Хронікі рэпрэсій. Бізнесоўца асудзілі на 5 гадоў, па вяртанні з Літвы схапілі стаматолага з жонкай
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў за 22 жніўня.
У Гомельскім абласным судзе 21 жніўня да пяці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму асудзілі палітзняволенага прадпрымальніка з Мазыра Пятра Старацітарава, паведамляе «Гомельская вясна». 65-гадовага мужчыну затрымалі за антываенныя паведамленні, у якіх знайшлі абразу Лукашэнкі.
Ягоныя каментары ў інтэрнэце кваліфікавалі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку як «заклік да санкцый» і «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Справу ў закрытым рэжыме разглядаў Яўген Шаршнёў.
У 1992 годзе разам з сябрамі мужчына заснаваў кампанію «Лотас», саўладальнікам якой з'яўляецца і цяпер. Старацітараў атрымліваў граматы-падзякі ад выканкама і праваслаўнай царквы, уваходзіў у спісы найлепшых бізнесоўцаў Гомельшчыны.
У Маскоўскім судзе Брэста 11 ліпеня асудзілі Віталя
Бурачэўскага паводле арт. 369 (абраза
прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Марына Скалковіч
прызначыла Віталю два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову
адкрытага тыпу («хіміі») і штраф памерам 1850 рублёў.
Як паведамляе «Брэсцкая вясна», мужчыну абвінавацілі ў напісанні 2 лістапада 2021 года аднаго тэлеграм-каментара ў чаце «Лухтавікінгі» пра Мікалая Карпянкова, які ў 2020-м займаў пасаду кіраўніка ГУБАЗіК, а пасля быў прызначаны намеснікам міністра МУС.
Па вяртанні з Літвы затрыманы наваполацкі стаматолаг Аляксандр
Грудніцкі і яго жонка. Інцыдэнт
адбыўся 21 жніўня, паведаміла
крыніца «Позірку».
«Яны вярталіся ад сына з Літвы, іх затрымалі на беларускай мяжы. 22 жніўня Грудніцкі мусіў выйсці на прыём пацыентаў, але гэтага не адбылося», — сказаў суразмоўца.
Прычына затрымання, статус і месцазнаходжанне лекара і яго жонкі невядомыя.
Суддзя Браслаўскага раёна Аляксандр Вязіцкі 31 ліпеня прыняў рашэнне арыштаваць на 10 сутак кіроўцу-міжнародніка Дзмітрыя Жарскага, які, на думку суддзі, распаўсюджваў у сацыяльных сетках «экстрэмісцкія матэрыялы». На разгляд адміністратыўнай справы Дзмітрый не з'явіўся.
Суд устанавіў, што Жарскі захоўваў з мэтай распаўсюджання інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зместу, якая знаходзілася старонках сацыяльнай сеткі «Instagram» з назвай «NEXTA» і «Charter97.оrg».
Суддзя Вязіцкі пастанавіў арыштаваць кіроўцу-міжнародніка на дзесяць сутак і канфіскаваць у даход дзяржавы яго тэлефон, піша «Віцебская Вясна».
У пастаўчаніна Дзяніса Цыбульскага за «лайкі» забралі
3 тэлефоны і далі 22 сутак арышту, паведамляе
«Віцебская вясна».
Спачатку мужчыну арыштавалі на 15 сутак, затым — на 7. Абодва разы судзілі Цыбульскага за «экстрэмісцкія» матэрыялы ў «Аднакласніках». Вядома, што ў Дзяніса канфіскавалі «Xiaomi POCO X3» і «Samsung Galaxy J5».
Мужчына віну не прызнаў і заявіў на судзе, што калі «лайкаў» матэрыялы, якія яму спадабаліся, то не пераследаваў мэты іх распаўсюду і не рабіў рэпосты.
У судзе Нясвіжскага раёна 23 жніўня пачнуць разглядаць чарговую крымінальную справу
супраць 71-гадовага палітзняволенага Васіля Дземідовіча, якога судзяць
за каментары ў «Карніках Беларусі». Справу будзе разглядаць суддзя Дзмітрый
Гвозд, піша «Вясна».
Гэта ўжо шосты суд над пенсіянерам. Агулам яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік пятага суда пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць ужо 16 месяцаў.
У сувязі з тым, што палітзняволенага ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў», яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Апроч гэтага, у Васіля няма сваякоў, якія маглі б яго падтрымаць. Адзначым, што за апошні год пенсіянер перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах — таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.
Палітвязня Ягора Лянкевіча збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым. Яго затрымалі 9 снежня 2021 года ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 12 сакавіка 2022 года Ягора асудзілі да 5,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У чэрвені 2022 года КДБ уключыў палітвязня ў спіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Ён адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі № 1. «Вясне» стала вядома, што ў Наваполацку 5 верасня адбудзецца суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Ірыны Жаровай яго могуць перавесці на турэмны рэжым.
У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — «Хватит
бояться! – Татьяна Мартынова».
Рашэнне было прынятае МУС на падставе «арганізацыі дзейнасці па падрыхтоўцы
здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь,
дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб».
Сацсеткі
сатырычнага праекта «Грустный Коленька» прызнаныя «экстрэмісцкімі
матэрыяламі».
Таксама «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі тэлеграм-каналы «Валанцёры Офіса», «Good morning Gruchevka», «Беларускі Дом ва Украіне», «КААРДЫНУЮЧАЯ УПРАВА НАЦЫЯНАЛЬНА-ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ», «Домбровка-3 — чат квартала», старонку ва «УКантакце» «Альтернатива Беларусь», сайт і сацсеткі праекта «Shakal.Today», інстаграм-старонку «honor-blr» і тэлеграм-стыкеры «Дзякуй».
Палітзняволены
чыгуначнік Уладзімір Ланкевіч цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю. Пра
гэта стала вядома «Брэсцкай вясне».
Машыніста цеплавоза асудзілі да 3 гадоў калоніі за
спробу блакавання руху чыгуначнага транспарту шляхам замыкання рэек. Следства і абвінавачанне лічыла, што гэта магло
прывясці да цяжкіх наступстваў. Але Ланкевіч — сам чыгуначнік ды казаў, што
яго дзеянні (і дзеянні яго паплечнікаў) не маглі нашкодзіць звычайным людзям.