Чыноўнікі супраць школы: Як дзеляць адказнасць за смерць вучаніцы «на бульбе»
«Не хачу, каб пакаралі толькі настаўнікаў і кіроўцу. Хачу, каб згодна з законам», — са слоў бацькі загінулай «на бульбе» васьмікласніцы Вікторыі, Алега Папчэні пачынаецца суд.
На пасяджэнне ён прыходзіць разам з жонкай Юліяй. Бацькі вельмі моцна перажываюць, час ад часу яны ледзь стрымліваюцца, каб не заплакаць. Суд разглядае іск бацькі да калгаса, дзе загінула школьніца, каб прызналі факт існавання працоўных адносін.
Навошта патрэбны гэты суд
Калі рашэнне суддзі будзе станоўчым, прызнаюць, што дзяўчынка менавіта працавала на полі, бацькам выплацяць кампенсацыю. Суд раскрывае падрабязнасці справы і дазваляе ўбачыць, як спрацавала сістэма адукацыі і чаму васьмікласнікі наогул паехалі прыбіраць бульбу ў абыход заканадаўства. Пакуль гэта толькі грамадзянскі працэс, суд па крымінальнай справе з нагоды смерці дзяўчынкі яшчэ наперадзе.
Хто накіраваў васьмікласнікаў «на бульбу»
Спачатку гаспадарка папрасіла дапамогі ў райвыканкама. Кіраўніцтва раёна распарадзілася дапамагчы. Чыноўнікі ад адукацыі, у сваю чаргу, пераклалі гэта на школы па уласнай ініцыятыве.
«Аддзел адукацыі даслаў на адрас устаноў адукацыі ліст, дзе было рэкамендавана накіраваць супрацоўнікаў ці навучэнцаў (толькі дзясяты клас) на ўборку бульбы ў гаспадарку», — адказвае на судзе прадстаўніца аддзела адукацыі маладзечанскага райвыканкама Кацярына Трот.
Чыноўніца называе рэкамендацыяй ліст з фармулёўкай «неабходна накіраваць». Такі дакумент тагачаснае кіраўніцтва школы прыняло за загад, які трэба выканаць «кроў з носу».
28 верасня, за дзень да трагедыі, тагачасная выканаўца абавязкаў дырэктара школы Галіна Пішчык даведваецца пра ліст з аддзела адукацыі.
«Калі гэта распараджэнне, то яно сінанімічнае загаду. Для мяне гэта абавязкова для выканання. Алгарытм дзеяння мне ніхто не сказаў, я аддала гэта намесніку па выхаваўчай працы», — кажа на судзе Галіна Пішчык.
Намеснік па выхаваўчай працы Дзяніс Курэц спачатку сапраўды хацеў адправіць на поле дзесяцікласнікаў, як рэкамендавалі чыноўнікі. Але з-за падрыхтоўкі да Дня самакіравання старшакласнікаў не хапіла. Таму на поле паехалі вучні восьмага класа, пяцёра з дзясятага класа і чацвёра з адзінаццатага. Загаду на гэта яшчэ не было, ён быў падпісаны Галінай Пішчык ужо пасля трагедыі. Па яе словах, яна нават не глядзела гэты загад.
Як адбылася трагедыя
Грузавік збіў 13-ці гадовую Вікторыю Папчэню ўжо пасля заканчэння працы. Вучням дазволілі ўзяць па вядры бульбы з сабой і на час здарэння яны ўжо вярталіся назад праз поле. За школьнікамі сачылі два педагогі: Ірына Апанасевіч і Вольга Завадская. З боку гаспадаркі ніякага нагляду не было.
«Навучэнцам я заданні не даваў, даваў прадстаўнікам груп. Прыехалі ад аддзела адукацыі, я думаў, гэта нейкія практыканты. На слкад групы я не звяртаў увагу», — тлумачыць брыгадзір гаспадаркі, дзе працавалі школьнікі.
Атрымліваецца, што кіраўніцтва гаспадаркі наогул не ведала, што на поле прыедуць працаваць школьнікі?
Хто адкажа за смерць дзяўчынкі
На сёння крымінальная справа па факце ДТЗ распачатая ў дачыненні да кіроўцы МАЗа Паўла. З гаспадаркі яго не звальнялі, ён не пад вартай. Яшчэ адну справу завялі на педагогаў, якія суправаджалі школьнікаў «на бульбе». Гэты крымінальны артыкул прадугледжвае пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі на тры гады.
Галіну Пішчык і Дзяніса Курца звольнілі з пасадаў намеснікаў дырэктара школы, цяпер яны звычайныя педагогі. Дырэктар школы Аляксандр Люльковіч атрымаў вымову. Чыноўнікаў з аддзела адукацыі, якія накіравалі нібыта «рэкамендацыю» ехаць «на бульбу» з пасадаў не здымалі, крымінальных спраў на іх не заводзілі. Але, як мінімум, яны аслухаліся папярэджання Мінадукацыі «не займаць школьнікаў сельскагаспадарчымі працамі», якое атрымалі чыноўнікі ў раёнах яшчэ ў красавіку.
Праца ці «выхаваўчы працэс»
Прадстаўнікі школы на судзе імкнуцца давесці, што ўборка бульбы была «выхаваўчым працэсам» у межах акцыі «дапамажы сабраць ураджай». Чыноўнікі з адзела адукацыі і Мінаблвыканкама гэта абвяргаюць. Кіраўнікі ад адукацыі па вобласці «рэкамендуюць прызнаць выпадак вытворчым, бо гэта не быў вучэбны працэс». А гэта якраз тое, чаго дамагаецца ў судзе бацька загінулай дзяўчынкі разам з юрыстамі ад прафсаюза РЭП.
«Узнікае парадаксальная сітуацыя, дзе ўладная вертыкаль падзялілася на некалькі пазіцый: школа і чыноўнікі ад адукацыі», — падводзіць рысу Андрэй Стрыжак, супрацоўнік прафсаюза РЭП, які прадстаўляе на судзе інтарэсы Алега Папчэні, бацькі загінулай васьмікласніцы.
Суд працягнецца 6 снежня, калі суддзя атрымае дакументы адмысловай праверкі упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама з нагоды інцыдэнта.
Паводле euroradio.fm