#ДАДАЙМОЦЫ — прымай чэлендж, рабі цуд для грамадскіх праектаў
Кіраўнік «Арт Сядзібы» Алесь Снег распачаў чэлендж #ДАДАЙМОЦЫ, сэнс якога падтрымаць крутыя беларускія ініцыятывы, праекты, арганізацыі.
Правілы простыя: трэба падтрымаць тры грамадскія арганізацыі (ініцыятывы, праекты) і перадаць эстафету тром людзям. Яны мусяць зрабіць так жа.
Алесь Снег перакананы, што ў грамадства атрымаецца і надалей рабіць паспяховыя праекты, калі беларусы і беларускі будуць падтрымліваць іх у гэтым. Фінансавая падтрымка ад сваіх жа грамадзян натхняе на шматлікія перамогі. Гэты чэлендж накіраваны паказаць, што падтрымліваць беларускія праекты і арганізацыі мусіць стаць натуральным для кожнага і кожнай.
Да акцыі далучылася паэтка Даша Бялькевіч, якая падтрымала ИМЕНА, Беларуска-рускi слоўнiк для дашкольнікаў i 1 класа і "Арт Сядзібу".
Прадпрымальнік і грамадскі дзеяч Павел Белавус падтрымаў праекты “Картаграфія ВКЛ”, стварэнне мультфільма "Вожыкавая палянка" з мнеманічнымі вершыкамі і выпуск беларуска-рускага слоўнiка-размалёўкі. Эстафету Павел перадаў Мікіту Броўку, Францішку Вячорку і Алесю Зарэмбюку.
Арт-менеджарка і дырэктарка гурта Разбітае Сэрца Пацана Наста Доль падтрымала Lawtrend, Офис европейской экспертизы и коммуникаций, Human Constanta.
Вы таксама можаце далучыцца да чэленджа. Проста знайдзіце тры праекты, якія вы падтрымаеце, і перадайце эстафету далей.
"Разам мы зможам зрабіць цуд на святы многім грамадскім праектам у Беларусі", — сцвярджае ініцыятар чэленджа Алесь Снег.