Хронікі рэпрэсій за 1 кастрычніка. Міжнародны дзень сталых людзей: за кратамі мінімум 42 пенсіянеры
У Міжнародны дзень сталых людзей распачаліся суды над былой лекаркай, пенсіянеркай Ірынай Атрашчонак за «распаўсюд экстрэмізму» і судзяць былую лекарку і 60-гадовай псіхалагіняй Наталляй Варабей, якую вінавацяць у падтрымцы палітвязняў
- Як беларускі рэжым пераследуе пенсіянераў?
Паводле інфармацыі «Вясны», як мінімум 67 чалавек пенсійнага ўзросту трапілі пад крымінальны палітычны пераслед у Беларусі.
Сёння за кратамі знаходзяцца мінімум 42 сталыя чалавекі, чый узрост перавышае 60 гадоў. Шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем, ва ўмовах зняволення іх стан імкліва пагаршаецца. Такія ўмовы становіцца вялікім выпрабаваннем для чалавека з добрым здароўем, а для людзей ва ўзросце апынаюцца хіба што не катаваннямі.
Гэтых людзей судзяць як і па дыфамацыйных артыкулах, так і па такіх цяжкіх, як «здрада дзяржаве» ці «акт тэрарызму». Так 63-гадовую Галіну Дзербыш) асудзілі да 20 гадоў калоніі, 69-гадовую Ірыну Мельхер да 17 гадоў калоніі, а 70-гадовага ксяндза Генрыха Акалатовіча абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» — хутка яго пачнуць судзіць.
Акрамя таго, некаторых пенсіянераў накіроўваюць на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Так зрабілі ў выпадку Руслана Зголіча, якога судзілі за «абразу Лукашэнкі» і прадстаўніка ўлады.
- Сёння ў Віцебску за «распаўсюд экстрэмізму» судзяць былую лекарку, 63-гадовую пенсіянерку Ірыну Атрашчонак
Пра гэта паведамляе @vicspring. У горадзе жанчыну ведаюць яшчэ і як удзельніцу вядомага танцавальнага ансамбля «Витебские девчата».
Судзяць жанчыну паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП у судзе Першамайскага раёна Віцебска. Справу разглядае суддзя Вольга Клімкова.
- У Мінску распачаўся суд над 60-гадовай псіхалагіняй, якую вінавацяць у падтрымцы палітвязняў
Наталля Варабей — псіхолаг са шматгадовым стажам, мае найвышэйшую катэгорыю. Яна скончыла біяфак БДУ, як мінімум з нулявых гадоў — у прафесіі.
З 2011 яна працавала ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Савецкага раёна Мінска. Працавала ў розных сферах сваёй прафесіі — займалася дзецьмі з ДЦП, праводзіла псіхалагічную падрыхтоўку алімпіяднікаў, навучала педагогаў.
Яе затрымалі падчас «рэйду па салідарнасці» напрыканцы студзеня 2024 года.
Наталлю Варабей вінавацяць у падтрымцы палітвязняў па ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Судовы працэс над палітзняволенай распачаўся 1 кастрычніка 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Справу разглядае суддзя Святлана Макарэвіч.
- Расійскую журналістку завочна асудзілі за «тэрарызм». Яна заклікала пісаць беларускім «рэйкавым партызанам»
Рэдактарка расійскага выдання Doxa Марыя Меньшыкава атрымала завочна 7 гадоў пазбаўлення волі за заклікі пісаць палітвязням. Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».
Другі Заходні акруговы вайсковы суд у Маскве прызнаў яе вінаватай паводле ч. 2 арт. 205 КК РФ («Акт тэрарызму»). Падставай для пераследу журналісткі паслужылі дзьве публікацыі, размешчаныя летам 2022 году ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».
У адным паведамленні Меньшыкава заклікала пісаць лісты расіянам Дзянісу Сердзюкову, Іллі Фарбэру і Дзмітрыю Ляміну, асуджаным за падпал вайсковых камісарыятаў. У другім запісе ў сацыяльнай сетцы журналістка заклікала пісаць беларускім палітвязням Дзянісу Дзікуну, Дзмітрыю Равічу і Алегу Малчанаву, якім прысудзілі доўгія тэрміны зняволення ў «справе светлагорскіх партызанаў».
З 2022 году да праяў «тэрарызму» у РФ прыраўноўваюць публічныя паведамленні з «апраўданнем тэрарызму ў інтэрнэце».
- У Брэсце судзяць яшчэ пяць чалавек за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах
У судзе Ленінскага раёна Брэста сёння распачаўся чарговы масавы суд за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Цяпер паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) судзяць адразу пяцёра чалавек: Эльвіру Ламанос, Аляксандра Пратасюка, Таццяну Бандарук, Аляксея Мартынава, Вячаслава Грабінскага.
Справу разглядае сумнавядомы суддзя Аляксандр Семянчук.
Паводле звестак @viasna_brest, за ўдзел пратэстах, якія праходзілі 10 жніўня 2020 года, па арт. 342 КК асудзілі ўжо 48 чалавек.
- Мінінфармацыі прыпыніла доступ да расійскага анлайн-кінатэатра Okko
Падставай для такога рашэння паслужыла парушэнне нормаў арт. 38 Закона аб СМІ у частцы размяшчэння на дадзеным рэсурсе забароненай інфармацыі, накіраванай на прапаганду гвалту і жорсткасці.
- Прызначана дата новага суда над Палінай Шарэндай-Панасюк
Стала вядома, што новы суд над Палінай распачнецца ўжо 14 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёна. Справу будзе разглядаць суддзя Станіслаў Іванюценка, які летась ужо дадаў жанчыне год зняволення.
Нагадаем, што палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана 3 студзеня 2021 і з таго часу ўвесь час знаходзіцца ў няволі. Два разы ёй ужо працягвалі тэрмін па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) . 21 траўня 2024 года жанчына мусіла выйсці на волю, але яе перавялі ў гомельскае СІЗА і ўжо ў трэці раз абвінавацілі ў «непадпарадкаванні». На волі жанчыну чакае двое сыноў — Славамір і Стах.
У ліпені сваякі Паліны даведаліся, што ў жанчыны дыягнаставалі «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці». Нядаўна муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда напісаў пра рэзкае пагаршэнне стану здароўя Паліны.
У сярэдзіне верасня жанчыну перавялі з ІЧУ Рэчыцы ў СІЗА Гомеля. Па прыбыцці яе адразу адправілі ў карцар на 10 сутак.
- Жыхара Наваполацка затрымалі за тое, што напісаў у чат пра жаданне ўступіць у шэрагі УСУ
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што дома ў затрыманага знайшлі скрутак марыхуаны ў малым памеры, які затрыманаму перадаў знаёмы. Знаёмага хлопца таксама затрымалі.
«Медыязона» знайшла затрыманага ў сацсетках, там ён падпісаны як Сярожа Maza.
- Прызначана дата разгляду апеляцыйнай скаргі журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча
Разгляд адбудзецца ў памяшканні Вярхоўнага суда ў Мінску 25 кастрычніка ў 9.30.
Нагадаем, 19 жніўня бягучага году Гродзенскі абласны суд завочна прысудзіў Хільмановіча да 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама суддзя Ігар Собалеў пастанавіў выплаціць штраф у памеры 1000 базавых велічыняў (40000 рублёў), а ў выпадку нявыплаты канфіскаваць некаторую маёмасць, сярод якіх кватэра ў Гродне і вясковы дом.
Публіцыста і праваабаронцу абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Што менавіта інкрымінавалі Хільмановічу — дагэтуль дакладна невядома. Скаргі і звароты журналіста на гэты конт пакуль не даюць выніку. Вядома толькі, што ў матэрыялах крымінальнай справы былі скрыншоты аўтарскага блогу з артыкуламі публіцыста.
Берасцейца асудзілі паводле пяці крымінальных артыкулаў на тры гады калоніі
У Брэсцкім абласным судзе 27 верасня асудзілі Вадзіма Наўцэню паводле пяці крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Працэс вёў суддзя Дзмітрый Карасінскі.
Як паведаміла @viasna_brest, са спасылкай на прэс-рэліз Брэсцкага абласнога суда, мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэсных акцыях у Пінску 9 і 10 жніўня 2020 года (арт. 342 КК). Абвінавачванні па астатнім чатыром артыкулам звязаныя з інтэрнэт-каментарамі Вадзіма.