Хронікі рэпрэсій. Схапілі бацьку палітвязня Мікіты Залатарова, асудзілі некалькі сем’яў

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 24 жніўня.

_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas_logo.jpg_1.webp

Магілёўскі абласны суд вынес прысуд мясцоваму жыхару, бізнесоўцу Уладзіміру Тычынскаму. Суддзя Павел Клімаў прызнаў палітзняволенага вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК РБ). У віну 53-гадоваму Уладзіміру паставілі тое, што ў красавіку 2022 года ён зняў на свой мабільны тэлефон перамяшчэнне расійскай ваеннай Z-тэхнікі і адправіў відэа ў медыя, прызнанае ўладамі РБ «экстрэмісцкім».

На рэгіянальным дзяржканале заявілі, што Тычынскі «быў прыхільнікам укра-нацысцкіх фармаванняў», а таксама што «ездзіў з украінскай нацыяналістычнай сімволікай у сваім аўто». Пад апошнім меўся на ўвазе афіцыйны сцяг Украіны.

Суд прыгаварыў Тычынскага да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

ГУБАЗіК затрымаў дырэктара кавярні «Лаўка» Дзмітрыя Гвая і ягонага знаёмага прадпрымальніка Максіма Анціпа. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што затрыманыя наведвалі акцыі пратэсту, а ў сацсетках «публікавалі фотаздымкі пратэснага характару».

Суддзя суда Браслаўскага раёна Вольга Пракопчык 5 ліпеня пастанавіла арыштаваць на 10 сутак жыхара Мінска Андрэя Круглова, якому паставілі ў віну распаўсюд у сацыяльных сетках «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

У судзе быў агучаны пратакол адміністрацыйнага правапарушэння, з якога вынікала, што Андрэй быў падпісаны на шэраг YouTube-каналаў з назвамі «NEXTA» і «Zerkalo.iо», якія ў розны час былі ўключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Згодна з рапартам супрацоўніка сілавікоў, правапарушэнне было знойдзена «падчас нясення службы па ахове грамадскага парадку шляхам візуальнага агляду тэлефона правапарушальніка».

 

Глядзіце таксама

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк «знайшлася» ў рэчыцкім ІЧУ. «Туды Паліну этапавалі для правядзення загадкавых "следчых дзянняў". Хутчэй за ўсё, новая крымінальная справа нарэшце скончана, і Паліну будуць спрабаваць з ёй азнаёміць. Пасля гэтага Паліну, верагодна, ізноў этапуюць у СІЗА №3 Гомеля да суду. У рэчыцкім ІЧУ нам паведамілі, што Паліна ў іх знаходзіцца на "спецыяльным рэжыме", перадачы і пасылкі ёй забаронены», — напісаў у сацсетках муж Паліны Андрэй Шарэнда.

Палітзняволеных Сяргея і Алену Чабатар асудзілі да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Прысуд 8 жніўня вынесла Таццяна Пірожнікава ў судзе Маскоўскага раёна Мінска.

Сяргей шмат гадоў развіваў жаночы футбол у Беларусі, працаваў з трыма старшынямі АБФФ, а з жаночай мініфутбольнай камандай «Сталіцы» браў трафеі. Разам з жонкай Аленай яго затрымалі 4 чэрвеня. Паводле некаторай інфармацыі, мужчыну забралі проста з працоўнага месца.

Літаральна адразу ж ім прад'явілі абвінавачанне па «народным» арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Вядома, што іх апазналі па чужых відэа з акцый 2020 года.

Суд Ленінскана райна Мінска асудзіў па «народным» артыкуле 342 КК вядомага следчага, былога начальніка ўпраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці СК Аляксандра Сушко і ягоную жонку Алесю.

Суддзя Юлія Шчоткіна за ўдзел у дзвюх акцыях пратэсту прызначыла ім па тры гады «хатняй хіміі». Пасля абвяшчэння прысуду Аляксандра вызвалілі ў зале суда пасля амаль чатырох з паловай месяцы зняволення.

Па пастанове суда ноўтбук Lenovo вярнулі ў арганізацыю, дзе працаваў Аляксандр, «пры гэтым знішчыўшы экстрэмісцкую інфармацыю, якая змяшчаецца ў ім». Што маецца на ўвазе пад апошнім — не ўдакладняецца.


Глядзіце таксама

Да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі» асудзілі Кацярыну Цыўнель. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 342 КК за ўдзел у чатырох мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Вядома, што да прысуду жанчына знаходзілася пад вартай. Яе вызвалілі ў зале суда. Прысуд 27 ліпеня агучыла Юлія Шчоткіна ў судзе Ленінскага раёна Мінска.

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 23 жніўня па фотаздымку з акцыі пратэсту ў Дзяржынску асудзілі мужа і жонку Сяргея і Таццяну Дзешчыцаў.

Суддзя Юліяна Шчэрба прызнала іх вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК і прызначыла па 2,5 года абмежвання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу «хатняй хімііі».

Сяргей быў затрыманы падчас «хапуна» ў Дзяржынску напачатку красавіка і змешчаны пад варту. Да суда ён утрымліваўся ў жодзінскай турме.

У Мінгарсудзе 29 жніўня паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) пачнуць судзіць 26-гадовага Арцёма Караткевіча. Яго вінавацяць у адміністраванні чата «97% Серебрянка». Канал і чат былі прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваннем» ўжо пасля затрымання хлопца.

Вядома, што Арцём родам з Рагачова, вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Некалькі гадоў таму хлопец пераехаў у Мінск, апошнім часам працаваў афіцыянтам.

Справу будзе разглядаць Святлана Чарапанава.

У Мінскім гарадскім судзе завочна разглядаюць справу аб нападзе на амбасаду Беларусі ў Лондане 19 снежня 2021 года. Сяргея Рабушку, Аляксандра Напрэенку, Максіма Зуева і Вадзіма Багакова абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК («Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне варожасці»), ч. 3 арт. 218 КК («Наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці, якое прывяло да прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры») і ч. 1 арт. 366 КК («Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы»).

Працэс вядзе Дзіна Кучук. 24 жніўня для абвінавачаных завочна запрасілі тэрміны ад 8 да 10 гадоў калоніі.

Як адзначаецца ў абвінавачанні, «фігуранты здзяйснялі злачынствы, выпрабоўваючы злачынную ўсёдазволенасць, якая сфармавалася пад уплывам на іх інтэрнэт-рэсурсаў, тэлеграм-каналаў, чатаў і іншых інфармацыйных крыніц экстрэмісцкай накіраванасці, штучна мусіруючых пратэсныя настроі».


Глядзіце таксама

Палітзняволеных Таццяну Пыцько і Вячаслава Лазарава пачнуць судзіць 5 верасня.

Віцебскага відэааператра-фрылансера Вячаслава Лазарава затрымалі ў лютым пасля ператрусу. Пазней стала вядома, што яму прад'явілі абвінавачванне паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 6 чэрвеня затрымалі жонку Вячаслава — Таццяну. Пазней стала вядома, што яе вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (арт. 361-1 КК).

Дачку Таццяны і Вячаслава, якой днямі споўніўся год і адзін месяц, адразу накіравалі на ўтрыманне ў дзіцячы шпіталь — так робіцца ў тых выпадках, калі ў дзіцяці няма побач блізкіх сваякоў ці апекуноў, але пазней перадалі бабулі.

Суд над імі распачнецца ў Віцебскім абласным судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Яўген Буруноў у закрытым рэжыме.

Верагодна, затрыманы і арыштаваны бацька палітзняволенага падлетка Мікіты Залатарова. Прынамсі чалавек з імём Лапуноў Міхаіл Рыгоравіч быў арыштаваны на 15 сутак і не выйшаў сёння на волю. Такое ж самае імя мае бацька палітзняволенага Мікіты Залатарова.

Судзіў яго суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Кармановіч. Вынік другога суду невядомы, але на волю мужчына так і не выйшаў. Адсутнічае сувязь таксама і з жонкай Міхаіла.

Сын Міхаіла – Мікіта – адзін з наймалодшых затрыманых у выніку пратэстаў 2020 года. На той момант 16-гадовага Мікіту, хворага на эпілепсію, абвінавацілі ажно па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса і асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Пазней на хлопца завялі яшчэ адну крымінальную справу — за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка СІЗА і пагражаў яго родным. Агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў выхаваўчай калоніі.

Пасля 10 сутак арышту на волю выйшаў пастар царквы «Новае жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка. Яго затрымалі 14 жніўня і пазней асудзілі за «непадпарадкаванне».

На волю выйшаў палітвязень Валерый Панкратовіч. Валерыя затрымалі 5 кастрычніка 2021 года ў межах крымінальнай справы аб абразе Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэкса).

10 студзеня 2022 года над ім адбыўся суд у закрытым рэжыме, у выніку якога Валерый быў прызнаны вінаватым і пакараны 2 гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Свой тэрмін хлопец адбываў у папраўчай калоніі № 2. Вядома, што ў калоніі палітвязня змясцілі ў ПКТ да сканчэння тэрміну.