Гісторык Васіль Герасімчык за эксгумацыю

Гродзенскі гісторык, аўтар кнігі «Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда», выступае за эксгумацыю парэшткаў Віктара Каліноўскага. Верагодна, эксгумацыя можа адбыцца ўжо 8 ліпеня.



kn4_833x400.jpg

Васіль Герасімчык распавядае Радыё Рацыя:

— Эксгумацыя патрэбная, бо гэта адзін з момантаў, які дазволіць ідэнтыфікаваць парэшткі Кастуся Каліноўскага. Праблема ў тым, што, высвятляецца, складанасць з гэтым звязаная, бо магчыма там не магіла Віктара Каліноўскага. Гэта ўжо пытанне да тых краязнаўцаў, да асобаў, якія былі ініцыятарамі помніка на пачатку 1990-х гадоў. Віктар Каліноўскі быў пахаваны ў Свіслачы, а таксама больш за дзясятак сваякоў Кастуся Каліноўскага, родных братоў, сясцёр, яго бацька.

На яго думку, месцы пахавання родных Каліноўскага можна знайсці ў Беларусі і Польшчы:

— Я таксама шукаў магілы ў іншых месцах. Ездзіў у Мастаўляны, у Мастаўлянах былі пахаваныя тры старэйшыя браты Кастуся Каліноўскага, якія былі ахрышчаны па ўніяцкаму абраду. Хадзіў па старых ялоўскіх могілках, дзе былі пахаваныя яшчэ больш пяці родных сясцёр і братоў Кастуся Каліноўскага, у тым ліку яго маці Вераніка з Рыбінскіх.

Васіль Герасімчык упэўнены, што ў Беларусі можна знайсці нашчадкаў Каліноўскага, якія жывуць сёння, бо ў Кастуся Каліноўскага была даволі вялікая сям’я — амаль два дзясяткі братоў і сясцёр.

20171123_125749.jpg



* * *

Нагадаем, паводле неафіцыйнай інфармацыі, Следчы камітэт збіраецца бліжэйшым часам правесці ўскрыццё магілы Віктара Каліноўскага ў Свіслачы і эксгумацыю яго парэшткаў.

Нядаўна Свіслач наведаў прадстаўнік Следчага камітэта. З кім з мясцовых уладаў ён сустракаўся — невядома. Кажуць, што ўжо 8 ліпеня ў райцэнтр прыедзе цэлая брыгада следчых і экспертаў, якія будуць рабіць даследаванне. Паводле адной з версій, у Свіслач прыедуць і адмыслоўцы з Літвы, а справа датычыць ідэнтыфікацыі знойдзеных не так даўно ў Вільні магчымых парэшткаў Кастуся Каліноўскага.

Апошні тыдзень грамадскія актывісты спрабавалі высветліць сітуацыю. Свіслацкі грамадскі актывіст Юрый Глебік звяртаўся да прадстаўнікоў раённай улады, але дакладнага адказу так і не атрымаў.

Гродзенскі праваабаронца і журналіст Уладзімір Хільмановіч наведаў аддзел культуры Гродзенскага аблвыканкаму, аднак там запэўнілі, што нічога не ведаюць пра гэтую справу і не маюць да яе дачынення.

На жаль, дакладнае месца пахавання Віктара Каліноўскага вызначыць цяжка. Вядома, што яго пахавалі на свіслацкіх могілках, аднак з 1862 года не раз разбуралася і перабудоўвалася капліца побач з магілай, былі новыя пахаванні. Парэшткі брата Кастуся Каліноўскага могуць знаходзіцца як непасрэдна пад помнікам-крыжам, так і ў радыусе ад аднаго да пяці, а то і больш метраў. «Калі плануецца эксгумацыя, то следчыя павінны надзвычай дэталёва апытаць гісторыкаў, краязнаўцаў, а не прыязджаць патаемна, весці нейкія паспешлівыя раскопкі», — лічыць Хільмановіч.

Паводле www.racyja.com