Дэпартаваным, закатаваным, расстраляным беларусам прысвячаецца (фотарэпартаж)
9 красавіка ў Курапатах грамадсткія актывісты ўсталявалі шыльду ў памяць рэпрэсаваных жыхароў Заходняй Беларусі.
Памятную шыльду прымацавалі на крыж, які пастаўлены на ўчастку ўрочышча Курапатаў, дзе нашчадкі закатаваных сталіністамі польскіх грамадзян традыцыйна ўшаноўваюць сваіх продкаў.
Гэтае месца, дзе стаяць крыжы з польскімі шыльдачкамі, аздобленыя чырвона-белымі стужкамі, мае сімвалічнае значэнне, бо дакладна сцвярджаць, што менавіта тут пахаваныя польскія грамадзяне, нельга — няма дакументаў.
“У красавіку 1940 года пачаліся масавыя расстрэлы палонных польскіх афіцэраў. 13 красавіка адбылася другая па маштабнасці дэпартацыя жыхароў Заходняй Беларусі: больш за 35 тысяч чалавек, пераважна жонак і дзяцей афіцэраў польскага войска, сярод якіх было шмат беларусаў, было выслана ў Сібір і Казахстан, Архангельскую вобласць. Мы вырашылі прымеркаваць усталяванне шыльды ў памяць пра закатаваных, расстраляных і дэпартаваных жыхароў Заходняй Беларусі да гэтай сумнай гадавіны”, — распавёў гісторык Ігар Кузняцоў.
Агулам колькасць дэпартаваных жыхароў Заходняй Беларусі ў аддаленыя раёны СССР з 1939 па 1941 год складае каля 240 тысяч чалавек. Можна казаць пра тое, што аб’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі палітае чалавечымі слязьмі і крывёй. Рэпрэсавалі практычна ўсіх, хто быў на польскай дзяржслужбе да аб’яднання Беларусі, бо яны лічыліся ненадзейнымі для савецкай улады.
Арганізатары мерапрыемства (Ганна Шапуцька, ініцыятыва “За ўратаванне Курапатаў”, Зінаіда Тарасевіч, ГА “Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій”, прадстаўнікі таварыства “Мемарыял”) адзначалі, што дзяржава пакуль нічога не зрабіла для ўвекавечвання памяці пра тыя трагічныя падзеі.
Прысутныя ўсклалі кветкі да крыжа з шыльдай, запалілі знічы, ушанавалі памяць загінулых ад сталінскага тэрору хвілінай маўчання, праспявалі “Магутны Божа”. Святар БАПЦ Леанід Акаловіч асвяціў крыж і прачытаў малітву ў памяць ахвяраў Курапатаў.