Дзяніс Івашын у карцары сустрэўся з адвакаткай. Маці палітвязня назвала абыходжанне з ім катаваннем

Палітычнаму зняволенаму Дзянісу Івашыну ў СІЗА далі 7 дзён карцару. Там вельмі холадна.

a4eee802_8c1a_4baa_aad8_760c8a5db2dc_w1023_r1_s.webp

Адвакатка журналіста Дзяніса Івашына 3 траўня наведала яго ў карцары гродзенскай турмы №1, паведамляе «Свабода» са спасылкай на «БелаПАН».

Адвакатка распавяла, што ў камеры вельмі холадна. Вызваліць Дзяніса Івашына з карцара павінны ў чацвер а 17-й гадзіне. Яму далі 7 сутак карцару па нейкіх бытавых прычынах.

«Я лічу, што гэта катаванні, і на гэта трэба рэагаваць», — кажа маці палітвязня Людміла Івашына.

На пытанне, як Дзяніс сябе адчувае, яна паведаміла, што ў яго нармальны настрой, ён разумее сітуацыю. Пры гэтым яна падкрэсліла, што з яе сынам ніякіх следчых дзеянняў не вядзецца.

«Абсалютна нічога не робіцца, яго проста пазбавілі волі з мэтай, каб ён нічога не пісаў і не даносіў людзям праўду, як я гэта разумею», — адзначыла маці палітвязня.

Дзяніса Івашына затрымалі ўвечары 12 сакавіка ў яго гродзенскай кватэры і змясцілі ў следчы ізалятар. У той жа дзень сілавікі правялі ператрусы ў кватэры журналіста, дома ў маці Івашына, а 15 сакавіка адбыўся ператрус у яго 95-гадовай бабулі.

Івашына папярэдне арыштавалі на 2 месяцы. 19 сакавіка яму прад’явілі абвінавачанне па арт. 365 Крымінальнага кодэкса «Уздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам абвяшчэння звестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы».

Беларускія праваабаронцы адзначаюць, што журналісцкія расследаванні Івашына, а менавіта падрыхтоўка серыі публікацый аб праходжанні службы былых супрацоўнікаў спецыяльнага падраздзялення ўкраінскай міліцыі «Беркут» у складзе беларускага АМАПа, пераследавалі легітымную мэту давядзення да ведама людзей інфармацыі, якая прадстаўляе сацыяльную значнасць. Інфармацыя для правядзення расследавання бралася з адкрытых крыніц.