ЕС абвясціў конкурс на атрыманне падтрымкі для моўных курсаў. Акцыя падтрымае рэпрэсаваных педагогаў

Еўрапейскі Саюз у рамках праграмы «EU4Belarus — SALT (Support for Advanced learning and training)» аб'яўляе конкурс заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі для праходжання анлайн-курса і / або здачы кваліфікацыйнага/міжнароднага экзамена па англійскай/іншай еўрапейскай мове.

eu4belarus_salt_konkurs_zajavak_na_atrymanne_finansavaj_padtrymki_dlja_prahodzannja_anlajn_kursu_abo_zdaczu_miznarodnaha_ekzamenu.jpg

Конкурс прызначаны для школьных і ўніверсітэцкіх выкладчыкаў і выкладчыц, а таксама маладых спецыялістаў у іншых прафесійных сферах, якія пацярпелі ад рэпрэсій або знаходзяцца пад пагрозай рэпрэсій і застаюцца ў Беларусі або вымушана эмігравалі з краіны.

У рамках праграмы адзін чалавек можа прайсці адзін курс і/або здаць адзін экзамен, кошт якога не перавышае 1200 еўра.

Абраныя курсы і экзамены павінны быць накіраваны або на вывучэнне англійскай / іншай еўрапейскай мовы, або на павышэнне кваліфікацыі ў прафесійнай галіне заяўніка ці заяўніцы.

У заяўцы да 24 сакавіка 2022 года неабходна падаць:

— дакументальныя пацвярджэнні рэпрэсій (пратаколы затрыманняў, рашэнні суда, загад аб звальненні і да т.п.) — пры іх наяўнасці;

— рэкамендацыйны ліст ад грамадскай арганізацыі або прадстаўні_цы грамадзянскай супольнасці (абавязкова пры адсутнасці дакументальных пацверджанняў рэпрэсій, а калі дакументы ёсць, то па жаданні);

— CV (кароткае апісанне прафесійнай дзейнасці аб'ёмам не больш за адну старонку);

— інфармацыю пра выбраны курс / экзамен з падрабязным указаннем мэт і задач іх праходжання і абгрунтаваннем неабходнасці вывучэння / здачы.

Арганізатары пакідаюць за сабой права абраць аналаг выбранага курса / экзамена ў выпадку немагчымасці іх аплаты па тэхнічных ці палітычных прычынах.

Пра вынікі конкурсу кандыдаты будуць праінфармаваныя не пазней за 12 красавіка 2022 года. Анлайн-курс павінен пачынацца не раней за 1 чэрвеня 2022 года.

Форма для запаўнення заяўкі — па спасылцы. Падрабязная інфармацыя тут.

«EU4Belarus: салідарнасць з народам Беларусі» — гэта пакет спецыяльных мер, прыняты Еўрапейскім Саюзам у адказ на палітычны крызіс, які развярнуўся пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Глабальная мэта гэтых мер — садзейнічаць умацаванню ўстойлівасці дзеля пашырэння грамадзянскіх правоў і магчымасцей і ўстойлівага эканамічнага росту ў Беларусі. Праграма «EU4Belarus-SALT» адмініструецца «Central Project Management Agency» і рэалізуецца ў супрацоўніцтве з Офісам па адукацыі для новай Беларусі і Офісам Святланы Ціханоўскай.