаць усяго тэрміну зняволення.
Я асабіста знаёмы з Анджэем Пачабутам, нават сябравалі з ім, але ж думаю, ён таксама супраць таго, каб яго асабіста размянялі на адкрыццё памежных пераходаў з Польшчай. Рэжым Лукашэнкі на гэта можа пайсці, але ж пытанне беларускіх палітвязняў, іх здароўя і нават жыццяў ад гэтага не зменіцца.
Яшчэ згадваю сон, які прысніўся мне аднойчы ў гомельскім ізалятары. Гэта быў час, калі яшчэ Алесь Бяляцкі пісаў лісты, маўляў, Лявон, трымайся, да восені будзеш дома! І бачыў у сне я тады перамовы ў турэмнай камеры — прыблізна такія, якія былі восенню 2020 года з Лукашэнкам ў амерыканцы. Толькі замест Лукашэнкі да мяне прыйшоў яго старэйшы сын Віктар. Ён і я, больш нікога! Болей з таго сна не памятаю нічога. Ды й не надаў бы яму ўвагі, але ж на свабодзе гэты сон паўтарыўся. Зноў Віктар і я. І ён мяне аб чымсьці просіць...
— Як вы лічыце, ці дастаткова прадстаўнікі першага шэрагу беларускага дэмакратычнага руху (Офіс Святланы Ціханоўскай, АПК, тыя ж кандыдаты на месца ў Каардынацыйную Раду) надаюць увагі менавіта вызваленню беларускіх палітвязняў?
— Амаль адразу пасля вызвалення я разам з Ціханоўскай быў у працоўнай паездцы ў Страсбургу, у сценах Еўрапарламенту распавядалі аб беларускіх палітвязнях. Уважліва адсочваю любую інфармацыю на гэты конт і бачу, што Офіс Святланы на кожнай высокай сустрэчы ўздымае тэму палітвязняў. Урэшце, за краты на вялікі тэрмін кінуты самы блізкі яе чалавек, бацька яе дзетак. Лічу, што яна робіць усё магчымае па гэтай тэме. Але яна гуляе на полі еўрапейскай палітыкі, дзе сёння няма адказу на пытанне, што трэба зрабіць, каб заўтра раніцай усе палітычныя ў Беларусі вярнуліся ў свае сем'і!
— Сёння, у Дзень салідарнасці з палітвязнямі, ці маглі б вы даць парады звычайным беларусам, якім баліць за суайчыннікаў, што пакутуюць за кратамі? Ці можам мы нешта зрабіць ужо сёння, каб наблізіць іх вызваленне?
— Сёння я заклікаю ўсіх да салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і іх сем'ямі. Свет імгненна змяняецца. Час і наша салідарнасць набліжае той момант, калі мур хутка рухне і пахавае свет стары...