Дзяржсаннагляд праверыў дзіцячыя садкі Гомельскай вобласці, аштрафаваныя 339 службовых асоб
Спецыялісты Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (ГАЦГЭіГЗ) праверылі выкананне санітарных норм і правілаў пры арганізацыі харчавання выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі.
Як паведамляе ГАЦГЭіГЗ, праверана 457 устаноў дашкольнай адукацыі. Парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства выяўленыя больш чым на 68 % аб'ектаў. Асноўную долю склалі парушэнні санітарна-супрацьэпідэмічнага рэжыму работы харчаблокаў, у тым ліку невыкананне рэжымаў прыбірання памяшканняў, невыкананне правілаў асабістай гігіены работнікамі, нядобрасумленнае (фармальнае) стаўленне да вядзення дакументацыі па кантролі за харчаваннем, несвоечасовае праходжанне работнікамі медыцынскіх аглядаў.
Падчас праверак за парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства пры арганізацыі харчавання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі дзяржсаннаглядам вобласці аштрафована 339 службовых асоб на 310 млн. рублёў.
Вынесена 12 прадпісанняў аб забароне рэалізацыі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў па прычынах адсутнасці дакументаў, якія сведчаць якасць і бяспеку, заканчэння тэрміну прыгоднасці, невыканання тэмпературы захоўвання.
У сувязі з нездавальняючым санітарным станам харчаблокаў дзяржсаннаглядам вынесена 11 прадпісанняў для правядзення пазачарговай генеральнай прыборкі.
Алена Германовіч, БелаПАН.