Экс-супрацоўнік МУС: рэпрэсіі пасля 19 снежня былі і з мэтаю стварыць легенды для афіцэраў КДБ у апазіцыі
Былы супрацоўнік МУС Беларусі Васіль Міхневіч выказаў меркаванне, што шмат хто з апазіцыйных палітыкаў працуе на спецслужбы.
Міхневіч быў арыштаваны ў лютым 2010 года і знаходзіўся ў СІЗА КДБ у перыяд справы аб «масавых беспарадках».
Паводле ягоных слоў, у СІЗА КДБ негалоснае супрацоўніцтва ў той ці іншай форме прапаноўвалася калі не ўсім, то шмат каму з палітычных зняволеных.
«Думаю, што калі гэты рэжым рана ці позна абрынецца і калі архівы КДБ не паспеюць знішчыць, то адкрыцці беларусаў могуць чакаць самыя нечаканыя...
Але ўжо сёння не сакрэт тое, што рэпрэсіі пасля 19 снежня 2010 году мелі перад сабой мэты не толькі масавага застрашвання і пакарання тых, хто палітычна не даспадобы, але і іх масавай вярбоўкі.
Акрамя гэтага, адной з важных задач, на мой погляд, было ўдасканаленне і легендаванне (стварэнне максімальна праўдападобнай легенды) для асоб, якія ўжо негалосна супрацоўнічаюць са спецслужбамі, а таксама кадравых афіцэраў КДБ, раней укаранёных у апазіцыйнае асяродзьдзе.
І быў, дарэчы, яшчэ адзін характэрны момант. Ужо знаходзячыся на перасылцы ў СІЗА-1 МУС на «Валадарцы», я выпадкова перасекся з адным арыштаваным супрацоўнікам КДБ, які ў адной з гутарак прамовіў фразу, якую я запомніў назаўсёды: «Апошнім апазыцыйным палітыкам Беларусі, які не працаваў „пад кантролем“, быў Зянон Пазняк», — распавёў Міхневіч у інтэрвію літоўскаму парталу DELFI.lt
Таксама Міхневіч выказаў меркаванне, што тэракт у мінскім метро 11 красавіка 2011 году здзейсніла арганізаваная група.
«Але, карыстаючыся нагодай, хачу сказаць, што не веру ў іх (Канавалава і Кавалёва. — рэд.) аднаасобнае дачыненне як мінімум. Дакладней, чыста тэарэтычна нейкае фізічнае цела павінна было даставіць самаробнае выбуховае прыстасаванне на месца здзяйсьнення тэракту, і гэтым чалавекам мог быць любы з фізічнымі магчымасцямі, якія дазваляюць перамяшчаць сумку такой масы. Але арганізаваць і ажыццявіць у адзіночку — не», — заявіў Міхневіч.