«Твая маці цябе кінула». Дзеці як інструмент ціску на палітзняволеных жанчын

Дзяржава робіць усё, каб зламаць сваіх апанентаў і апанентак, і таму не выбірае сродкаў. У ход ідзе ўсё, у тым ліку і ціск праз дзяцей, якіх прымусам адбіраюць у сямей.

01000000_c0a8_0242_42cd_08dc3ee9ca61_w2395_n_r0_st_s_d2.jpg

Збіццё, ізаляцыя ад сваякоў, адпраўкі ў ШІЗА, падаўжэнне тэрміну, пазбаўленне пасылак і спатканняў, адмова ў аказанні медыцынскай дапамогі — гэта тое, з чым сутыкаўся кожны палітвязень у Беларусі. З 2020 года беларускія ўлады папулярызавалі яшчэ адзін спосаб ціску: крытыкаў рэжыму пазбаўляюць бацькоўскіх правоў або пагражаюць адабраць дзяцей. У асноўным гэта адбываецца з жанчынамі. «Настоящее время» расказвае іх гісторыі.

«Я вельмі патрэбна сваім дзецям»

Калі шматдзетную маці Алену Маўшук прысудзілі да шасці гадоў агульнага рэжыму, яна напісала на аркушы са сшытка «Я павешуся» і паказала прысутным у залі суда. На той момант жанчына ўсведамляла, што вырашаны быў не толькі яе лёс, але і лёс яе непаўналетніх дзяцей. У дзень вынясення ёй прысуду пад варту ўзялі і мужа Сяргея, пасля яго прысудзілі да шасці з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Алену затрымалі ў ноч на 10 жніўня 2020 года ў Пінску. «Аголеная, босая і збітая» — так сукамерніца Алены апісала Сяргею стан яго жонкі пасля затрымання. Яе абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавых беспарадках,» а пазней зарэгістравалі ў СІЗА як «схільную да захопу ўлады з дапамогай захопу закладнікаў і праявы агрэсіі». Алена таксама расказвала, што да яе ўжывалі фізічны і псіхалагічны гвалт.

Алена і Сяргей выхоўвалі пяцярых дзяцей, двое з іх паўналетнія. Пасля арышту Алены органы апекі забралі ў сацыяльны прытулак яе дачку, пяцікласніцу Ангеліну. Сваё рашэнне яны абгрунтавалі тым, што Сяргей — айчым дзяцей. Беларускія дзяржслужачыя вырашылі, што з айчымам ім заставацца нельга, таму ў суправаджэнні міліцыі забралі дзяўчынку са школы і павезлі ў прытулак. Пазней сацапека забрала і другую непаўналетнюю дачку, Карыну.


Глядзіце таксама

У апошнім слове Алена прасіла змякчыць ёй пакаранне дзеля дзяцей. «Я вінаватая толькі ў тым, што нанесла ўдары па шчыце. Але зрабіла я гэта ў мэтах абароны, як толькі мне нанеслі моцныя ўдары дубінкай. Я вельмі шкадую і раскайваюся. Больш ніякіх дзеянняў я не рабіла. Прашу вас жорстка мяне не караць. Я вельмі патрэбна сваім дзецям, мяне хвалюе іх лёс. Прашу змякчыць маё пакаранне, бо ў мяне непаўналетнія дзяўчынкі, адной адзінаццаць, другой пяць гадоў», – сказала яна.

Але Алене не толькі не змякчылі пакаранне, але і пазбавілі яе бацькоўскіх правоў. Дачку Карыну забралі проста з дзіцячага садка адразу пасля прысуду. Цяпер апеку над Ангелінай удалося аформіць яе хроснай маці, а Карыну забралі з прытулку сваякі.

«Твая мама цябе кінула, ты цяпер едзеш у прытулак»

Журналістка Яўгенія Доўгая ўзначальвае медыя-праект «Палітвязынка», у якім яна расказвае гісторыі беларускіх палітзняволеных жанчын. Але яна і сама сутыкнулася з пагрозамі, звязанымі з пазбаўленнем бацькоўскіх правоў: «Мяне пры затрыманні папярэджвалі, што яны могуць зрабіць так, што я яшчэ шмат гадоў не ўбачу сваё дзіця і яна ў дзіцячым доме будзе мяне згадваць».

Зразумець рэальную карціну распаўсюджанасці пазбаўлення бацькоўскіх правоў палітвязняў на дадзены момант немагчыма. Яўгенія Доўгая тлумачыць, што адзіныя крыніцы — гэта сваякі і тыя, хто самі выходзяць з калоніі і расказваюць, праз што прайшлі.

Доўгая згадвае, як адна з жанчын, якая правяла два гады ў калоніі, расказвала пра ціск і пазбаўленне яе бацькоўскіх правоў. «Да яе прыйшоў пракурор і настойваў, каб яна падпісала прашэнне аб памілаванні. Патэлефанавалі па гучнай сувязі яе сыну і сказалі: "Твая мама цябе кінула, ты цяпер едзеш у прытулак. Яна да цябе больш не вернецца". Зыходзячы з тых гісторый, што я чула, калі ў жанчыны ёсць дзеці, яны заўсёды будуць выкарыстаныя для аказання ціску», – кажа Доўгая.

Дзецям беларускіх палітвязняў часцяком даводзіцца рана сталець і браць адказнасць за сваіх малодшых братоў і сясцёр. «Ёсць даволі шмат старэйшых дзяцей, якія становяцца апекунамі. Гэта проста героі. Яны толькі што былі школьнікамі, а цяпер ім даводзіцца браць поўнае апякунства, каб брата або сястру не забралі ў прытулак, — расказвае Доўгая. — Я не ведаю хлопцаў, якія бралі на сябе апякунства, хоць упэўненая, што яны ёсць. Я размаўляла з дзяўчатамі. Гэта дзяўчаты, якія яшчэ ўчора хадзілі ва ўніверсітэт, жылі сваім жыццём, а цяпер на іх велізарная адказнасць».


Глядзіце таксама

Таксама існуюць выпадкі, калі бацькі адмаўляюцца ад апякунства пасля вынясення прысуду маці, расказвае Доўгая. «Я ведаю тры такія выпадкі. І ў гэтых выпадках старэйшыя сёстры ўзялі на сябе апякунства над малодшымі братамі і сёстрамі».

Так, дачка апазіцыйнай актывісткі Алены ЛазарчыкМарына аформіла апеку над малодшым братам Арцёмам, калі бацька адмовіўся ад апекі над сынам. Марына расказвала, што, калі ў 2021 годзе ў іх кватэру ўварваліся сілавікі, у сямігадовага Арцёма здарылася істэрыка, ён адмаўляўся заходзіць у пакой маці. Цяпер ён вучыцца ў чацвёртым класе і піша лісты Алене ў турму. Калі жанчыну вызваляць, Арцёму будзе 15.

«Алену асудзілі на 8 гадоў, пазбавілі ўсіх перадач, таму што яна адмаўляецца працаваць. Але яна не можа працаваць, таму што ў яе зрок мінус адзінаццаць. А акуляры не перадаюць», — кажа Доўгая. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», з моманту пераводу Алены ў гомельскую калонію ў студзені 2023 года ёй ні разу не быў прадастаўлены адвакат, жанчыну неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА.

«Рэжым не думае пра дзяцей»

На пачатку сакавіка Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з «Беларускім саюзам жанчын» заявіў, што «пры любых умовах дзяржава і далей будзе падтрымліваць мацярынства і дзяцінства» і «рабіць усё для шматдзетнай сям'і».

Чатыры гады калоніі далі палітзняволенай Вользе Залатар. Як маці пяцярых дзяцей Залатар калісьці была ўзнагароджана Ордэнам Маці. Яе старэйшай дачцэ 17 гадоў, малодшаму сыну – 5.

Залатар была незалежнай назіральніцай на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, валанцёрыла ля ізалятара на Акрэсціна. Вольга адміністравала мясцовы дваровы чат і арганізоўвала несанкцыянаваныя мерапрыемствы: чаяванні, прагулкі, канцэрты. Пры затрыманні Вольгу збілі — адвакаты зафіксавалі ў жанчыны сінякі на руках, шыі і ягадзіцах. Суд прызнаў яе вінаватай у «стварэнні экстрэмісцкіх фарміраванняў» і адправіў на чатыры гады ў калонію. Працэс над Залатар быў закрытым.


Глядзіце таксама

«Рэжым пастаянна ўзнагароджвае шматдзетных маці. Але, разам з тым, дзеці не належаць маці. Дзяржава проста іх бярэ і пазбаўляе ўсяго», – кажа журналістка Яўгенія Доўгая.

Палітзняволеная Вікторыя Анохава-Жураўлёва — маці 13 дзяцей, 9 з якіх прыёмныя. У лютым 2021 года на Вікторыю напісалі данос. Яе прысудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» за «паклёп» на адрас Лукашэнкі: у жніўні 2020 года ў мясцовым тэлеграм-чаце Вікторыя пакінула каментар «Лукашэнка забіў яшчэ аднаго беларуса» пад рэпостам артыкула пра Генадзя Шутава, які памёр у Брэсце пасля таго, як яму ў галаву стрэліў міліцыянт падчас пратэстаў. Яе прыёмных дзяцей адправілі ў прытулак.

«Хіба дзецям Вікторыі Анохавай стала лягчэй ад таго, што іх забралі назад у прытулак? У іх ужо быў свой свет, свой побыт, сваё жыццё, свае сацыяльныя сувязі. А іх проста як кацянят — туды-сюды, — кажа Яўгенія Доўгая. — Гэта патрыярхат у чыстым выглядзе. Патрыярхат, дзе жанчына не лічыцца паўнапраўным членам грамадства. Дзе жанчына павінна быць паслухмянай, павінна сядзець дома, нараджаць дзяцей, варыць баршчы. А тут яна высунулася — тады яе пазбаўляюць усяго».

Як менавіта пазбаўляюць бацькоўскіх правоў

Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка адзначае лёгкасць, з якой у Беларусі можна пазбавіць палітвязняў бацькоўскіх правоў: «Ва ўмовах крызісу прававой сістэмы і адсутнасці свабоднага, справядлівага і незалежнага суду, ва ўмовах, калі асуджаныя паражаныя ў сваіх працэсуальных правах, гэтыя справы, хутчэй за ўсё, разглядаліся б у адсутнасці адказчыкаў-асуджаных. У лепшым выпадку ім далі б нейкія пісьмовыя тлумачэнні разам з пазовамі аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Чалавек выдатна разумее, што ён не абаронены ў гэтым працэсе, а колькасць адвакатаў, гатовых брацца за справу з любога віду палітычным падтэкстам, імкнецца да нуля».

Калі вынесці неправасуднае рашэнне і пазбавіць бацькоўскіх правоў вельмі лёгка, абскардзіць яго становіцца вельмі цяжка — з тых жа самых прычын. Агулам па краіне толькі за 2022 год бацькоўскіх правоў пазбавілі 2705 бацькоў, а аднавілі 118 — гэта ўсяго толькі 4,4%.


Глядзіце таксама

Аднаўленне ў правах можа залежаць ад некалькіх фактараў: спыненне падставы для пазбаўлення бацькоўскіх правоў, адпаведнасць умоў жыцця устаноўленым крытэрам, усынаўленне або удачарэнне дзіцяці, а таксама выкананне бацькамі фінансавых абавязацельстваў.

Апошні фактар ўяўляе сабой асаблівую цяжкасць для зняволеных. Дзякуючы лукашэнкаўскаму дэкрэту №18 дзяржава можа адбіраць дзяцей без рашэння суду на тэрмін да паўгода, калі дзіця знаходзіцца ў «сацыяльна небяспечным становішчы». Дзяржава таксама мае права спаганяць з аднаго з бацькоў кошт утрымання дзіцяці ў той форме, якую яму падабралі. І за час зняволення ў аднаго з бацькоў назапашваецца вялікі доўг перад дзяржавай, які трэба пагасіць, каб вярнуць дзіця ў сям'ю.

«Дэкрэт №18 — гэта свайго кшталту пастка для зняволеных. Калі, напрыклад, жанчына выходзіць на волю, яна павінна, па-першае, выплаціць назапашаны доўг аліментаў і, па-другое, даказаць, што яна добрая мама», — кажа Доўгая.


Глядзіце таксама

Гэты дэкрэт не толькі палягчае працэс адбірання дзяцей, але і дазваляе бацькам з лёгкасцю адмаўляцца ад апякунства. Гэта стварае дадатковыя праблемы як для дзяцей, так і для палітзняволеных мацярок. Праваабаронцы расказваюць, што рэгулярна сутыкаюцца з выпадкамі, калі бацькі адмаўляліся ад сваіх дзяцей пасля таго, як іх жонак адпраўлялі ў калонію.

«Вілка 18-га дэкрэта ў тым, што вельмі лёгка пазбавіць бацькоўскіх правоў і вельмі лёгка адмовіцца ад дзіцяці. І, напрыклад, бацька, адмаўляючыся ад апякунства, можа плаціць нейкі мінімум аліментаў, але пры гэтым з яго здымаецца ўся адказнасць», – кажа Доўгая.

«Чамусьці калі бацькі ідуць у калонію, а маці застаюцца — гэта лічыцца варыянтам нормы, — гаворыць юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка. — А калі ў калонію ішлі маці, гэта вельмі часта суправаджалася рознага кшталту драматычнымі сітуацыямі».

Сапелка таксама лічыць, што дзеці — яшчэ адзін, і прытым дзейсны, спосаб націснуць на крытыкаў Лукашэнкі: «Рэжым не думае пра дзяцей у гэтых сітуацыях, рэжым аслеплены прагай помсты бацькам. І гэтая помста ажыццяўляецца па ўсіх вектарах, кірунках і франтах, няхай гэта будуць працоўныя правы, няхай гэта будуць сацыяльныя правы, няхай гэта будуць узаемаадносіны бацькоў і дзяцей».