Хронікі рэпрэсій. 72-гадовага палітвязня будуць судзіць восьмы раз

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі за 18 траўня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1_1.png

72-гадовага пенсіянера Васіля Дземідовіча 20 траўня ў Крупках будуць судзіць у восьмы раз. Яго абвінавачваюць паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 391 КК (абраза суддзі). Справу будзе разглядаць суддзя Алег Лагачоў.

Гэта ўжо восьмы суд над пенсіянерам. Агулам яго асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх трох судоў пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць амаль два гады.

У сувязі з тым, што палітзняволенага ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў», яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Адзначым, што за апошні год пенсіянер перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах — таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.

Беларуса затрымалі за каментары ў падтрымку Украіны — яго «пакаяльнае відэа» знялі на фоне расійскага сцяга і пад песню пра «святую Русь». Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што затрыманы жыхар Магілёва пісаў «негатыўныя каментары на адрас расійскіх вайскоўцаў».

За ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту затрымалі жанчыну. Яе прымусілі сказаць, што яна распаўсюджвала «экстрэмісцкія матэрыялы», пакідала абразлівыя каментары і пісала ў чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі».


Глядзіце таксама

Сілавікі затрымалі жыхара Магілёва за каментары ў інтэрнэце. Сцвярджаецца, што затрыманы напісаў «больш за 7000 негатыўных каментароў з пагрозамі фізічнай расправы ў адрас прадстаўнікоў улады». Падчас затрымання адзін міліцыянтаў кажа мужчыну, што ён затрыманы паводле артыкулу аб абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК).

«Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўніўся тэлеграм-каналам «Андрэй Бука. Думкі ўслых». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Кастрычніцкага раёну Мінска 15 траўня. «Экстрэмісцкім» таксама прызнаны тэлеграм-бот гэтага канала. Адзначым, што ў згаданым тэлеграм-канале 3 падпісанты, а апошні пост там быў апублікаваны больш за год таму.

Мінская абласная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу на аўтара абразлівых каментороў на адрас пракурора Мінскага раёна, якія былі пакінутыя тэлеграм-канале «Дзікае Паляванне Chat» у траўні 2024 года. Паведамляецца, што справу ўзбудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады).


Глядзіце таксама

Суддзя суда Пастаўскага раёна Наталля Максімовіч 25 красавіка за разгалошванне персанальных звестак былога функцыянера ад спорту аштрафавала на 200 рублёў мясцовага футбольнага фаната, ахоўніка крамы Юрыя Катовіча.

У судзе гаварылася пра тры факты, калі Юры ў супольнасці «Bel.Football-Беларускі футбол» сацыяльнай сеткі «УКантакце» наўмысна размясціў для ўсеагульнага агляду фатаграфію, якая змяшчае персанальныя звесткі Дзмітрыя Іванянкова, чым нібыта незаконна распаўсюдзіў персанальныя звесткі апошняга без яго згоды.

Дзмітрый Іванянкоў раней працаваў прэс-аташэ футбольнага і хакейнага клубаў Віцебска. На судовым пасяджэнні мужчына катэгарычна заявіў пра тое, што правапарушэнняў не здзяйсняў, а таму не вінаваты. Аднак суддзя Максімовіч не пагадзілася з пазіцыяй Катовіча і на падставе ч. 3 арт. 23.7 КаАП прысудзіла яму штраф у памеры 200 рублёў.


Глядзіце таксама

Прызначаная дата апеляцыі па справе палітзняволенай грамадзянкі Украіны, асуджанай за «шпіянаж». У Гомелі амаль месяц у закрытым пасяджэнні праходзіў суд над грамадзянкай Украіны Наталляй Захаранка і Ларысай Крупа. Захаранка абвінавацілі ў «шпіянажы на карысць Украіны» паводле арт. 358 КК, а яе знаёмую ў неданясенні аб злачынстве (ч. 2 арт. 406 КК). Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў Наталлі 9 гадоў зняволення.

Як паведамлялі ўкраінскія медыі, Наталля была валанцёркай, пасля пачатку вайны перавозіла ў ЕС і Беларусь украінскіх уцекачоў, перадавала дакументы і лекі. Да пачатку расійскай агрэсіі прадпрымальніца Наталля часта ездзіла ў Гомель гандляваць на мясцовым рынку.

Вярхоўны суд 24 траўня разгледзіць апеляцыйную скаргу Наталлі. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Паўла Каршуновіча.

Выйшаў на волю палітвязень Ігар Галушка. Пра вызваленне вядомага гомельскага арганізатара турыстычных паходаў і сплаваў «Флагшток».

Ігара Галушку асудзілі на 2,5 гады зняволення па двух палітычных артыкулах — распальванне варажнечы і абраза Лукашэнкі. Прычынай яго затрымання сталі допісы ў сацыяльных сетках у падтрымку Украіны пасля пачатку расійскага ўварвання.

Падчас зняволення імя Ігара Галушкі было занесена ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» і спіс грамадзян, «якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».