Хронікі рэпрэсій за 1 сакавіка
Спіс экстрэмістаў папоўніўся — туды дадалі яшчэ 26 чалавек, паведамляюць праваабаронцы.
- У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 26 чалавек — цяпер у ім 3845 прозвішчаў
1 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых у спіс дадалі мастачку Ганну Крук, брэсцкага айцішніка, якога асудзілі за данаты каліноўцам, Аляксандра Сысоева, былога вайскоўца Дзмітрыя Гуліна.
- Справу палітзняволенай Святланы Кароль пачнуць разглядаць у сакавіку
Святлана — пенсіянерка і велаактывістка з Гомеля, старшыня абласнога грамадскага аб'яднання «ВелаГомель». У 2020 годзе жанчына далучылася да Гомельскай Каардынацыйнай Рады. Дома на Святлану чакаюць маці сталага веку і муж з анкалагічнай хваробай, якімі апякуецца жанчына.
Жанчыну затрымалі напрыканцы верасня ў Гомелі. Святлану абвінавачваюць у паклёпе на Лукашэнку (арт. 367 КК), а таксама ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле (арт. 130 КК).
Суд над ёй распачнецца 11 сакавіка ў Гомельскім абласным судзе. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць суддзя Вадзім Бобыраў.
- Сілавікі затрымалі гродзенца за распаўсюд «экстрэмізму» і ўдзел у пратэстах
Сілавікі затрымалі жыхара Гродна Сяргея Ганчарука, «пакаяльнае» відэа з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал.
Мужчына нібы распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы ў Тэлеграме і тры разы ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, піша «Медыязона».
- Сілавікі затрымалі берасцейца, які напісаў больш за 1000 «абразлівых» каментароў
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым берасцейцам.
На відэа мужчына кажа, што яго затрымалі за каментары ў інтэрнэце. Пад адным з пастоў ён абразіў Лукашэнку. Аўтары паста сцвярджаюць, што берасцеец напісаў больш за 1000 абразлівых пастоў і цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА.
У сацыяльных сетках затрыманы падпісаны як Аляксандр Тата.
Па якім артыкуле яго абвінавачваюць — невядома.