Гомельскія студэнты-архітэктары стварылі 3D-праект рэканструкцыі плошчы Леніна
Студэнты БелДУТ Дзмітрый Башмак і Раман Рошчанка стварылі праект рэканструкцыі плошчы Леніна, які ўключае ў сябе аднаўленне касцёла і стварэнне пешаходных зон.

Раман і Зміцер не пачаткоўцы ў тэме. Гэтай зімой яны
прэзентавалі свае 3D-рэканструкцыі касцёла і пажарнай часткі, якія знаходзіліся
на плошчы Леніна.

Трохмерны праект, створаны архітэктарамі, мае на мэце не толькі аднаўленне каталіцкага храма на галоўнай плошчы, але і стварэнне шырокіх пешаходных зон.

«Моцныя навіны» пагутарылі з маладымі архітэктарамі, каб высветліць, што іх падштурхнула да стварэння такога праекту:
— Як узнікла ідэя рэканструкцыі плошчы Леніна? Чым дрэнны сучасны выгляд?
— Першыя думкі па рэканструкцыі плошчы з'явіліся падчас працы над узнаўленнем касцёла ў 3D. На той момант мы абмежаваліся толькі змяшчэннем аб'екта на фатаграфію, аднак базавыя ідэі па пераўладкаванні плошчы з'явіліся ў нас ужо тады. Інтэграцыя новага будынка (касцёла), добраўпарадкавання яго тэрыторыі патрабуе рэарганізацыі прасторы ў многіх аспектах, што ў выніку прывяло да ўнясення шматлікіх змен на ўсёй тэрыторыі плошчы, — распавёў Раман.


— Калі зараз галоўная плошча горада выкарыстоўваецца як транспартная развязка, то ці не прывядзе ўвасабленне вашага праекта да павелічэння коркаў у горадзе?
— Праблема з коркамі — вынік няслушнай планіроўкі сеткі дарог горада. Гэтая праблема павінна вырашацца іншымі метадамі: будаўніцтвам мастоў, якія злучаюць часткі горада, аб'язных магістраляў для разгрузкі транспартнага патоку з цэнтра. Гэта сусветны досвед, — змагаецца за свой праект Зміцер. — Акрамя таго, спрашчэнне складанай сістэмы развязак рэгуляваным перакрыжаваннем паспрыяе бяспецы руху як для аўтамабілістаў, так і пешаходаў.

— У розныя гістарычныя часы на плошчы знаходзілася шмат розных аб'ектаў — пажарная каланча, гандлёвыя рады, праваслаўная царква. Чаму ў якасці будынка для рэканструкцыі быў абраны менавіта касцёл?
— Проста аднаўленне касцёла не патрабуе зносу існуючых будынкаў, таму ён і быў выбраны ў якасці аб'екта рэканструкцыі, — патлумачыў Раман.

— Гарадскія ўлады плануюць размясціць на плошчы падземныя пераходы, як вы ставіцеся да такой ідэі?
— Мы ставімся да гэтай ідэі адмоўна. Пешаходныя пераходы — велізарная перашкода для інвалідаў, веласіпедыстаў, маці з вазочкамі, — распавёў Зміцер. — Таксама будаўніцтва падземных пераходаў азначае поўную перадачу плошчы пад аўтамабільныя патрэбы.

Праект знаходзіцца на этапе эскізнага ўвасаблення, то бок дэманструе толькі канцэптуальнае бачанне развіцця плошчы Леніна.
Паводле Гомельскага Зялёнага партала