Не проста «вінцік сістэмы». Хто такі Андрэй Швед, які кіруе Генпракуратурай?
Адзін з тых, хто адказвае за літаральнае ўвасабленне ў жыццё фразы дыктатара «Часам не да законаў». Чалавек, на чыіх руках — тысячы зламаных лёсаў і дзясяткі загубленых жыццяў.
«Люстэрка» сабрала ўсё, што вядома пра сённяшняга «генпракурора» Андрэя Шведа. Прапануем вам найбольш цікавыя эпізоды з жыцця адыёзнага чыноўніка, якія ў далейшым абавязкова стануць тамамі яго крымінальнай справы.
У момант прызначэння на пасаду Генпракурора ў верасні 2020 года Андрэй Швед быў мала вядомы грамадству. Былы старшыня Дзяржкамітэта судовых экспертыз раптоўна стаў адным з самых публічных чыноўнікаў краіны.
Доўгая дарога да Савету Бяспекі
Швед нарадзіўся ў 1973 годзе ў палескай вёсцы Глушкавічы ў Лельчыцкім раёне. Гэты населены пункт знаходзіцца на самай мяжы з Украінай — прычым ён як бы паўакружаны тэрыторыяй краіны-суседкі з поўдня, усходу і захаду. Адзіная дарога з Глушкавічаў у Беларусь (на Лельчыцы) праходзіць па тэрыторыі Жытомірскай вобласці Украіны. Кіроўцам забаронена спыняцца на ўчастку даўжынёй прыкладна ў 3 км.
Менавіта адтуль родам бацька цяперашняга генпракурора Іван Швед — там жа ён працаваў дырэктарам школы, а маці будучага лукашыста Зінаіда прыехала туды працаваць настаўніцай матэматыкі.
«Іван Васільевіч — залаты быў чалавек. Колькі я адпрацавала, з ім ніхто не параўнаецца», — расказвала «Нашай Ніве» былая работніца школы. Пры гэтым, як пісала выданне,бацька будучага генпракурора памёр маладым. У вёсцы кажуць, што яго жонка не хацела жыць у Глушкавічах, а таму сям'я рыхтавалася да пераезду да яе на радзіму — на Магілёўшчыну. У адну з паездак туды Іван і загінуў — яго машына сутыкнулася з лесавозам.
Адбылося гэта ў канцы 1970-х. Пахаваны бацька Шведа ў Глушкавічах. Маці ў хуткім часе ўсё ж пераехала ў Леніна Горацкага раёна. Там і прайшло дзяцінства будучага генпракурора.
Вядома, што ў 1996 годзе Андрэй Швед скончыў юрфак БДУ па спецыяльнасці «правазнаўства». І, калі верыць афіцыйнай біяграфіі, наступныя дзесяць гадоў правёў у пракуратуры, пачаўшы службу там з пасады стажора, а затым — памочніка пракурора раёна. Як сцвярджалі, ён нават спрабаваў удзельнічаць у расследаванні знікненняў палітычных апанентаў Лукашэнкі. Да 2006-га яго кар'ера была досыць класічнай, але ў той год рэзка пайшла ўгару. Звязваюць гэта нібыта са знаёмствам Шведа з Віктарам Лукашэнкам — аднак ні пра дату гэтага знаёмства, ні пра абставіны нічога невядома.
У 2006 годзе Андрэй Швед стаў начальнікам юрыдычнага ўпраўлення Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі. Аніякіх звестак пра яго працу ў гэты перыяд не знойдзена. Вядома толькі, што прыкладна з 2007 года яго зарплата вырасла ў разы — у 2008 годзе даход складаў прыкладна 5500 долараў у месяц.
У 2010-м Швед вярнуўся ў пракуратуру — прычым адразу на пасаду намесніка генпракурора. Можна было меркаваць, што ў хуткім часе ён можа заняць і крэсла кіраўніка ведамства, аднак у 2011-м выбар зрабілі на карысць намесніка старшыні Вярхоўнага суда Аляксандра Канюка. Але сваю долю вядомасці Швед атрымаў ужо тады — і тут не абышлося без трагедыі.
Выбух у метро
11 красавіка 2011 года на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінску прагрымеў выбух. На месцы загінулі 11 чалавек, пазней у бальніцы памерлі яшчэ чацвёра, больш за чатыры сотні пацярпелі.
«Нам кінуты сур'ёзны выклік. Камусьці выгадна падарваць стабільнасць у нашай краіне. Спакойнага жыцця нам не дадуць. І павінен быць знойдзены адэкватны адказ. І з адказам на пытанне, хто гэтыя вырадкі, прашу паспяшацца», — адразу ж пасля таго, што адбылося, заявіў Лукашэнка. Была ўзбуджаная крымінальная справа аб тэракце, а следчую групу ўзначаліў якраз намеснік генпракурора Андрэй Швед. Ужо праз два дні Лукашэнка абвясціў, што тэракт раскрыты, пахваліў сілавікоў і невядома навошта распарадзіўся правесці допыты актывістаў апазіцыі.
Затрыманымі аказаліся 25-гадовыя віцебчукі Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў.
13 красавіка Швед асабіста дапытваў затрыманага Канавалава — і той сапраўды прызнаўся ў тым, што арганізаваў выбух. Аднак далейшае следства па гэтай справе пакінула ў СМІ і часткі грамадства, а таксама ў родных асуджаных мноства пытанняў: пачынаючы ад дэталей самога тэракту і заканчваючы матывамі, якімі кіраваліся Канавалаў і Кавалёў. У прыватнасці, часцей за ўсё абмяркоўвалася дзіўная фраза, сказаная самім Канавалавым на пытанне аб тым, навошта ён арганізаваў выбух: «Для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь».
Журналісты слушна падазравалі, што за дзіўнай фармулёўкай аб дэстабілізацыі абстаноўкі ў якасці матыву можа стаяць спроба схаваць заказчыкаў тэракту. Аднак Швед адкідаў такую магчымасць: «Не, і гэта стоадсоткавая ўпэвненасць, якая грунтуецца на выманнях праверкі следчай групы, вышуковых мерапрыемстваў. Ніхто за ім не стаіць. Не трэба шукаць тут сэнсацыі, яе проста няма. Няма аніякіх сумневаў, што Канавалаў і Кавалеў — адзіночкі, якія такім чынам спрабавалі рэалізавацца ў жыцці».
У кнізе пра тэракт у метро журналіста «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча можна падрабязна прачытаць пра шмат несастыковак у справе Канавалава і Кавалёва. Тым не менш, у лістападзе 2011 года мужчынам быў вынесены прысуд — расстрэл. Яго прывялі ў выкананне ў сакавіку 2012-га, нягледзячы на пратэсты праваабаронцаў і часткі грамадства.
2020-ты, «не да законаў» і падаўленне пратэстаў
9 верасня 2020 года — роўна праз месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў — Аляксандр Лукашэнка зняў з пасады генпракурора Аляксандра Канюка. Журналісты меркавалі, што прычынай магла быць залішняя мяккасць кіраўніка ведамства падчас пратэстаў: Генпракуратура нават удзельнічала ў датэрміновым вызваленні затрыманых падчас масавых акцый па ўсёй Беларусі. Пазней Канюк з'ехаў працаваць паслом Беларусі ў Арменію.
У той жа дзень Лукашэнка прызначыў на месца Канюка Андрэя Шведа, які дзесяцігоддзем раней быў яго падначаленым. На наступны дзень палітык прадстаўляў новага генпракурора калектыву — тады ж прагучала вядомая фраза «Часам не да законаў». «Я не заклікаю вас выратаваць дзяржаву ў парушэнне закона. Хоць калі ажыццяўляецца практычна нахабная інтэрвенцыя, як я называю, звонку і яна падаграваецца знутры і кіруецца звонку, там часам не да законаў, трэба прыняць жорсткія меры, каб спыніць усякую дрэнь, якая на гэта прэтэндуе. У дадзеным выпадку сітуацыя не такая», — сказаў тады пракурорам Лукашэнка.
Швед успрыняў гэта як указанне да дзеяння — і стаў адным з самых актыўных ахоўнікаў рэжыму.
«Кіраўніком дзяржавы пастаўлены канкрэтныя задачы, якія павінна вырашаць пракуратура ў бліжэйшы час. Задача ў асноўным адна: захаваць незалежнасць, суверэнітэт нашай рэспублікі. І пракуроры тут павінны сказаць — і скажуць — сваё важкае слова, — заявіў падчас свайго прадстаўлення кіраўнік ведамства, якое павінна ахоўваць захаванне законнасці. — Сёння перад пракурорамі стаіць задача ўзмацніць работу па прафілактыцы любых праяў, звязаных з парушэннем грамадскага парадку. Мы мабілізуем і прымусім усіх, хто абавязаны займацца гэтымі пытаннямі: усе дзяржаўныя органы, усіх службовых асоб, — адзіным фронтам забяспечыць нашай краіне спакой і правапарадак».
У першыя дні пасля прызначэння ён сабраў пракурораў і абвясціў, што тыя, хто не згодны з палітыкай дзеючых уладаў, павінны сысці. І такія людзі былі: напрыклад, у кастрычніку 2020 года Генпракуратуру пакінулі шэраг высакакласных спецыялістаў, у тым ліку начальнікі аддзелаў і намеснікі начальнікаў упраўленняў. Сярод іх быў Алег Талерчык, які пазней далучыўся да ініцыятывы «BYPOL». «Я вырашыў расказаць пра сваё рашэнне, каб сімвалічна падтрымаць смелых беларусаў, якія падвергліся рэпрэсіям. Як прафесіянал у сітуацыі, якая склалася, я ім дапамагчы, на жаль, не змог», — сказаў ён у каментары разгромленаму ўладаму парталу TUT.BY.
24 верасня 2020 года Швед заявіў, што ні адзін арганізатар і ўдзельнік несанкцыянаваных акцый не сыдзе ад адказнасці. «Усе вінаватыя будуць пакараныя рана ці позна. Ні адзін блогер, ні адна асоба, якая здзейсніла злачынства не толькі на несанкцыянаваных мерапрыемствах, але і ў Інтэрнэце, не сыдзе ад адказнасці. Сёння вядзецца вельмі актыўная праца па выяўленні такіх асоб і прыцягненні іх да адказнасці», — сказаў Швед і падкрэсліў, што за ўсе «незаконныя дзеянні» ўдзельнікам і арганізатарам давядзецца пакрыць шкоду.
У кастрычніку 2020-га Швед расказаў пра ўзбуджэнне 400 крымінальных спраў за парушэнне грамадскага парадку падчас акцый пратэсту. Што ж тычыцца заяў (больш за 1800) грамадзян, якія пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў, то, як адзначыў генпракурор, «у нас прававая дзяржава». «Няма аніводнага факта, каб заява-паведамленне грамадзяніна аб здзяйсненні ў дачыненні да яго супрацьпраўных дзеянняў не было зарэгістравана і не разглядалася ва ўстаноўленым парадку. Усяму свой час, ёсць працэсуальныя тэрміны, будуць прыняты законныя рашэнні па кожным паведамленні», — запэўніў ён. Праз год СК адмовіцца распачынаць крымінальныя справы паводле фактаў жорсткасці сілавікоў, спаслаўшыся, што факты не знайшлі пацверджання (хоць ужыванне гвалту прызнаваў нават Лукашэнка).
Таксама Швед пачаў актывізаваць працу следства пры пракуратуры (нагадаем, за гады да гэтага ён казаў пра паляпшэнне якасці расследаванняў пасля з'яўлення спецыяльнага ведамства — Следчага камітэта; пазнейшыя дзеянні супярэчылі яго гэтым яго заявам) — да прыкладу, менавіта Генпракуратура расследавала справу аб гібелі Рамана Бандарэнкі на «Плошчы Перамен». У верасні 2021-га справа была прыпыненая «з прычыны неўстанаўлення асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага».
У снежні 2020 года ЕС паведаміў аб увядзенні санкцый супраць шэрагу беларускіх грамадзян і юрыдычных асоб, сярод іх быў і Андрэй Швед. «На пасадзе генеральнага пракурора Беларусі ён нясе адказнасць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, у прыватнасці за стварэнне шматлікіх крымінальных спраў супраць мірных дэманстрантаў, лідараў апазіцыі і журналістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Ён таксама рабіў публічныя заявы, пагражаючы расправай удзельнікам "несанкцыянаваных мітынгаў"», — гаварылася ў рашэнні Еўрасаюза.
Тым не менш, актыўнасць Шведа дала вынік: да пачатку 2021 года буйныя вулічныя акцыі ў Беларусі амаль спыніліся. «Комплекс мер, які распрацаваны і рэалізаваны, дае станоўчыя вынікі, і гэта відаць няўзброеным вокам. Сёння на нашых вуліцах забяспечаныя бяспека, мір і спакой, і праваахоўныя органы і далей будуць працаваць у такім ключы», — заявіў генпракурор на пачатку студзеня 2021 года падчас сустрэчы з Лукашэнкам.
Але палітыку гэтага, мабыць, здалося мала: пасля той жа сустрэчы Швед расказаў пра даручэнне ўзмацніць адказнасць за «праявы экстрэмізму»: «Генеральная пракуратура падрыхтавала блок прапаноў, звязаных з узмацненнем адказнасці за экстрэмізм і парушэнне грамадскага парадку. І ў гэтай частцы таксама дадзена даручэнне сёлета ўнесці адпаведныя прапановы». У красавіку Швед таксама анансаваў іншыя змены ў гэтай сферы: у прыватнасці, магчымасць караць «за любыя праявы экстрэмізму», а не толькі за «арганізацыю і кіраванне экстрэмісцкім фарміраваннем». Гэта значыць, за фінансаванне, прапаганду і нават за выкарыстанне сімволікі. Пазней адпаведныя змены будуць прынятыя парламентам і ўсё гэта выльецца ў шматлікія крымінальныя справы супраць беларусаў, а таксама недзяржаўных арганізацый і СМІ, якіх не атрымлівалася абвінаваціць у прамым супрацьдзеянні сілавікам падчас пратэстаў. Толькі да ліпеня 2022 года такіх спраў было ўзбуджана больш за 11 тысяч.
Увесну 2021-га Швед даў сваю характарыстыку падзеям 2020-га: ён назваў «бясспрэчным фактам» тое, што гэта было «спробай дзяржаўнага перавароту», падчас якой «прымянілася тэхналогія каляровай рэвалюцыі».
Больш фактаў пра аднаго з самых адданых прыхільнікаў Лукашэнкі можна пачытаць на«Люстэрку».