«Дзесьці ў іх птушачка за 2020 год стаіць». Беларусы распавялі, як вярталіся з-за мяжы

Усё часцей прыходзяць паведамленні, што на беларускай мяжы пры вяртанні ў краіну грамадзян дапытваюць і даглядаюць, у тым ліку патрабуюць паказаць тэлефоны. Dev.by прыводзіць гісторыі пра тое, як праходзілі мяжу беларусы, якія нядаўна вярталіся ў Беларусь з Польшчы, Літвы і Грузіі.

Фота "Польскага Радыё"

Фота "Польскага Радыё"

«Дзе працуеш, колькі зарабляеш?»

— Быў «народны» артыкул, але па ім ужо ў 2021 знаёмых «шманалі» ў аэрапорце, а мяне тады абмінула — напаткала толькі ў 2023-м.

Праходзіў допыт абодва разы, як перасякаў мяжу — польскую аўтобусам у траўні і літоўскую на машыне ў ліпені. Адбывалася гэта так: у памежнікаў нешта «завісала», і канваір адводзіў да чалавека ў цывільным. Працягласць кожнага (апытання) была хвілін 10—20: адзін раз тэлефон не глядзелі, другі глядзелі. Ноутбук не глядзелі. Было шмат асабістых пытанняў: як мне здаецца, спрабавалі разгайдаць эмацыйна.

Пытанні такія: дзе працуеш, колькі зарабляеш, ці не бачыў вайсковую тэхніку, ці ходзіш «на падзеі» там. У тэлефоне шукалі дэструктыўныя матэрыялы. Гартаючы мініяцюры, знайшлі здымак з ЛГБТ-маршу, і на ім у кутку сцяг. Паўшчувалі: «Што ж вы сказалі, што дэструктыўнага нічога няма».

Яшчэ цікавіліся штампамі ўезду—выезду і візамі: маўляў, да каго і навошта лётаў. Асабліва цікавіліся амерыканскай візай: чулі, грамадзянам Беларусі вельмі складана атрымаць амерыканскую візу... (Паўза). Што ты зрабіў [каб яе атрымаць]? Адказаў, што прыйшоў у амбасаду і атрымаў.


Глядзіце таксама

«Мне не паверылі адразу, што я з турыстычнай мэтай»

— У чэрвені ў «Каменным Логу» перасякаў мяжу на машыне. Дзесьці ў іх птушачка за 2020 год стаіць, але гэта першы раз, калі яна дала пра сябе ведаць, — да гэтага выязджаў у ЕС без праблем.

Людзі ў цывільным спыталі, ці бачыў я вайсковую тэхніку ў ЕС, ці ўступалі са мной у кантакт якія-небудзь падазроныя людзі, ці не перадавалі мне што-небудзь.

У Беларусі я не быў усяго тры тыдні, але ў размове мне не паверылі адразу, што я паехаў з турыстычнай мэтай, быццам ужо ўсе на ПМЖ з'ехалі. Падумалі, што працую ў ЕС і, магчыма, у мяне другі пашпарт або від на жыхарства.

— Дзе працуеце?

— У Мінску.

— Не, вы не зразумелі. У Еўропе дзе працуеце?

Яшчэ ў тэлефоне нешта паглядзелі і нагадалі, што нельга быць падпісаным на забароненыя каналы.

На ўсё сышло хвілін дзесяць. Пры выхадзе з будынка да пункта пропуску памежнік спытаў: «Адпусцілі?».


Глядзіце таксама

«Памежніца ўдакладніла, колькі я не была ў РБ»

Лётала ў Беларусь з Грузіі ў пачатку ліпеня. Памежніца ўдакладніла, колькі часу мяне не было ў Беларусі — менш за год/больш? Адказала, што прыкладна год. Пасля гэтага мой пашпарт забралі, а мяне адвялі ў абгароджаную стужкамі зону з лавачкамі і сказалі чакаць. За 15-20 хвілін з двух рэйсаў туды прывялі яшчэ чалавек 15 і па чарзе сталі выклікаць. Калі дайшла мая чарга, мяне адвялі на асобную лавачку і чалавек, які не прадставіўся, пачаў задаваць пытанні і правяраць мабільны тэлефон.

З пытанняў:

— Удзел у мітынгах 2020 года;

— Ці данаціла я куды-небудзь, у тым ліку УСУ;

— Ці звязваліся са мной спецслужбы Грузіі ці УСУ/ці прасілі аб дапамозе;

— Прычына наведвання радзімы і дзе я планую спыніцца;

— Агульныя пытанні наконт таго, што я наогул раблю за мяжой (сказала, што па працы перавялі ў грузінскі офіс).

Не ўпэўненая, што менавіта правяралі ў маім тэлефоне, экран я не бачыла. Але пытанняў па змесціве не было.

Пасля гэтага пашпарт аддалі і мяне прапусцілі. Усё доўжылася хвілін 20. Але, можа, і менш: у такія моманты час цячэ значна павольней, на выхадзе ў мяне трэсліся рукі. Іншых падстаў для гутаркі, акрамя часу адсутнасці, у мяне не было. Я так зразумела, што лепшая стратэгія ў такіх сітуацыях не скандаліць, не качаць правы і не паказваць, што ты пра гэта думаеш.

У адной жанчыны з маёй чаргі канфіскавалі пашпарт і сказалі забраць праз два тыдні па месцы прапіскі. На яе пытанне «чаму» чалавек у форме не адказаў, пра прычыны можна толькі здагадвацца. Быў яшчэ мужчына, які спрабаваў лаяцца — яго адвялі, і больш я яго ў чарзе не бачыла.

З прышпільнага: здаецца, у прыбіральню з чаргі (з ахоўнікам) адпускаюць толькі тых, у каго грамадзянства РБ. Пару жанчын пры мне не пусцілі. А ў мяне пасля пытання пра туалет спыталі грамадзянства.