Эканамічны суд прыпыніў дзейнасць прыватнай школы «Грын Хіл»

Эканамічны суд 13 кастрычніка прыпыніў дзейнасць прыватнай школы «Грын Хіл». Яшчэ адна прыватная ўстанова адукацыі «Сярэдняя школа «Стэмбрыдж» прыняла рашэнне прыпыніць сваю дзейнасць.

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Пра гэта паведаміла прэс-служба Вярхоўнага суда. Такое рашэнне прынята ў адказ на пазовы ад МНС.
Напрыканцы верасня ўлады закрылі 8 прыватных школ і прыпынілі дзейнасць яшчэ 12 недзяржаўных навучальных устаноў. У іх навучаліся каля 500 чалавек, палову з якіх перавялі ў дзяржаўныя.
«Калі ўлада, у сваёй ірацыянальнай нянавісці да ўсіх форм прадпрымальніцтва, гатовая ахвяраваць інтарэсамі такіх дзяцей і іх бацькоў — ну, што ж... Дзеці вырастуць. Бацькі не забудуць», — так на ўмовах ананімнасці пракаментаваў нам настаўнік адной з закрытых школ тое, што адбываецца.
 Па ўсёй краіне знішчаецца любая магчымасць атрымаць якасную адукацыю. За «пазіцыю» звальняюць настаўнікаў і выкладчыкаў, закрываюць прыватныя школы і школы, дзе навучанне вядзецца на замежных мовах. Нядаўна ў Гродне была ліквідаваная «Польска Мацеж Школьна» — адна з найбуйнейшых грамадскіх школ Польшчы ў свеце.
Крымінальную справу завялі на дырэктарку прыватнай школы «Смарт Скул» пасля выступлення Лукашэнкі, падставай для якога стаў інцыдэнт паміж навучэнцамі гэтай школы. Ён запатрабаваў «зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі».

Між тым, як заявіла спікерка Савета Рэспублікі Наталля Качанава падчас прыёму грамадзян, уладзе ў дачыненні да моладзі і адукацыі трэба было дзейнічаць яшчэ больш жорстка.