Фігуры тыдня: Павел Севярынец, Анатоль Чорны, Віктар Ганчарэнка

Павел Севярынец   19 кастрычніка скончыўся тэрмін абмежавання волі Паўла Севярынца. Нагадаем, палітык і публіцыст быў арыштаваны на выхадзе з Плошчы Незалежнасці ў ноч з 19 на 20 снежня 2010 года, пяць месяцаў правёў у СІЗА КДБ, а 16 мая 2011-га быў асуджаны да трох гадоў абмежавання волі за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў.



d438e20b_eca0_4789_b0a0_5d427967c8f7_mw1024_n_s.jpg

За два з паловай гады, якія Павел Севярынец быў вымушаны сядзець на так званай «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, яго наведалі каля тысячы чалавек: журналісты, праваабаронцы, дыпламаты, паплечнікі і сябры.

Па словах палітыка, адсідка была для яго асаблівым духоўным падарожжам. «Гэта быў момант, калі ў мяне з’явіўся дадатковы час на разважанні, малітвы, чытанне літаратуры, заняткі спортам. Таму дзякуй Богу за Куплін. Акрамя гэтага, за два з паловай гады я атрымаў больш чым 2 500 лістоў — фактычна, па тысячы ў год. На ўсе з іх, дзе быў зваротны адрас, я стараўся адказаць. І я вельмі ўдзячны тым людзям з Пружан, Бярозы, Кобрына, Брэста і Мінска, якія ўвесь гэты час мне дапамагалі», — распавёў Севярынец.

Паводле яго слоў, гэта быў беспрэцэдэнтны марафон салідарнасці, падчас якога ён ніколі не адчуваў сябе пакінутым без увагі. «Часам такая ўвага сяброў нават трохі напружвала адміністрацыю папраўчай установы, але з ёй у мяне таксама склаліся нармальныя адносіны. Яшчэ мая адсідка — гэта кніга «Беларуская глыбіня». Восемдзесят пяць эсэ, якія публікавала газета «Наша Ніва». Калі выйду з «хіміі», адразу пачну рыхтаваць яе да друку. Спадзяюся выдаць яе на працягу некалькіх месяцаў», — падзяліўся планамі Севярынец.

Анатоль Чорны

chernij.jpg

Былога першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Чорнага не назавеш шчасліўчыкам, нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка прызначыў яго міністрам архітэктуры і будаўніцтва. Проста таму, што гэтая пасада цяпер — пасада хлопчыка для біцця.

Лукашэнка не хавае: ён незадаволены станам будаўнічай галіны. «Мы дамовіліся, што працуем па прынцыпу: выявілі праблему, пазначылі яе і неадкладна яе вырашылі. Прытым жалезна і жорсткім чынам. Таму што гэтая праблема ўжо зашкальвае. Насельніцтва вельмі незадаволенае, асабліва тым, хто вядзе будаўніцтва, прад’яўляе абгрунтаваныя скаргі. Гэта ненармальна, недапушчальна», — казаў Лукашэнка.

«Убачылі ў СМІ нейкі зварот групы нашых грамадзян або пачулі пра гэта — неадкладна праверылі. Калі хтосьці не выпраўляе — дадзена каманда праваахоўным органам: кайданкі — і ў камеру. І няхай тады думаюць, як працаваць з народам», — заявіў Лукашэнка.

Папярэдні міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоль Нічкасаў быў прызначаны паслом у Казахстан. За ўсе недапрацоўкі, аж да камеры, давядзецца адказваць ні ў чым не вінаватаму новаму міністру.

Віктар Ганчарэнка

goncharenko.jpg

Легенда беларускага футбола, галоўны трэнер БАТЭ, пад кіраўніцтвам якога клуб з Барысава аформіў пяць чэмпіёнскіх тытулаў, выйграў Кубак Беларусі і двойчы Суперкубак краіны, і ў мінулым сезоне стаў адзінай камандай, якой атрымалася перайграць мюнхенскую «Баварыю» ў Лізе чэмпіёнаў, перайшоў на працу ў краснадарскую «Кубань». Ён стаў новым галоўным трэнерам «Кубані» і падпісаў кантракт на 4,5 гады.

Ганчарэнку заўважылі даўно. У розныя часы яго сваталі ў маскоўскі «Лакаматыў», у маскоўскае ж ЦСКА, Ганчарэнка адмовіўся ўзначаліць львоўскія «Карпаты»... Але цяпер Ганчарэнка зразумеў, што БАТЭ ён перарос — трэба ісці далей. «Гэта — новы выклік для мяне», — заявіў Ганчарэнка пра «Кубань».

Выклік сур’ёзны. «Кубань» патрабуе ад трэнера «ўсяго і адразу», часу на распрацоўку не дае. За чатыры апошнія гады Ганчарэнка стане 12-м галоўным трэнерам краснадарцаў. Ні з кім з ягоных папярэднікаў у клубе асабліва не цырымоніліся, прытрымліваючыся прынцыпу: няма выніку — няма кантракту. І нікому часу разварушыцца не давалі — адразу патрабавалі вынік.

Магчыма, дарэчы, Ганчарэнка — гэта не апошняя страта футбола Беларусі. Паўабаронца БАТЭ Аляксандр Глеб у эксклюзіўным інтэрв’ю расійскім «Известиям» заявіў, што таксама можа пайсці ўслед за трэнерам. «Калі Віктар Міхайлавіч пакліча, то я прыму гэтую прапанову. Працаваць з ім заўсёды прыемна і цікава», — сказаў Глеб.