«Гэта дзіцячыя петарды, а не выбухоўка». Навуковец — пра арышт юнакоў-«тэрарыстаў»
У Беларусі затрымалі падлеткаў за тое, што яны рабілі выбухоўку. Хімік Сяргей Бесараб пракамэнтаваў «Свабодзе», наколькі шкодную выбухоўку стваралі юнакі і ці магла б яна забіць чалавека.
На дзяржаўным тэлеканале АНТ са спасылкай на КДБ выйшаў сюжэт пра трох школьнікаў, якіх абвінавачваюць у тэрарызьме. На аднаго зь іх завялі крымінальную справу паводле двух артыкулаў — «незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да выбуховых рэчываў» і «падрыхтоўка да акту тэрарызму».
Хлопцы зь Віцебску і Магілёву расказваюць у сюжэце, што падрывалі «бутэлечкі з-пад ёду», а «аскепкаў як такіх не было, проста гучны выбух». Сьцьвярджаецца, што яны гэта рабілі нібыта «на просьбу ўдзельнікаў украінскіх нацысцкіх груповак». У затрыманага хлопца зь Віцебску, як паведамляюць у сюжэце БТ, дома нібыта знайшлі запасы інгрэдыентаў для выбуховых рэчываў, а ў тэлефоне — відэа выбухаў.
«Амаль усе хімікі пачыналі свой шлях зь піратэхнікі»
Хімік Сяргей Бесараб расказаў, што для многіх хімікаў прафэсійны шлях пачынаецца зь цікаўнасьці да піратэхнікі. «Няма розьніцы, ЗША ці Расея, дактары навук ці нобэлеўскія ляўрэаты. Амаль усе хімікі пачыналі свой шлях зь піратэхнікі», — сьцьвярджае навуковец.
Ён прыгадвае, што пасьля рэспубліканскіх алімпіядаў па хіміі ў 2000-я гады школьнікі спаборнічалі, у каго будзе ярчэйшы выбух, у каго «вальне прыгажэй». Гэта адбывалася не ў лябараторных умовах. Такім чынам вучні дзяліліся тым, што яны даведаліся за год, што навучыліся рабіць.
«У прапагандыстаў, відаць, валасы б сталі дыбарам. Гэта была проста вакханалія», — мяркуе ён.
Навуковец дапускае, што праз арышт гэтых падлеткаў Беларусь страціла некалькі таленавітых хімікаў. Ён адзначае, што хлопцы на відэа абазнаныя ў тэме. Суразмоўца мяркуе, што яны могуць мець добрыя веды па хіміі, якія ўзялі ня толькі з ролікаў у інтэрнэце, як яны кажуць у сюжэце. Бесараб успамінае, што ў Віцебску і Магілёве (дзе і затрымалі падлеткаў), а таксама ў ліцэі БДУ раней былі самыя моцныя школы па хіміі ў краіне.
«Хлопцаў затрымалі за самаробныя дзіцячыя пэтарды»
Бесараб адзначыў, што тое, як выглядае выбух на відэа, не характарызуе ягонай магутнасьці і таго, да якіх разбурэньняў ён можа прывесьці. Паводле слоў суразмоўцы, да выбуху можа прывесьці нават поліэтыленавы пакет з паветрам, калі наступіць на яго нагой, а побач будзе пыл.
Выбух — гэта хімічны працэс, які працякае вельмі хутка і падчас якога выдзяляецца вялізная колькасьць энэргіі і моцна сьціснутых газаў, тлумачыць хімік. Любое рэчыва, якое пры спальваньні выдзяляе газ, — ужо выбухоўка. Распылены ў пакоі дробны цукар ці мука можа выбухнуць і павыбіваць вокны.
У відэа дзяржаўнага тэлебачаньня кажуць, што дзеці рыхтавалі выбухоўку з бутэлечак з-пад ёду, у якія зьмяшчалі самаробны порах. Бесараб заўважыў, што самаробнаму пораху каля 700 гадоў, гэта даўно вядомае рэчыва.
«Гэта сумесь каліевай салетры — угнаеньня, якое прадавалася паўсюль, звычайнага вугалю з вогнішча і садовай серы, якой ад шкоднікаў апрацоўваюць расьліны. Гэта элемэнтарныя рэчывы», — тлумачыць экспэрт.
Калі сумесь гэтых рэчываў зьмясьціць у невялікую ёмістасьць, то яны падчас хімічнай рэакцыі разарвуць яе з гучным гукам і асколкамі. Навуковец зьвяртае ўвагу, што ў Беларусі дзясяткі гадоў прадаюць пэтарды. Ён сьцьвярджае, што ў фільме паказалі, як затрыманыя падлеткі рабілі тыя самыя пэтарды, толькі самі, а не куплялі іх у краме.
«Хлопцаў затрымалі за самаробныя дзіцячыя пэтарды, а не за выбухоўку», — кажа суразмоўца.
«Кіса», або дазволены харчовы дадатак
Выбуховае рэчыва «кіса», якое паказалі ў фільме, па-навуковаму называецца пэраксыд ацэтону. Сяргей Бесараб тлумачыць, што ён можа ўтварыцца сам пра працэсе акісьленьня ў фарбе, у некаторых касмэтычных рэчывах, і выклікаць выбух. Пэраксыд ацэтону — гэта таксама дазволены харчовы дадатак Е929, які дадаюць у хлеб. Яго можна легальна набыць.
Сяргей Бесараб мяркуе, што выставіць затрыманых падлеткаў злачынцамі пры такіх абставінах досыць складана. Таму ў фільме паказваюць нажы, свастыку, іншыя рэчы, якія мусяць стварыць у гледача кепскі вобраз затрыманых дзяцей.
Можна траўмаваць або забіць
Хімік дадае, што магутнасьць выбуху залежыць не ад колькасьці выбуховай сумесі, а ад ёмістасьці, у якую яе складаюць.
Сяргей Бесараб не адмаўляе, што і пэтарды, якія можна набыць у крамах, і самаробныя пэтарды, якія паказалі ў відэа з затрыманымі падлеткамі, могуць прынесьці шкоду людзям. Калі такую рэч падпаліць і кінуць у натоўп, то могуць быць траўмы. Калі пэтарда трапіць ва ўразьлівае месца або калі ахвяра знаходзіцца побач зь месцам выбуху, чалавек можа загінуць.
Аднак суразмоўца мяркуе, што калі б падлеткі хацелі
прынесьці шкоду іншым, ім дастаткова было б набыць пэтарду ў краме, пакласьці
яе ў тую ж бутэлечку ад ёду і падпаліць. Эфэкт ад выбуху быў бы такі самы. Але,
зьвяртае ўвагу Сяргей Бесараб, ім чамусьці цікава было менавіта дасьледаваць
хімічныя рэчывы і працэсы.