Хронікі рэпрэсій за 19 верасня: Хапун у Глыбокім і рэзалюцыя Еўрапарламента пра становішча палітвязняў у Беларусі

Старонка з беларускімі мемамі ў Instagram прызнаная «экстрэмісцкай», а дэпутаты Еўрапарламента выказалі занепакоенасць становішчам беларускіх палітычных зняволеных

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб становішчы палітвязняў у Беларусі

«Дэпутаты Еўрапарламента выказваюць крайнюю занепакоенасць становішчам многіх палітычных зняволеных, аб якіх нічога не чуваць месяцамі, якія маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем або падвяргаюцца ізаляцыі і катаванням».

Прынятая рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады прадставіць інфармацыю аб становішчы палітвязняў і дазволіць доступ да іх адвакатаў, сваякоў і Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. Беларускія ўлады павінны неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў, дадалі дэпутаты Еўрапарламента, піша «Люстэрка».

У рэзалюцыі таксама падкрэсліваецца занепакоенасць «у дачыненні да 300 000 беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь пасля 2020 года і сутыкаюцца з палітычнымі пераследамі за мяжой».

Рэзалюцыя была прынятая 549 галасамі «за», 21 «супраць» і 37 «устрымаліся».

  • Актывістку з Рэчыцы Бажэну Жолудзь будуць завочна судзіць у Магілёве

На 2 кастрычніка прызначаны пачатак суда над актывісткай каманды Святланы Ціханоўскай з Рэчыцы Бажэнай Жолудзь. Яе збіраюцца судзіць у Магілёўскім абласным судзе. Працэс у закрытым рэжыме прызначаны весці суддзя Сяргей Мазураў.

Як паведамляе «Гомельская Вясна», Бажэну вінавацяць у «незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных» (арт. 203-1 КК), «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), а таксама ў «абразе суддзі» (арт. 391 КК).

Бажэна — рэчыцкая актывістка, дзяўчына загінулага кіраўніка «Беларускага дому ва Украіне» Віталя Шышова, якога знайшлі павешаным у Кіеве ў 2021-ым годзе. Падчас выбарчай кампаніі 2020 года яна была ўдзельніцай ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

  • Старонка з беларускімі мемамі ў Instagram прызнаная «экстрэмісцкай»
memy.jpg

Гаворка пра акаўнт «БелМемы», на які падпісаныя больш за 1700 чалавек. «Экстрэмісцкі» статус старонцы надаў суд Ленінскага раёну Гродна 18 верасня.

Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапілі Instagram-старонкі «Андрей Стрижак», «Libereco PHR», «INeedHelpBY», Telegram-канал, чат, старонкі ў Youtube, Instagram, TikTok «Оля Токарчук», TikTok-старонкі «nikmen131», «Не Избранные», а таксама сацсеткі праекту «Около культуры».

  • У Століне затрымалі як мінімум 5 чалавек

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што затрыманыя «займаліся экстрэмісцкай дзейнасцю».

Як паведамляе @viasna_brest, адзін з затрыманых у сацсетках падпісаны як Вадзім Вяткоўскі.

  • «Хапун» у Глыбокім — затрымалі 12 чалавек

Усіх затрыманых абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. На відэа сілавікоў паказана, як аднаго з затрыманых са зламанай рукой паклалі тварам на падлогу.

Па звестках @vicspring затрымана 12 чалавек, у тым ліку краязнаўца і даўні грамадскі актывіст Павел Лаўрыновіч. Частку затрыманых адразу адвезлі ў Віцебскі следчы ізалятар. Ім інкрымінуюць арт. 342 КК (арганізацыя, падрыхтоўка або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

  • Крымінальную справу супраць некаторых удзельнікаў праграмы «План: Б» прыпынілі

Паводле інфармацыі крыніцаў «Белсату», справу прыпынілі ў сувязі з тым, што не ўдалося выявіць месца знаходжання фігурантаў. Не далі ніякіх вынікаў ператрусы ў месцы іхнай прапіскі і ў сваякоў, а таксама абвяшчэнне іх у вышук.

Справаю займаецца кіраўнік аддзелу крымінальнага вышуку аддзелу ўнутраных справаў Гомельскага райвыканкаму, падпалкоўнік міліцыі Яўген Палазкоў. Справу вядзе следчы Аляксандр Цімашчэня.

Як паведамлялася, 5 чэрвеня гомельскі раённы аддзел Следчага камітэту завёў на вядоўцаў і ўдзельнікаў праграмы «План: Б», якая выходзіць на «Белсаце», крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), што прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да чатырох гадоў ці пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў. Фігурантамі справы зрабіліся больш за два дзясяткі асобаў.

  • Сцэнарыста з Барысава будуць судзіць за «заклікі да санкцыяў»

Кірылу Вевелю 40 гадоў. Ён родам з Барысава. Пасля школы скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Мужчына піша музыку і сцэнары да фільмаў. Ён ёсць таксама ў рэестры нацыянальных праваўладальнікаў.

Кірыла затрымалі ў студзені 2024 года. Спачатку яму далі суткі за «дробнае хуліганства». Пасля, падобна, яго не выпусцілі і завялі крымінальную справу, піша  «Наша Ніва».

Суд над Кірылам пачынаецца 23 верасня ў Мінгарсудзе. Яго абвінавачваюць у «закліках да санкцый» (арт. 361 КК). Справу Вевеля будзе разглядаць Святлана Чарапанава.