Шрайбман: У выніку закрыцця межаў з ЕС Беларусь можа стаць Крымам у цэнтры Еўропы
Палітычны аналітык — пра наступствы поўнага закрыцця межаў з Еўрасаюзам для беларусаў і рэжымy Лукашэнкі.
Дарадца літоўскага прэзідэнта Кястуціс Будрыс мяркуе, што
цяпер няма неабходнасці ў поўным закрыцці мяжы з Беларуссю.
— Як мера, да якой трэба рыхтавацца і быць гатовым <...>, вядома, да яе трэба рыхтавацца, — прыводзіць словы Будрыса Літоўскае Нацыянальнае радыё і тэлебачанне. — Ці ёсць у дадзены момант такая неабходнасць, каб закрыццё мяжы істотна палепшыла сітуацыю з бяспекай для нас ці, скажам, паслужыла мерай уздзеяння на беларускі рэжым… Я не думаю, што мы цяпер знаходзімся ў такой сітуацыі, што нам гэта трэба.
Нагадаем, на мінулым тыдні Літва закрыла памежныя пераходы з Беларуссю «Шумскас» і «Цвярачус». У канцы гэтага месяца ў Варшаве прадстаўнікі МУС Літвы, Латвіі і Польшчы абмяркуюць план магчымага поўнага закрыцця межаў з Беларуссю.
Пра тое, як пагроза поўнага закрыцця межаў уплывае на рэжым Лукашэнкі, і якую чырвоную лінію павінны перайсці ўлады Беларусі, каб Польшча, Літва і Латвія пайшлі на поўнае закрыццё межаў, «Филин» паразмаўляў з палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам.
— Няма ніякага механізму для ацэнкі верагоднасці такіх падзей, як поўнае закрыццё межаў. Гэта альбо адбудзецца, альбо не, — адзначае палітычны аналітык. — Таму мы можам проста глядзець на танальнасць заяў Польшчы, Літвы і Латвіі і назіраць, куды яна ссоўваецца.
Пакуль мы бачым: усе яны кажуць, што падстаў для такога рашэння няма прама цяпер, але яны могуць узнікнуць, і краіны рыхтуюцца да сінхроннага закрыцця межаў, калі такія абставіны ўзнікнуць.
Якія гэта могуць быць абставіны, у прынцыпе таксама прагаворваецца. Гэта нейкія новыя правакацыі з удзелам вагнераўцаў або без іх, але проста правакацыі новага ўзроўню на мяжы. Гэта можа быць прымяненне зброі, масавыя прарывы мяжы або іншыя віды правакацый, прыдумаць якія мне не хапае крэатыўнасці. Але Лукашэнка ў гэтым сэнсе больш крэатыўны, чым я.
Думаю, што такая чырвоная лінія існуе для суседзяў. Уводзіць забарону — зачыняць мяжу прэвентыўна — трохі нелагічна, таму што тады губляецца здольнасць палохаць гэтым рашэннем, губляецца яго сіла застрашвання.
Калі яно ўжо будзе ўведзенае, тады Лукашэнку ўжо наогул нічога стрымліваць не будзе. А так гэта як дамоклаў меч, выкарыстоўваецца гэтымі краінамі як палітычны аргумент.
Што тычыцца таго, як паўплывае гэтая пагроза на рэжым Лукашэнкі, гэта будзе сур'ёзны эканамічны ўдар. Я не эканаміст, каб ацаніць гэта ў лічбах, але зразумелая справа, што гэта на нейкі час цалкам спыніць гандлёвыя аперацыі паміж Беларуссю і суседзямі і Еўрасаюзам у цэлым. Да гэтага часу ёсць гандаль непадсанкцыйнымі таварамі.
Думаю, поўнае закрыццё межаў з ЕС абрыне на нейкі час беларускую транспартную галіну, якая ўсё яшчэ займаецца перавозкамі на Захад. Гэта значыць, яны будуць перапрафіляваныя на іншыя кірункі — на ўсход, на Расію, але гэта абсалютна не тыя будуць аб'ёмы.
Затым гэта, безумоўна, ударыць па спажывецкім рынку, таму што будзе дэфіцыт у першую чаргу імпартных тавараў. Наколькі я ведаю, гэта і садавіна, і гародніна, і лекі, і рознае прасунутае абсталяванне, у тым ліку і для медыцынскіх паслуг. Гэта значыць, наступствы будуць вельмі шырокімі, гуманітарнымі.
Складана сказаць, наколькі балючымі яны будуць асабіста для Лукашэнкі. Думаю, што ён адчуе іх далёка не першым — першымі іх адчуюць звычайныя беларусы. Плюс, зразумела, немагчымасць прыехаць у Літву ў Польшчу. Гэта тычыцца ў тым ліку сваякоў палітычных эмігрантаў, якіх у Літве і Польшчы стала вельмі шмат.
Паступова нейкія гандлёвыя ланцужкі адновяцца, і яны будуць проста прыходзіць у Беларусь абыходнымі шляхамі праз Расію, што будзе нашмат даражэй. У цэлым гэта будзе вельмі нагадваць сітуацыю з Крымам.
Беларусь будзе такім Крымам у цэнтры Еўропы, з жалезнай заслонай па межах, акрамя адной — мяжы з Расіяй. У Крыме дэфіцыт некаторых тавараў, асартымент бедненькі, усё даражэй. Нешта падобнае будзе і ў нас.
Да якіх палітычных наступстваў гэта можа прывесці, я не ведаю. Сумняваюся, што ад гэтага ўпадзе рэжым, тым не менш гэта даволі балючая мера, якой Лукашэнка відавочна хоча пазбегнуць, таму пакуль рэзкай эскалацыі на межах з яго боку таксама не бачым, але ўсё можа памяняцца, — заключае Арцём Шрайбман.