На Гродзеншчыне пачалі эксгумацыю — шукаюць парэшткі брата Кастуся Каліноўскага

Следчы камітэт пачаў эксгумацыю меркаванага пахавання Віктара Каліноўскага — старэйшага брата кіраўніка паўстання 1863–1864 гадоў. Генетычная экспертыза можа пацвердзіць, што ў Вільні на Гедымінавай гары знайшлі менавіта Кастуся Каліноўскага, паведпамляе «Свабода».

Магіла Віктара Каліноўскага (пасярэдзіне, на дальнім плане)

Магіла Віктара Каліноўскага (пасярэдзіне, на дальнім плане)

Падрыхтоўчыя працы пачаліся пачаліся 8 ліпеня, сказаў Свабодзе праваабаронца Уладзімер Хільмановіч. Ён удзельнічае ў працэсе як прадстаўнік грамадскасці і назіральнік.

У Свіслачы па абедзе прайшла нарада з удзелам прадстаўнікоў Следчага камітэту Мінску і Гродна, беларускіх і літоўскіх археолагаў, літоўскай амбасады. На ёй абмеркавалі парадак правядзення працаў.

8 ліпеня помнік і надмагілле з імем Віктара Каліноўскага дэмантуюць. Адновяць іх праз некалькі месяцаў, пасля правядзення ўсіх працаў.

9 ліпеня пачнуць пад адмысловым шатром рабіць раскоп, шукаць парэшткі. Што знойдуць, возьмуць на экспертызу.



Хільмановіч кажа: калі ДНК парэшткаў пад помнікам не супадзе з ДНК меркаваных парэшткаў Кастуся Каліноўскага, то невядома, ці працягнуць пошукі далей.

«Хутчэй за ўсё, што не, бо гэтая магіла — адзіная зачэпка. Ніхто не аспрэчваў, што гэтыя раскопкі маюць латарэйны характар. Дыяпазон магілы можа быць шырокі. Наўрад ці яны будуць пашыраць раскоп», — мяркуе Хільмановіч.

Каля магілы Віктара Каліноўскага ў Свіслачы

Каля магілы Віктара Каліноўскага ў Свіслачы

Дакладнае месца пахавання Віктара Каліноўскага невядомае, акрамя таго, што гэта на свіслацкіх могілках, побач з касцёлам. Крыж і камень з ягонай магілы знайшлі свіслацкія краязнаўцы ў пачатку 1990-х гадоў. Надмагілле аднаўлялі ў прыкладным месцы за свае сродкі актывісты са Свіслачы і Горадні.

Парэшткі 18 паўстанцаў 1863–1864 гадоў знайшлі ў Вільні пасля апоўзню 2016 году. Асобу Кастуся Каліноўскага ідэнтыфікавалі. Аднак няма генетычнага пацверджання, бо не атрымалася знайсці жывых нашчадкаў па мужчынскай лініі.

«Дапамагло антрапалагічнае даследаванне і параўнанне чэрапа з прыжыццёвым фатаздымкам. І хоць сумневаў, што гэта ён, практычна не застаецца, было б добра працягнуць працу, узяўшы ДНК ягонага брата Віктара, пахаванага ў Свіслачы», — казаў раней Свабодзе археолаг і супрацоўнік Нацыянальнага музея гісторыі Літвы Гіціс Грыжас.

Знойдзеныя парэшткі паўстанцаў плануюць перапахаваць на могілках Роса ў Вільні. Мемарыяльныя ўрачыстасці маюць прайсці акурат пад дзень ушанавання памерлых продкаў Дзяды, 2 лістапада 2019 году.

Могілкі Роса ў Вільні

Могілкі Роса ў Вільні

www.svaboda.org