Еўрасаюз увёў сектаральныя санкцыі адносна Беларусі
Рада Ерасаюза ўвяла сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якія раней на гэтым тыдні зацвердзілі амбасадары ЕС. Санкцыі тычацца нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў і доступу да рынкаў капіталу ЕС, паведамляе «Свабода».
У матывацыйнай частцы прынятага рашэння прыгадваюцца:
- санкцыі, уведзеныя ЕС у 2012 годзе;
- асуджэнне Еўрасаюзам у траўні 2021 года прымусовай пасадкі рэйса «Ryanair» у Мінску, пагрозы авіяцыйнай бяспецы і затрыманне беларускімі ўладамі журналіста Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапега;
- эскалацыя сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў, а таксама асоб, якія належаць да нацыянальных меншасцей.
У сувязі з гэтым уводзяцца наступныя абмежавальныя меры
— Адносна экспарту і перадачы абсталявання, тэхналогій або праграмнага забеспячэння, прызначанага для выкарыстання ў інтарэсах беларускіх улад у маніторынгу або перахопе інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
— Адносна экспарту ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэння для вайсковага выкарыстання.
— Адносна экспарту ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
— Адносна імпарту ў ЕС нафтапрадуктаў з Беларусі.
— Адносна імпарту ў ЕС калійных угнаенняў з Беларусі,
— Адносна доступу на фінансавыя рынкі ЕС беларускаму ўраду, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
— Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку забаронена фінансаванне праектаў у дзяржаўным сектары Беларусі.
Адпаведныя пункты рашэння сфармуляваныя наступным чынам:
— Забараняецца закупка, імпарт альбо перадача з Беларусі 5 гатункаў нафтапрадуктаў.
— Забараняецца закупка, імпарт альбо перадача з Беларусі 5 гатункаў вырабаў з хлорыстага калію.
— Забараняецца наўпрост ці ўскосна купляць, прадаваць, прадастаўляць інвестыцыйныя паслугі альбо дапамогу ў выпуску зваротных каштоўных папер з тэрмінам пагашэння больш за 90 дзён «Беларусбанку», «Белінвестбанку» і «Белаграпрамбанку».
— Забараняецца наўпрост ці ўскосна заключаць альбо ўдзельнічаць у якіх-небудзь дамоўленасцях аб выдачы новых пазык альбо крэдытаў з тэрмінам пагашэння больш за 90 дзён «Беларусбанку», «Белінвестбанку» і «Белаграпрамбанку».