Хронікі рэпрэсій, 2 кастрычніка. На былую палітзняволеную пенсіянерку завялі новую крымінальную справу

За дапамогу палітвязням і пратэсты кіраўніцы аддзела маркетынгу гатэля пагражае да 7 гадоў калоніі. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння. 

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ «Вясна»

За дапамогу палітвязням і пратэсты кіраўніцы аддзела маркетынгу гатэля пагражае да 7 гадоў калоніі

У Мінскім гарадскім судзе 2 кастрычніка распачынаецца суд на 40-гадовай Марынай Алісеенка. Жанчыну затрымалі падчас рэйда за салідарнасць з палітвязнямі напрыканцы студзеня 2024 года.

Пра Марыну вядома, што яна скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт у 2008 годзе. Пасля гэтага працавала перакладчыкам, але ў 2012 годзе ўладкавалася ў пяцізоркавы мінскі гатэль Crowne Plaza. За два гады яна з асістэнткі мэнэджэра па продажах стала кіраўніцай аддзела продажаў і маркетынгу.

Цяпер яе абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Марыне пагражае да 7 гадоў калоніі. Справу будзе разглядаць Сяргей Хрыпач, вядомы жорсткімі прысудамі па палітычных справах.

Мінскага прадпрымальніка судзяць за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 года

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска сёння будуць судзіць 34-гадовага прадпрымальніка Рамана Цішкевіча. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыяі пратэсту 9 жніўня 2020 года ў раёне метро Пушкінская. Паводле ч. 1 арт. 342 КК яму пагражае да 4 гадоў калоніі. Яго справу будзе разглядаць Юлія Крэпская.

«Пакаяльнае» відэа з Раманам было апублікавана 9 жніўня — у гадавіну пачатку масавых акцый пратэсту. На відэа Раман кажа, што ўдзельнічаў у мітынгах у жніўні 2020 года, а таксама, што ў кастрычніку 2020 года разам з сябрамі расклейваў «пратэстную сімволіку» на ліхтарах у раёне вуліцы Якубоўскага.

Глядзіце таксама

Прызначана дата апеляцыі па справе грамадзяніна Польшчы, асуджанага за "здраду дзяржаве"

У Мінскім гарадскім судзе з сакавіка па ліпень разглядалі справу ўраджэнца Жабінкі і грамадзяніна Польшчы Рамана Галузу. Яго затрымалі ў ліпені 2022 года  па вяртанні ў Беларусь з Польшчы, дзе ён жыў апошнія дзевяць гадоў.

Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве). Падрабязнасці справы і вынік суда невядомыя. Справу разглядала суддзя Алена Шылько.

19 ліпеня 2022 года Раман прыехаў у Беларусь і знік: пра яго месцазнаходжанне нічога не было вядома, а пошукава-выратавальны атрад «Паўднёвы Захад» абвясціў яго пошукі. Пазней высвятлілася, што мужчына знаходзіцца ў СІЗА КДБ. У Польшчы Галуза займаўся валанцёрствам — у тым ліку дапамагаў беларускім уцекачам. Паводле яго знаёмага, затрыманне Рамана магло быць загадзя спланаванае беларускімі сілавікамі.

Вярхоўны суд 11 кастрычніка разгледзіць апеляцыйную скаргу Рамана. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Хлышчанкова.

Глядзіце таксама

За татуіроўку ACAB затрымалі супрацоўніка Мінскай пошты

"Пакаяльнае відэа" з затрыманым з'явілася ў адным з праўладным тг-каналаў. У апісанні пад ім паведамляецца, што мінчуку прызначаць 15 сутак арышту. 

Хлопец кажа, што "набіваў татуроўку па глупству".

На былую палітзняволеную пенсіянерку Эму Сцепулёнак завялі новую крымінальную справу

Як паведаміла "Хрысціянская візія", былую настаўніцу беларускай мовы з Мёраў абвінавачваюць паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Пра гэта стала вядома са зводкі здарэнняў, якую апублікавалі ў мясцовай раённай газеце. 

Нагадаем, жанчыну затрымалі восенню 2021 года і асудзілі па "справе Зельцэра" паводле арт. 368 і 369 КК на 2 гады калоніі. Жанчына выйшла на волю вясною 2023 года цалкам адбыўшы тэрмін.

За каментары ў NEXTA Live затрымалі мінчука 

42-гадовы Андрэй у "пакаяльным відэа" кажа, што цягам 2022 года пакідаў каментары ў тг-канале NEXTA Live.

Актывістку з Рэчыцы Бажэну Жолудзь пачалі завочна судзіць у Магілёве

Суд над над актывісткай каманды Святланы Ціханоўскай з Рэчыцы Бажэнай Жолудзь пачаўся 2 кастрычніка ў Магілёўскім абласным судзе. Працэс у закрытым рэжыме вядзе суддзя Сяргей Мазураў.

Бажэну вінавацяць у «незаконных дзеяннях у дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных» (арт. 203-1 КК), «закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), а таксама ў «абразе суддзі» (арт. 391 КК).

Бажэна — рэчыцкая актывістка, дзяўчына загінулага кіраўніка «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталя Шышова, якога знайшлі павешаным у Кіеве ў 2021-ым годзе. Падчас выбарчай кампаніі 2020 года яна была ўдзельніцай ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.