Дзмітрый Лаеўскі: Гэта самая вялікая аперацыя па ліквідацыі НКА, якія складаюцца з адвакатаў
Юрыст пракаментаваў апошнія палітычныя падзеі.
«Сёння, як і ў мінулыя дні, у навінавых медыя з'явіліся паведамленні аб распачатай дзяржаўнымі органамі ліквідацыі цэлага шэрагу некамерцыйных арганізацый — асветніцкіх, праваабарончых, культурных і іншых.
Дзясяткі ўсё новых і новых некамерцыйных арганізацый папаўняюць спіс трапіўшых пад ліквідацыю.
Дык вось, дадайце ў гэтыя спісы яшчэ 94 некамерцыйныя арганізацыі, а менавіта — 94 адвакацкіх бюро (іх засталося столькі па стане на 1 ліпеня), таму што 29 мая 2021 года апублікаваны закон аб змяненні заканадаўства аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці, згодна з якім на працягу 5 месяцаў адвакацкія бюро падлягаюць ліквідацыі, а такая форма адвакацкай дзейнасці, нязручная недастатковай падкантрольнасцю Мінюсту — выключаецца з заканадаўства. Пярэчанняў кіраўніцтва адвакатуры і калегій, якія абавязаны адстойваць інтарэсы адвакатаў, супраць такога "рэфармавання" не было. А мяне 2021/04/08 за публічныя пярэчанні супраць змены закона падвергнулі дысцыплінарнай адказнасці.
Магчыма, гэта была самая вялікая "тэматычная" аперацыя па ліквідацыі некамерцыйных арганізацый, якія складаюцца з адвакатаў. А горад падумаў - вучэнні ідуць» — піша юрыст у сваім блогу.