Чырвонае віно, гарэлка і ёд у таблетках супраць радыяцыі. Міфы, народжаныя Чарнобыльскай катастрофай
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС стала выдатнай глебай для распаўсюджвання разнастайных міфаў. Некаторыя іх утварыліся праз рамантызацыю таемнасці і містыкі зоны адчужэння, другія — з ілжы савецкіх уладаў, трэція — ад канспіралагічных тэорый, што прыжыліся ў грамадстве. З нагоды 38-й гадавіны катастрофы згадаем некалькі з іх.
Аварыя на АЭС уплывае на шчытападобную залозу і ў нашыя дні
Выбух на атамнай электрастанцыі нанёс сакрушальны ўдар па здароўю людзей — асабліва пацярпелі дзеці, ліквідатары наступстваў і тыя, хто жыў у забруджаных раёнах. Значная частка насельніцтва Украіны і Беларусі зазнала ўздзеянне радыеактыўнага ізатопу ёд-131, вядомага як радыеёд. Праз недахоп рэчыва, іх шчытападобная залоза паглынала надзвычай атрутны ёд з паветра і ежы, што выклікала глабальную праблему развіцця паталогіі дадзенага органа.
Асабліва небяспечны радыеактыўны ізатоп ёду для дзяцей, паколькі іх шчытападобная залоза нашмат меншая, чым у дарослага чалавека. У залежнасці ад узросту дзіцяці, маса можа складаць ад 1,7 г і да 7 г, калі як у дарослага чалавека — каля 20 грам. Яшчэ адна асаблівасць заключаецца ў тым, што радыяцыйнае пашкоджанне шчытападобнай залозы можа доўгі час знаходзіцца ва ўтоеным стане і праявіцца толькі пры інтаксікацыі, захворванні або ў перыяд палавога паспявання.г
Тым не менш, чуткі пра тое, што пухліны шчытападобнай залозы ў сучасных дзяцей утвараюцца праз чарнобыльскі ёд, з’яўляюцца міфам. Першая фаза распаду ізатопу наступае праз 7 дзён, цалкам ёд-131 распаўся праз два месяцы пасля катастрофы. Такім чынам, у групу рызыкі патрапілі толькі дзеці, якія нарадзіліся да траўня і чэрвеня 1986 года.
Лекі ад выпраменьвання — чырвонае віно і гарэлка!
Гэты шалёны і адначасова жудасны міф з'явіўся ў першыя дні пасля катастрофы нібыта ад імя аўтарытэтных лекараў, а калі пра яго стала вядома, распаўсюдзіўся па ўсім Савецкім саюзе — прымяняць яго сталі для «прафілактыкі».
Магічнае ўздзеянне ацалення тлумачылася наяўнасцю ў складзе чырвонага віна вітаміну В3, эфектыўнага для аднаўлення пашкоджанняў тканін. Як вядома, алкаголь можа паменшыць пачуццё страху і панікі на непрацяглы час, а таксама адцягнуць ад псіхічнага напружання, што не мае ніякай сувязі з барацьбой з радыенуклідамі.
Чырвонае віно і гарэлка ніякім чынам не з'яўляюцца лекамі супраць прамянёвай хваробы. Пры яго прыняцці прытупляецца ўспрыманне і любы вонкавы стрэсавы фактар мае меней згубнае ўздзеянне на арганізм, чым калі б гэта было ў стане поўнай цвярозасці. Больш за тое, перадазіроўка багатая хутчэй зваротным эфектам: арганізм успрымальны і да радыяцыі, і да інфекцый.
Украінскі хімік-таксіколаг Уладзімір Саркісян тлумачыць рэальны давер савецкіх людзей да гэтай практыкі дрэннай адукаванасцю і жаданнем верыць у будзь-які спосаб лячэння прамянёвай хваробы, у той час як такіх лекаў не існуе і цяпер, не кажучы пра медыцыну СССР.
«Савецкая публіка была ў асноўным малаадукаваная, не прывучана да самастойнага пошуку інфармацыі і яе аналізу. А гэта спараджала процьму легенд — і пра асаблівую радыяцыю ў падводных лодках, і пра лячэбны эфект чырвонага віна, і пра "крамлёўскую таблетку", якую нібыта давалі правадырам ад усіх смерцяў. Нарэшце, алкаголь з'яўляецца старым спадарожнікам чалавека. Чалавецтва не вымерла, рэгулярна ўжываючы віно, чаму б яго і не лічыць цудадзейным лекам», — расказвае Саркісян у інтэрв’ю РБК-Украіна.
Радыяцыйнае забруджванне можна ідэнтыфікаваць па металічнаму прысмаку на зубах
Не, насамрэч іанізацыю малекул, якая суправаджаецца характэрным пахам азону і прысмакам жалеза ў роце, выклікае толькі крытычны ўзровень радыяцыі. Фізічныя асаблівасці чалавека не здатныя выявіць нават высокую канцэнтрацыю радыенуклілаў у прасторы, не кажучы пра мінімальнае забруджванне. Меншая за крытычную, але ўсё роўна небяспечная для чалавечага здароўя інтэнсіўнасць радыяцыі не мае ні паху, ні густу, а вызначыць яе магчыма толькі з дапамогай дазіметра.
Такім чынам, адчуванне паху азону і металічнага прысмаку ў роце гарантуе факт, што чалавек знаходзіцца пад уздзеяннем надзвычай моцнага радыяцыйнага выпраменьвання, які пакіне след на яго здароўі.
Ёд у таблетках — абарона ад радыяцыі
У адрозненне ад віна і гарэлкі ёд сапраўды з’яўляецца адным з найгалоўнейшых пазіцый у аптэчцы на выпадак радыяцыйнага забруджвання.
Загадзя запоўніўшы залозу «добрым» ёдам, можна паменшыць уздзеянне радыеактыўнага ізатопу і «абараніць» тканіны ад назапашвання крыніцы радыяцыі. Аднак не варта забываць, што перыяд распаду ёду-131 доўжыцца ўсяго 8 дзён, таму гэты метад не з'яўляецца доўгатэрміновым. Да таго ж, калі прыняць таблетку занадта рана ці занадта позна, яе ахоўны эфект зменшыцца.
І, галоўнае, ёд абараняе толькі шчытападобную залозу і не дзейнічае на іншыя органы. Такім чынам, увесь астатні арганізм працягвае пакутаваць ад радыяцыі.