Еўрасаюз не накіроўвае назіральнікаў на беларускі рэферэндум
Еўрасаюз не будзе накіроўваць назіральнікаў на беларускі рэферэндум. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Еўрапейскай знешнепалітычнай службы Петэр Стана.
«Мы канстатавалі, што беларускія ўлады не запрасілі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ разгарнуць місію па назіранні ў Беларусі. ЕС, са свайго боку, таксама не плануе накіроўваць якую-небудзь афіцыйную місію па назіранні за галасаваннем у Беларусь» — цытуе яго REFORM.by.
Па словах Стана, асобныя грамадзяне краін ЕС могуць прыехаць у Беларусь, але гэта не будзе афіцыйнай місіяй. Раней кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка казаў, што блізу 30 чалавек прыедуць назіраць за галасаваннем з ЕС.
«Мы працягнем адсочваць развіццё падзей у Беларусі да рэферэндуму і ў дзень галасавання і адпаведна адрэагуем», — дадаў Стана.
Афіцыйна беларускі ЦВК акрэдытаваў на рэферэндум 39 909 нацыянальных назіральнікаў, больш за 29 тыс. з якіх прадстаўляю прафсаюзы, БРСМ, «Белую Русь» і Беларускі саюз жанчын. Яшчэ 1557 назіральнікаў дэлегавалі палітычныя партыі, у тым ліку амаль тысячу — Кампартыя. Працоўныя калектывы накіравалі 3370 назіральнікаў, грамадзяне — 5646.
Акрамя таго, Цэнтральнай камісіяй акрэдытаваны 101 міжнародны назіральнік. 92 прадстаўляюць місію назіральнікаў ад СНД, у тым ліку 14 накіраваныя Міжпарламенцкай Асамблеяй дзяржаў-удзельніц СНД, а таксама восем назіральнікаў непасрэдна ад ЦВК іншых краін.